Наша бяспека — у нашых руках

- 12:01Нам пішуць

Кожны дзень у свеце, на жаль, здараецца мноства трагедый. Гінуць людзі, у тым ліку і дзеці, на дарогах, у пажарах, на вадаёмах. І часта па сваёй віне: парушаюць правілы бяспечных паводзін або проста іх не ведаюць. Абавязак дарослых — вучыць малодшае пакаленне, як правільна паводзіць сябе ў розных экстрэмальных сітуацыях, каб не здарылася бяды.

Таму і вырашалі мы, класныя кіраўнікі сярэдняй школы № 7 Смаргоні, В.І.Вайнілка, С.В.Лях, В.А.Савасцей, са сваімі вучнямі 6 “В”, 6 “Б” і 5 “Д” класаў наведаць Цэнтр бяспекі МНС, які знаходзіцца ў горадзе Лідзе Гродзенскай вобласці.

Дарога да Ліды была лёгкая і вясёлая, бо наперадзе чакала штосьці новае, невядомае. У цэнтры бяспекі нас ветліва сустрэлі інспектары сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Анастасія Алегаўна Грынюк і Алена Анатольеўна Горбач. І тут пачалося самае цікавае і пазнавальнае. Спачатку мы трапілі ў залу, у якой знаходзіцца “вуліца” з сапраўднай праезджай часткай, тратуарамі і святлафорамі. Яшчэ раз нагадалі інспектары і дарослым, і дзецям, як правільна паводзіць сябе на дарозе.

Наступны пакой цэнтра ўяўляе сабой лясную палянку з пянёчкамі. Як прыемна прысесці і адпачыць. А Анастасія Алегаўна Грынюк нагадала правілы паводзін у лесе, калі заблудзіліся. За час гульні-экскурсіі дзеці даведаліся многа новага: як дапамагчы людзям, якія трапілі ў бяду на вадаёмах, як правільна паводзіць сябе ў ліфце, калі той нечакана сапсаваўся, а таксама падчас пажару.

А самым запамінальным для ўсіх стаў задымлены цёмны пакой, праз які трэба было прайсці, арыентуючыся толькі па стрэлках.

У канцы экскурсіі дзеці змаглі праверыць свае веды па правілах бяспечных паводзін на электронных планшэтах.

Паездка ў Цэнтр бяспекі МНС стала карысная і цікавая. А нумары 102 і 112, якія за час сустрэчы інспектары называлі не раз, застануцца ў памяці кожнага наведвальніка на выпадак небяспечных жыццёвых сітуацый.

Валянціна ВАЙНІЛКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.