Наша будучыня, наша надзея

Урачыстае адкрыццё Рэспубліканскага злёту навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы, факультатыўныя заняткі) ваенна-патрыятычнага напрамку, прысвечанага 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прайшло ў нядзелю ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Штогадовае правядзенне злёту з’яўляецца адной з добрых традыцый супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Злёт сабраў тых, хто не абыякавы да мінулага, цяперашняга і будучыні сваёй Радзімы. 102 навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія адпачываюць у гэтыя дні ў Мінску, — сапраўдныя патрыёты. Яны годныя нашчадкі Перамогі, слаўных ваенных подзвігаў сваіх продкаў. Яны вераць у развіццё і росквіт краіны. Яны хочуць, каб свяціла яркае сонца і на роднай зямлі заўсёды быў мір. Падобных эпітэтаў і параўнанняў у гэты дзень гучала вялікая колькасць. І ўсе гэтыя словы — чыстая праўда, як і неба, якое ў хвіліны адкрыцця злёту было над купалам самай урачыстай залы галоўнага ваеннага музея краіны (залы Перамогі) чыстым, блакітным, мірным.

— Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення заўсёды было і застаецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны. Поспехі ў гэтай справе ў многім звязаны з актыўным супрацоўніцтвам двух міністэрстваў. У цесным узаемадзеянні праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў навучэнцаў уяўлення пра воінскую службу, воінскі абавязак, ваенна-прафесійную дзейнасць. Пройдзе час — і многія з вас будуць ваеннымі, абаронцамі Радзімы. Армейская служба стане сапраўднай школай выхавання і ўзмужнеласці. Яна будзе патрабаваць ад вас высокай арганізаванасці і самааддачы, загартуе вас духоўна і фізічна, навучыць пераадольваць цяжкасці, даражыць сяброўствам і таварыскасцю. А тыя, хто зробіць выбар на карысць грамадзянскай прафесіі, таксама з поспехам будуць рэалізоўваць якасці, сфарміраваныя на занятках у аб’яднаннях па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці, — прывітала ўдзельнікаў злёту ад імя Міністэрства адукацыі намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур.

Усе гэтыя якасці хлопцы і дзяўчаты змогуць паказаць падчас насычанай ваенна-спартыўнай і конкурснай праграмы, экскурсійна-адукацыйных і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Удзельнікаў злёту чакаюць конкурсы “Візітоўка каманды”, “Агляд строю і песні”, баявых лісткоў “Мужнасць, гонар і доблесць”, ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, канферэнцыя “І памятае свет уратаваны”, экскурсіі па адметных мясцінах сталіцы, у першую чаргу звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, наведванне воін-скіх часцей, цёплыя сустрэчы з ветэранамі. І першыя такія сустрэчы адбыліся падчас урачыстага адкрыцця злёту.

— Дарагія сябры, мне вельмі радасна бачыць вашы твары добрымі, прыгожымі, а погляды — накіраванымі ў будучыню. Вы і ёсць наша будучыня. Прыйдзе час — і кожны з вас на сваім полі дзейнасці будзе развіваць нашу дзяржаву. Вы — будучыя афіцэры, генералы, якія стануць на чале палкоў, злучэнняў. Вы — будучыня нашай арміі, і, упэўнены, будзеце сумленна выконваць свой абавязак. Я прайшоў вялікі жыццёвы шлях. Калі пачалася вайна, мне споўнілася 15 гадоў. Падчас акупацыі давялося бачыць усялякія бясчынствы, якія неслі фашысцкія салдаты, аднак дзякуючы мужнасці савецкіх людзей, вось такіх юнакоў і дзяўчат, якія стаяць у гэтым страі, мы заваявалі Перамогу. У вас ёсць усе магчымасці сябе выхоўваць, займацца адукацыяй і ўпэўнена глядзець у будучыню. Вы не губляеце дарэмна час, а час — гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Не губляйце яго, займайцеся, вучыцеся, — падзяліўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Сямёнавіч Шашкоў.

Падзякаваў за актыўнасць, работу па ўвекавечанні памяці пра загінуўшых салдат і ветэран Гермаген Кандрацьевіч Рубцоў. Дарэчы, тэма захавання памяці пра загінуўшых абаронцаў уздымалася кожным ганаровым госцем, гэтай справай якраз і займаюцца юныя ўдзельнікі злёту. Невыпадкова юных патрыётаў вітаў ад імя Міністэрства абароны начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл палкоўнік Сяргей Мікалаевіч Варановіч: “Сімвалічна, што злёт праводзіцца ў 100-ю гадавіну Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта свята ўсяго народа, паколькі армія з’яўляецца гарантам бяспекі нашай квітнеючай рэспублікі. Сімвалічна і тое, што злёт адкрываецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе захоўваецца памяць пра подзвіг народа. Мы займаемся пошукам няўлічаных воінскіх пахаванняў з мэтай устанаўлення імён загінуўшых і тых, хто прапаў без вестак. І вы — нашы надзейныя памочнікі ў гэтай адказнай і няпростай справе”.

Напрыканцы ўдзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да стэлы “Мінск — горад-герой”. Гэта была раніца першага насычанага дня злёту, які прадоўжыцца да 15 ліпеня. Больш падрабязна пра яго мерапрыемствы, пра тую справу, якую на карысць малой радзімы робяць юныя патрыёты, чытайце ў дадатку “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *