Наш “Млын моды” ў Мілане

З 19 па 21 верасня ў Мілане праходзіў Міжнародны конкурс маладых дызайнераў European Fashion Union, у якім прынялі ўдзел дызайнеры з 11 краін: Беларусі, Кітая, Італіі, Іспаніі, Францыі, Казахстана, Украіны, Расіі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі. Беларусь на ім прадстаўлялі пераможцы і прызёры Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” і мадэлі FashionStyleModels by Igor Ivanov Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Cваё па-дзіцячы гарэзлівае і прафесійна выверанае слова на галоўнай сцэне Мілана выказалі ў вобразах дызайнеры дзіцячых калекцый Ірына Іскрыцкая, Ульяна Вараб’ёва і Маргарыта Калістратава. Са­праўдным святам моды стала дэфіле калекцыі дызайнера жаночага адзення Ганны Краснер. Ёй, дарэчы, выпаў гонар завяршыць першы конкурсны дзень.

Дырэктар Нацыя­нальнага цэнтра ма­стацкай творчасці дзяцей і моладзі На­дзея Васільчанка прыняла ўдзел у прэс-канферэнцыі Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў European Fashion Union і выступіла членам журы.

Акрамя конкурсных паказаў, каманда “Млын моды” наведала з дзелавым візітам Istituto Marangoni — адну з вядучых навучальных устаноў свету ў галіне дызайну, дызайну адзен­ня, фатаграфіі, маркетынгу. З 2013 года ажыццяўляецца супрацоўніцтва паміж “Млынам моды” і Istituto Marangoni. Маладыя дызайнеры — студэнты з гэтай навучальнай установы — дэманстравалі свае калекцыі ў Мінску, а выкладчыкі ўваходзілі ў склад конкурснага журы.

European Fashion Union ужо стаў той пляцоўкай, якая аб’ядноўвае дызайнераў-пачаткоўцаў з усяго свету, падтрымлівае іх і дапамагае шу­каць новыя брэнды, а таксама становіцца зыходным пунктам для далейшага прафесійнага развіцця. Так, беларускія дызайнеры атрымалі ў Мілане запрашэнне прадставіць свае мадэлі на Міжнародным конкурсе маладых дызайнераў “Адміралцейскі шпіль” у Санкт-Пецярбургу і прыняць удзел у паказах у межах правядзення Шанхайскага тыдня моды ў Кітаі.

Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.