Наша Маша, ці Як маладому настаўніку прыжыцца ў школе

Настаўніца малодшых класаў Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна Марыя Эдуардаўна Канапля яшчэ зусім нядаўна была маладым педагогам. Сёння яна па-ранейшаму працуе ва ўстанове адукацыі, дзе рабіла свае першыя прафесійныя крокі. Педагог карыстаецца павагай калег і бацькоў і ўжо нават дзеліцца сваім вопытам на майстар-класах.

Шлях асіліць той, хто ідзе

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Каладзішчанскай сярэдняй школы Таццяна Міхайлаўна Літвінюк гаворыць проста і з цеплынёй у голасе: “Мы радуемся поспехам нашай Машы, таму, як яна паступова набіраецца вопыту і расце прафесійна! Пабольш бы прыходзіла такіх маладых педагогаў!”.

Так склалася, што ў М.Э.Канаплі з Каладзішчанскай сярэдняй школай звязана амаль усё жыццё. У гэтую ўстанову яна некалі прыйшла ў першы клас і яе ж скончыла. Да таго ж, тут сакратаром ужо шмат гадоў працуе яе маці. Апошняе, напэўна, і стала вырашальным пры выбары прафесіі.

— Я шмат часу праводзіла ў школе, пасля ўрокаў пастаянна заходзіла да мамы, бачыла, што тут заўсёды цікавае, насычанае падзеямі жыццё, ды і ці можа быць сумна і аднастайна там, дзе дзеці і моладзь, — расказвае Марыя Эдуар­даўна. — Праца настаўнікаў заўсёды выклікала ў мяне вялікую павагу! Словам, гэта быў знаёмы свет, пра які ў мяне ўжо склалася пэўнае ўяўленне, і яно было станоўчым.

У жніўні 2014 года М.Э.Канапля зноў адчыніла дзверы роднай школы, толькі ўжо ў новай ролі — маладога спецыяліста, настаўніка малодшых класаў. Сёння спакойная і ўпэўненая ў сабе Марыя Эдуардаўна прызнаецца, што выдатна памятае свае першыя ўрокі: было вельмі шмат хваляванняў, нягледзячы на тое, што падчас вучобы, як і ўсе, праходзіла практыку ў школе.

— Было страшна “браць” клас і ўпершыню весці ўрок, я разумела, якая на мне адказнасць, — шчыра прызнаецца Марыя Эдуардаўна. — У той момант я востра адчула: хацелася б, каб было яшчэ больш практыкі! Бо можна ве­даць тэорыю на “выдатна” і пры гэтым не справіцца з задачай у канкрэтных умовах, калі на цябе глядзяць больш як 20 дзяцей. Я вельмі хвалявалася, ці атрымаецца правільна разлі­чыць, колькі часу на што спа­трэбіцца, што змагу рэальна пас­пець за ўрок. Спачатку было даволі складана.

Марыя Эдуардаўна гаво­рыць без прыкрас: першы год яна б з задавальненнем згадзілася не “бра ць” клас, а проста дапама­гаць аднаму ці некалькім настаўнікам, пераймаць іх вопыт. Хацелася ўбачыць, як усё тое, чаму іх вучылі, рэалізуецца на практыцы рознымі педагогамі, адчуць, як наладжваецца атмасфера ў класе.

Язык да поспеху давядзе

Што выратоўвала ў складаных сітуацыях і ў хвіліны роспачы, збянтэжанасці? М.Э. Канапля адзначае: у многім ёй дапамагла выдатная традыцыя замацавання маладых спецыялістаў за вопытнымі настаўнікамі. Прычым важна, каб гэта не ўспрымалася як простая фармальнасць. Такой магчымасцю навічкам неабходна карыстацца на ўсе 100%!

Для Марыі Эдуардаўны было важна, што ў любой сітуацыі ёсць да каго пайсці па дапамогу. Яна адразу ж вырашыла забыцца пра сарамлівасць і зада­ваць, на першы погляд, неразумныя ці дзіўныя пытанні. Менавіта такую ўстаноўку ёй далі раней, яшчэ падчас работы ў аздараўленчым лагеры. Гэтую ж тактыку М.Э.Канапля ўзяла на ўзбраенне з першага дня працы ў школе і ўпэўнена, што не памылілася.

— Маладому спецыялісту адразу трэба быць упэўненым у сабе і напорыстым. Няправільна думаць, што можна прамаўчаць, не звярнуцца па дапамогу, калі нешта не зразумела ці не атрымліваецца, маўляў, з часам і так разбяруся, — пераканана Марыя Эдуардаўна. — У выніку сарамлівасць і адклад на потым могуць стаць вялікім мінусам і недахопам у працы. Мне вельмі дапамагала Святлана Iосiфаўна Садоўская, педагог, за якім я была замацавана. Яна ніколі не адмаўляла ва ўвазе, усё падрабязна тлумачыла. Ды і з астатнімі калегамі мне пашчасціла: калі звернешся да іх, абавязкова працягнуць руку дапамогі і падбадзёраць. Усё гэта таксама мае вялікае значэнне для маладога спецыяліста!

У таварыскай, памяркоўнай дзяўчыны хутка склаліся добрыя адносіны з калегамі, многія з якіх яшчэ не так даўно былі яе настаўнікамі. Спачатку адчувала сябе няёмка і крыху напружана, аднак убачыла з боку калектыву толькі станоўчыя, добразычлівыя адносіны, таму стала ўсё больш “раскрывацца”.

З вучнямі і бацькамі М.Э.Канапля таксама знаходзіць агульную мову. Марыя Эдуардаўна адзначае, што дзяцей яна любіць і хацела працаваць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі менавіта малодшага школьнага ўзросту. Аднак нечаканыя складанасці ўсё ж былі, асабліва спачатку. Спатрэбіўся час на тое, каб наб­рацца мудрасці ў зносінах з малымі. У настаўніцы часам праяў­ляўся максімалізм, здавалася, што дзеці павінны чуць настаўніка і рабіць усё, як ён сказаў. Аднак на справе аказалася, што ўсё не так проста. Часта трэба зрабіць так, каб дзіця самастойна паразважала і зрабіла высновы, само зразумела, што і чаму будзе правільным. Асаблівасці псіхалогіі маленькіх дзяцей Марыя Эдуардаўна адкрывала для сябе на практыцы і тут жа шукала рашэнні. Працягвае рабіць гэта і сёння.

Якую ж тактыку выбрала маладая настаўніца? Яна адзначае, што самую банальную і немудрагелістую, але яна спрацавала. Дома рэпеціравала кожны ўрок, прагаворвала ўсё ўголас. Гэта дапамагала адчуваць сябе больш упэўнена на ўроках. Акрамя таго, спрабавала ўстанавіць прыкладны таймінг, прыкідваючы, колькі часу спатрэбіцца на розныя этапы ўрока і заданні. Гэта таксама дапамагала, хаця, безумоўна, немагчыма строга прытрымлівацца сваіх разлікаў. Заўсёды трэба памятаць, што не ўсё будзе ісці па плане. Напрыклад, можа быць цудоўны матэрыял, аднак не ўсе вучні змо­гуць яго ўспрыняць. Таму трэба быць гатовай да нестандартных сітуацый, прадумаць запасныя варыянты заданняў і тлумачэнняў.

Традыцыйны ўрок плюс гульні і камп’ютарныя тэхналогіі

Марыя Эдуардаўна прыйшла да высновы, што ў пачатковай школе аснова асноў — гэта традыцыйны ўрок. Важна зрабіць яго максімальна цікавым і сучасным. Каб утрымліваць дзіцячую ўвагу, часта мя­няць вiды дзейнасцi, удзяляць увагу кожнаму маленькаму вучню.

Маладая настаўніца стараецца максімальна ўзбагачаць свае ўрокі нагляднымі матэрыяламі, малюнкамі, карыстацца сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Вучням пачатковай школы асабліва важна не столькі чуць, колькі бачыць сваімі вачамі тое, пра што ідзе гаворка. Выкарыстанне камп’ютарных тэхна­логій і электронных сродкаў навучання дапамагае і настаўніцы, і вучням ісці ў нагу з часам. З іх дапамогай М.Э.Канапля падае інфармацыю не статычнай, а дынамічным відэа- ці гукарадам. Гэта істотна паляпшае засваенне матэрыялу.

Адзін з галоўных прынцыпаў — актыўнасць дзіцяці. Таму вельмі палюбіліся гульнявыя тэхналогіі. Дзецям, якія зусім нядаўна былі выхаванцамі дзіцячых садкоў, асабліва цікава пагружацца ў гульні-падарожжы. Такая форма правядзення ўрока не толькі дапамагае даваць неабходную інфармацыю, але і паказвае, што вучыцца вельмі цікава.

— Мы даволі часта вучымся ў гульнявой форме, — гаворыць Марыя Эдуардаўна. — На мой погляд, на гэта трэба рабіць максімальную стаўку ў 1-м, 2-м класах. А ўжо ў 3-м, 4-м варта паступова змяншаць колькасць гульнявых момантаў. Гэта патрэбна для таго, каб натуральным чынам рыхтаваць дзяцей да больш сур’ёзнага вучэбнага працэсу і матэрыялу. Мяркую, такі падыход павінен зрабіць больш плаўным і лёгкім пераход з пачатковай школы ў сярэднюю.

Па вопыце свайго першага выпуску настаўніца ўжо ведае, наколькі няпростай, стрэсавай для многіх дзяцей з’яўляецца вучоба ў 5 класе. Адаптацыя праходзіць не проста і не хутка. І гэта зразумела: адбываецца шмат перамен. За сваіх першых выпускнікоў М.Э.Канапля вельмі перажывала, бачыла іх разгубленасць, бо яны так прывыклі да яе за чатыры гады. На думку настаўніцы, палепшыць сітуацыю магло б увядзенне ў 4 класе факультатываў з удзелам педагогаў, з якімі дзеці сустрэнуцца праз год.

Тонкасці навучання чытанню

За час працы ў школе ў Марыі Эдуардаўны пра многае склалася ўласнае ўяўленне, свая педагагічная філасофія. Ужо некалькі разоў яна дзялілася з калегамі вопытам па навучанні дзяцей чытанню. У 2018 годзе давала майстар-клас на раённым метадычным аб’яднанні, пазней, у 2019-м, выступала перад маладымі спецыялістамі.

Тэма навучання чытанню з самага пачатку вельмі зацікавіла. Здаецца, гэта самае простае, аднак без добрых навыкаў чытання дзіця не зможа паспяхова вучыцца далей. Школьнік, які дрэнна чытае, — кандыдат у непаспяваючыя. Марыя Эдуардаўна заўважыла заканамер­насць: з павелічэннем вучэбнай нагрузкі дзіця, якое не навучылася добра чытаць, пачынае адчуваць усё больш цяжкасцей пры засваенні новага матэрыялу, у яго ідзе адставанне па ўсіх прадметах. Атрымліваецца замкнёнае кола, разарваць якое можа толькі вырашэнне праблемы з чытаннем. Як жа дапамагчы сучасным дзецям адчуваць сябе ўпэўнена не толькі за камп’ютарам ці мабільным тэлефонам, але і перад кнігай?

— У самым пачатку свайго прафесійнага шляху сутыкнулася з тым, што ў многіх дзяцей былі складанасці з чытаннем, — прыгадвае М.Э.Канап­ля.  — А калі аналiз чытацкiх уменняў паказаў, што мой клас марудна развіваецца ў гэтым кірунку, неадкладна забіла трывогу. Каб дзецям паспяхова працягваць падарожжа па краіне ведаў, неабходна было справіцца з гэтай праблемай. Задумалася над тым, што мне зрабіць, каб дабіцца хуткага прагрэсу ў чытанні.

Марыя Эдуардаўна скрупулёзна збірала і сістэматызавала матэрыял па тэме. Падбірала і пакідала ў сваім арсенале найбольш эфектыўныя тэхнікі і практыкаванні. Пачала праводзіць трэнінгі для развіцця навыкаў чытання. З часам назапасіўся немалы вопыт, а галоўнае — сітуацыя з чытаннем у класе істотна палепшылася.

Упэўнілася на ўласным вопыце: пачынаць развіццё навыкаў асэнсаванага чытання варта з першых дзён навучання дзяцей у школе і затым пастаянна рабіць гэта падчас розных відаў вучэбнай дзейнасці і на розных этапах урока.  Такая сістэматычная і мэтанакіраваная работа аказвае станоўчы ўплыў на развіццё ўніверсальных вучэбных навыкаў, стымулюе творчую актыўнасць і самастойнае мысленне вучняў. У выніку сістэматычных трэнінгаў вучні паказваюць станоўчую дынаміку развіцця аператыўнай памяці, сфарміраванасць навыкаў чытання.

Работа з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту ўскладняецца тым, што яны хутка губляюць ціка­васць. І гэта асабліва адчуваецца на ўроках чытання. Каб утры­маць увагу і дабіцца добрых вынікаў, М.Э.Канапля прапаноўвае дзецям разнастайныя практыкаванні, накіраваныя на фарміраванне навыкаў чытання: для развіцця тэхнікі і разумення сэнсу прачытанага, фарміравання навыкаў выразнага чытання. Так, для паляпшэння якасці чытання дзеці з задавальненнем ра­шаюць прыклады са складоў; збіраюць слова, якое “рассыпалася”; адшукваюць  і ставяць на святочны стол “смачныя” словы (яны абазначаюць салодкія стравы), з трох складоў і г.д. Марыя Эдуардаўна часта прымяняе і электронныя трэнажоры, але лічыць, што яны карысныя пры выкарыстанні не больш чым раз на тыдзень.

Калі паступіла прапанова выступіць на раённым метадычным аб’яднанні, настаўніца яшчэ больш паглыбілася ў тэму. Тым больш што падчас майстар-класа стала відавочным: для многіх яна актуальная. Марыі Эдуардаўне не прыйшлося задумвацца над выбарам тэмы для далейшай самаадукацыі. Яе падказала само жыццё. Менавіта на чытанне, яго развіццё настаўніца і зрабіла стаўку, працягваючы даследаваць гэты кірунак.

Неўпрыкмет, у штодзённых клопатах, падыходзіць да канца шосты год работы ў школе. Марыя Эдуардаўна прызнаецца, што ў яе бываюць складаныя моманты, калі хочацца апусціць рукі. Што ж трымае ў школе нават у самыя цяжкія хвіліны? Адказ просты: любоў да працы і дзяцей, разуменне, што маленькія вучні яе чакаюць, у многім залежаць ад яе! З часоў вучобы запомніла словы У.А.Сухамлінскага, якія з’яўляюцца дэвізам пачатковай школы: “Сэрца аддаю дзецям!” Так і ёсць, і з кожным годам Марыя Эдуардаўна адчувае гэта ўсё больш!

Таццяна ШЫМКО.