Наш мінчанін года

- 11:03Людзі адукацыі

Майстар вытворчага навучання Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва нацыянальны эксперт WorldSkills Дзмітрый Віктаравіч Расцюшэўскі за высокія дасягненні ў працы, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Мінска атрымаў высокае званне “Мінчанін года”.

Сказаць, што Дзмітрый Віктаравіч Расцюшэўскі — вядомы чалавек у прафесійнай адукацыі, гэта амаль нічога не сказаць. Дзе ён — там заўсёды перамога, фурор, пазітыў, радасць і адчуванне таго, што мары, аказваецца, збываюцца. Дзмітрый Віктаравіч прыносіць такія пачуцці сваім выхаванцам, звычайным на першы погляд хлопцам, у якіх менавіта ён умее разгледзець непрыкметнае для іншых вачэй, але такое каштоўнае, такое важнае ў жыцці кожнага з іх. Многія з яго выхаванцаў праславілі свой ліцэй і свайго майстра ў горадзе, краіне і нават на іншых кантынентах. Па сутнасці, ніводнае спаборніцтва прафесійнага майстэрства не праходзіць без таго, каб у ліку пераможцаў не прагучалі прозвішчы навучэнцаў Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва і яго майстра Дзмітрыя Віктаравіча Расцюшэўскага.

А як выгадаваць пераможцу? Дзмітрый Віктаравіч ніколі не задаваўся такім пытаннем і ніколі не ведаў рэцэпта. Для яго жаданне быць першым — гэта не самамэта, гэта хутчэй адзін са складнікаў характару, які ў сваю чаргу фарміруецца на аснове прафесійнага станаўлення. Якраз-такі прафесійны рост стварае той самы стрыжань у чалавеку, які дазваляе яму моцна стаяць на нагах у далейшым і паспяхова будаваць сваю прафесійную кар’еру. Можа, усё гэта гучыць высакамоўна, але скептыкам прыйдзецца змірыцца. Дзмітрый Віктаравіч многія свае жыццёвыя і прафесійныя высновы зрабіў аксіёмай. А як жа інакш патлумачыць тое, што яго былыя выхаванцы — паспяховыя ў жыцці, майстры сваёй справы і сапраўдныя людзі.

Калі Дзмітрый Віктаравіч толькі прыйшоў працаваць у Мінскі прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва, Інеса Леанідаўна Кузьміна, дырэктар установы, адразу ўбачыла ў ім захопленага чалавека з харызмай, адказнасцю, творчым падыходам да справы і нейкім асаблівым стаўленнем да падлеткаў. Гэта былі не толькі любоў, павага, а таксама саўдзел у іх жыцці, імкненне даць сваім выхаванцам як мага больш з таго, што ведае і ўмее ён сам. Напэўна, гэтыя якасці перадаліся Дзмітрыю Віктаравічу ад продкаў. Педагагічная дынастыя яго сям’і бярэ пачатак з дзядулі, які працаваў дырэктарам школы.

Інеса Леанідаўна палічыла мэтазгодным стварыць усе ўмовы, каб педагагічны талент Дзмітрыя Віктаравіча і ўсяго калектыву паспяхова развіваўся. Не будзе перабольшаннем сказаць, што сёння знакамітая “пяцёрка” (так ласкава называюць у педагагічным асяроддзі ліцэй № 5) — адна з лепшых устаноў прафесійнай адукацыі ў краіне, з’яўляецца прадукцыйнай пляцоўкай WorldSkills, дзе рыхтуюць пераможцаў, сярод якіх і выхаванцы Дзмітрыя Віктаравіча.

У ліцэі створана сучасная, высокатэхналагічная вучэбна-матэрыяльная база. З улікам міжнародных тэндэнцый абнаўляецца змест вучэбных праграм. Каб быць у курсе інавацый, педагогі пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень. Дзмітрый Віктаравіч таксама ўкараняе ў вучэбны працэс новыя педагагічныя і вытворчыя тэхналогіі, удасканальвае методыку падрыхтоўкі спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Ён пастаянна вучыўся і вучыцца. І да гэтага прывучае сваіх выхаванцаў. На працягу некалькіх гадоў Дзмітрый Віктаравіч займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў да алімпіяд па працоўным навучанні, а потым аналізуе, хто як выступіў, наколькі паказаў цікавасць да спаборніцтва, і самых захопленых паступова прыцягвае да больш сур’ёзнай падрыхтоўкі. Такім чынам, праз конкурсны рух Дзмітрый Віктаравіч павышае прэстыж рабочых прафесій, ахоплівае ім усё новых і новых творчых і ініцыятыўных маладых людзей.

Майстар адзначае, што для засваення прафесій дрэваапрацоўкі навучэнец павінен валодаць спецыяльнымі ўменнямі, аналітычным мысленнем, выбудоўваць тэхналагічны працэс, мець эстэтычны густ, маляваць, чарціць, каб у выніку атрымаць не звычайны выраб, а сапраўдны шэдэўр.

Многія работы навучэнцаў і самога майстра былі прадстаўлены на конкурсах тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, удзельнічалі ў шматлікіх выставах. Дзмітрый Віктаравіч узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, мае шэраг ганаровых грамат, падзячных лістоў. І вось цяпер ён мінчанін года. Віншуем!

Ала КЛЮЙКО.