Наш вялікі ўтульны дом

- 12:52Сацыяльны ракурс
У панядзелак, 23 верасня, у Пінску быў адкрыты яшчэ адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу. Павіншаваць гаспадароў шыкоўнага дома, Уладзіміра Уладзіміравіча Таранку і Наталлю Валянцінаўну Міхайлаву-Таранка і іх васьмярых дзяцей, сабраліся прадстаўнікі ААТ “ААБ Беларусбанк”, мясцовай улады і прадпрыемстваў Пінска.

Аб’ём сродкаў, якія выдаткаваў Беларусбанк на будаўніцтва дома, склаў 2,32 млрд рублёў. Яшчэ 200 млн рублёў у абсталяванне дома ўкладзены за кошт мясцовага бюджэту. Гэта ўжо другі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Пінску, першы быў пабудаваны год назад, а побач з імі праз некаторы час з’явіцца яшчэ адзін.
Выступаючы падчас урачыстай цырымоніі, старшыня праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” С.П.Пісарык падкрэсліў, што для яго і калег сацыяльная адказнасць бізнесу не пустыя словы. “Для Беларусбанка гэта ўжо адзінаццаты такі дом, — адзначыў Сяргей Паўлавіч. — Зараз у адзінаццаці дзіцячых дамах сямейнага тыпу, пабудаваных пры падтрымцы Беларусбанка, выхоўваюцца 105 хлопчыкаў і дзяўчынак. У найбліжэйшы час мы пабудуем яшчэ чатыры такія дамы ў розных рэгіёнах краіны. І на гэтым не спынімся”.
Безумоўна, не абышлося і без спонсараў. Як падкрэсліў старшыня Пінскага гарвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Гордзіч, уручаючы гаспадару — Уладзіміру Уладзіміравічу Таранку — сімвалічны ключ ад дома, усе прадпрыемствы Пінска шчыра адгукнуліся і аказалі дапамогу ў будаўніцтве і аснашчэнні дома. Сярод іх Пінскае РСУ, Пінскі хлебазавод, Палессеагракамплект, Пінскі мясакамбінат, Усход-сэрвіс, Дземетра, фермерская гаспадарка “Кветкі Палесся”, Пінскдрэў і іншыя.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Яўген Міхайлавіч Мендзель, віншуючы навасёлаў, паабяцаў і далей аказваць падтрымку гэтай вялікай і дружнай сям’і. Сёння падтрымку прыёмным сем’ям аказваюць сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя службы горада і ўстаноў адукацыі.
Зараз у сям’і Таранка васьмёра дзяцей, трое з якіх свае: Дзмітрый, Маргарыта і Эмануіл (старэйшая дачка Кацярына ўжо дарослая і жыве асобна). “Атрымалася так, што два нашы пляменнікі, Генадзь і Кірыл, засталіся без апекі бацькоў, і мы не змаглі гэта пакінуць проста так, узялі апеку над імі, — расказала гаспадыня дзіцячага дома сямейнага тыпу Наталля Валянцінаўна Міхайлава-Таранка. — А потым нам спадабалася рабіць дзяцей шчаслівымі, патрэбнымі і карыснымі грамадству. Так узнікла ідэя стаць прыёмнымі бацькамі яшчэ для некалькіх дзяцей. Не так даўно ў нашу вялікую сям’ю ўліліся Дар’я і Аляксандра, а таксама самы малодшы, Яраслаў, якому яшчэ няма трох гадоў”.
“Мы апраўдаем ваш давер, захаваем у гэтым доме цяпло, радасць і ўтульнасць, выхаваем дастойных грамадзян нашай краіны. Васьмёра дзяцей для такога дома вельмі мала, і ў хуткім часе ў нашым вялікім і ўтульным доме загучаць новыя дзіцячыя галасы,” — запэўніла прысутных Наталля Валянцінаўна напрыканцы цырымоніі.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.