“Наш ураджай — у агульны каравай”

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Пад такім дэвізам у Гомелі прайшоў “Маладзёжны кірмаш”. На ім быў прадстаўлены шырокі выбар рознай сельскагаспадарчай прадукцыі, садавіны і агародніны, саджанцаў дрэў, а таксама кулінарных вырабаў. Добры настрой падтрымалі выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, а навучэнцы ліцэяў і каледжаў прадставілі прадукцыю ўласнай вытворчасці. 

Тым часам навучэнцы многіх устаноў Гомельшчыны працягваюць аказваць дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам па зборы апошняга ўраджаю садавіны. Напрыклад, больш як 30 тон яблыкаў сабралі першакурснікі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС у садах Гомельскага камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Брылёва”. Гэтае аграпрамысловае прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці садавіны і агародніны з частковай перапрацоўкай на ўласным кансервавым заводзе.

Плошча фруктовага саду ў ААТ “Ціхінічы”, што на Рагачоўшчыне, складае 124 га. Тут збіраць плады дапамагаюць школьнікі Ціхініцкай сярэдняй школы. Яблыкі, якія апалі, дзеці збіраюць для наступнай перапрацоўкі. Старэйшым школьнікам давяраюць здымаць плады непасрэдна з дрэў. На работу ў садзе падлеткі, якім споўнілася 14, запісваюцца самі, але напярэдадні атрымліваюць дазвол ад бацькоў. Пасля заканчэння заняткаў навучэнцы адпраўляюцца ў сад на аўтобусе гаспадаркі. Іх суправаджаюць настаўнікі. У школьнікаў ёсць добры стымул — магчымасць зарабіць грошы на кішэнныя расходы. Для школы такое супрацоўніцтва таксама плённае: на сталах у сталовай установы заўсёды ёсць свежая садавіна.

А вось навучэнцы Прудкоўскай базавай школы Светлагорскага раёна заклалі ля сваёй навучальнай установы яблыневы сад. У сярэдзіне кастрычніка першыя 18 саджанцаў упрыгожылі школьную тэрыторыю. Вясной плошчу пад пладовыя дрэвы плануюць павялічыць, а ўжо праз год-два чакаюць ураджай яблыкаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.