Беларусь адзначыла Дзень моладзі — свята юнацтва і актыўнасці, энергіі і задору, творчасці і натхнення, кахання і рамантыкі. Хоць па традыцыі адзначаўся ён у апошнюю чэрвеньскую нядзелю, адным днём святкаванне не абмежавалася і пачалося загадзя па чарзе ва ўсіх рэгіёнах. Галоўнай святочнай падзеяй стаў Фестываль маладзёжных субкультур “Мінск — сталіца моладзі”, які сабраў каля Палаца спорту тысячы маладых людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі і блізкага замежжа.
Такі фестываль зараджаў энергіяй Мінск і ўсю краіну другі год запар. Галоўнай просьбай ад удзельнікаў быў карт-бланш, значыць, свята для сябе яны ладзілі самі і так, як хочуць яны. Іх усіх аб’ядноўвае маладосць (хоць гэтае паняцце адноснае) і прыхільнасць да пэўнага нефармальнага маладзёжнага руху — танцы, чырлідынг, графіці ці нешта такое, чаму назву могуць даць толькі яны.
Фестываль адкрыўся конкурсам “Агонь танца”. І масла ў гэты агонь шчодра лінулі сорак лепшых сталічных калектываў, якія вялі на сцэне гарачую барацьбу ў намінацыях “Шоу-праграма”, “Брэйк”, “Стрыт- дэнс”, “Спартыўная лаціна” і “Усходні танец”.
Яшчэ больш эмоцыі накаліліся на ролернай пляцоўцы, дзе ў барацьбу ўступілі больш за 40 спартсменаў. Тут ладзіліся спаборніцтвы ў Беларускай слаламнай серыі, якая праходзіць як этап Сусветнай слаламнай серыі-2015. Хоць сапернікаў на гэты раз у беларусаў было мала (толькі ўкраінцы і расіяне), прыйшлося нялёгка.
“Расія лідзіруе не толькі сярод краін СНД, але і сярод усёй міжнароднай слаламнай грамадскасці, — гаворыць Святлана Кушнярова, старшыня Мінскай федэрацыі ролерспорту. — Расіяне вельмі палюбілі гэты від спорту, ім займаюцца многія, ёсць трэнерскія школы, пра што нам пакуль і гаварыць не прыходзіцца. Акрамя таго, 4 гады назад Расійская Федэрацыя афіцыйна прызнала слалам відам спорту. Мы ж пакуль усяго толькі аматары, і сур’ёзна ў нас ім займаюцца толькі каля 20 чалавек па ўсёй краіне”.
Таму перамагчы ў такіх сур’ёзных сапернікаў асабліва ганарова. Сярод пераможцаў аказалася віцяблянка Святлана Сцяпанава. Дзяўчына расказала, што яшчэ на лекцыі ва ўніверсітэт ездзіла на роліках, а апошнія тры гады на іх дабіраецца на работу — у стаматалагічную клініку. Летась дзяўчына была на міжнародных спаборніцтвах у Парыжы і ў Маскве, але вышэй чым на 4 месца ў хуткасным слаламе не падымалася. Сёлета ёй у гэтай дысцыпліне скарылася “золата”.
А на пляцоўцы карфбола сабраліся прадстаўнікі даволі шматлікай арміі. Пра тое, што гэтая гульня крочыць па Беларусі гіганцкімі крокамі, заваёўваючы шмат увагі моладзі, расказаў Сяргей Аляксееў, дырэктар Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа і старшыня маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя корф-бола”: “Часта школьнікі не ідуць у спорт, бо баяцца няўдач. У карфболе ж усё проста, і асвойваць яго можна нават з першых дашкольных груп. Мы ўжо правялі 6 першынстваў і 4 чэмпіянаты Рэспублікі Беларусь, у нас падрыхтаваны 11 майстроў спорту, на Кубку свету двойчы нашы школьнікі заваёўвалі кубкі Fair Play. За пяць гадоў карфбол знайшоў мноства прыхільнікаў ва ўсіх рэгіёнах”.
Ды і за выхадныя прыбавілася яго аматараў — пляцоўка не пуставала ні хвіліны, і для многіх гасцей фестывалю гэты матч быў першым. Сваіх прыхільнікаў і, магчыма, прадаўжальнікаў знайшлі і гаспадары іншых тэматычных пляцовак. Велаэкстрэмалы адточвалі баланс і мастацтва валодання веласіпедам. Велатрыялісты разразалі прастору, узлятаючы над трамплінамі, рампамі і нават над гледачамі, якія рызыкнулі аказацца ў полі скачка. Майстар-клас па трукавым майстэрстве з мячом для ўсіх жадаючых правялі футбольныя фрыстайлісты. Пляцоўка “Вела. Скейт. Стрыт” аб’яднала веласіпедыстаў, скейтбардыстаў і стрытбалістаў. Папулярная напольная гульня “Мегатвістар” дапамагала гульцам павучыцца ў літаральным сэнсе выпаўзаць са складаных сітуацый.
Калі гэтыя кірункі былі больш-менш вядомыя для публікі, то іншыя патрабавалі ад вядучых тлумачэння. Толькі пасля гэтага госці фестывалю зразумелі, напрыклад, што фота, якія яны толькі што зрабілі з героямі “Зорных войнаў” ці “Уладара пярсцёнкаў”, не выпадковая ўдача — фотасесія і была ідэяй пляцоўкі “Касплэй”.
“Касплэй у перакладзе з японскай мовы —“касцюміраваная гульня”, — тлумачыць студэнтка БДЭУ Наталля Андрэйчык у вобразе кіношнага Файбарта. — Многія дзеці хочуць убачыць персанажа свайго любімага фільма, мультфільма, відэагульні, коміксаў, легенд, міфаў. Мы, пераўвасабляючыся ў іх, даём гэтую магчымасць іх прыхільнікам. За апошнія гады касплэй і анімэ набылі вялікую папулярнасць у свеце. У гэтыя святочныя дні мы прадстаўляем толькі адзін з кірункаў — выставу фотаработ”.
А тых, каму захацелася і самому пераўвасобіцца, запрашалі на пляцоўку “Аквагрым”. За святочны фэйс-арт на фестывалі адказвалі мастакі-мімы з творчай студыі “MiM-BSU”. А калі ўсё ж фарбаў толькі на твары не хапала, дабаўлялі з лішкам паядынкі фарбаў холі. Выбухі каляровай пудры, якія сталі водгаласам індуісцкага фестывалю вясны, павесялілі і тых, хто адважыўся зайсці на арыгінальную пляцоўку, і тых, хто сустрэўся з гэтымі смельчакамі потым у транспарце ці на вуліцы.
Вечарам фэст прадоўжыла маладзёжная эстафета “Калейдаскоп гумару”, у якой сваё майстэрства гумарыстычнай імправізацыі на сцэне прадэманстравалі пачынаючыя комікі, каманды КВЗ. Завяршыла вечар “Бітва на Нямізе”, у якой сышліся лепшыя дыджэі сталіцы. Музычны сэт дыджэяў уключыў як аўтарскія міксы на папулярныя мелодыі, так і перапрацаваныя кампазіцыі на маладзёжную тэматыку.
Пераможцы ўсіх гэтых блокаў — лепшыя танцоры, самыя таленавітыя гумарысты, каралі і каралевы танцпляцоўкі — ужо зусім хутка адправяцца прадстаўляць Мінск на Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Гэтая прапанова Саюза моладзі, прызнаюцца ўдзельнікі фестывалю, дасць магчымасць выйсці ім на новы ўзровень. Бо каб трапіць на вялікую сцэну самастойна, трэба прайсці з дзясятак конкурсаў.
Пазнаёміўшыся бліжэй адно з адным падчас фестывалю, прадстаўнікі субкультур дамовіліся ў будучым, у тым ліку на працягу гэтага года, сустракацца часцей. Як ні круці, Год моладзі. А наш год — наш фармат!
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.