Наша мэта — папулярызацыя жыцця на вёсцы

Адзін з прыярытэтных кірункаў у сацыяльнай сферы ў апошні час — работа па павышэнні якасці адукацыі ў сельскай мясцовасці праз максімальнае задавальненне адукацыйных запытаў, забеспячэнне канкурэнтаздольнасці сельскіх школьнікаў, без чаго немагчыма іх запатрабаванасць на сучасным рынку працы. Калі гаварыць аб педагогах Алешніцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, то мы бачым сваю мэту ў папулярызацыі жыцця на вёсцы, у актыўнай рэкламе сельскагаспадарчых прафесій, што садзейнічае прыцягненню маладых людзей да работы і жыцця ў сельскай мясцовасці. Гэта задача не аднаго дня, але яна садзейнічае самарэалізацыі нашых навучэнцаў як сапраўдных грамадзян і самадастатковых асоб. Як паказвае практыка, выпускнікі нашай школы атрымліваюць такі адукацыйны і маральны патэнцыял, які дазваляе не толькі канкурыраваць з навучэнцамі прэстыжных гарадскіх школ, але і годна прадстаўляць сваю малую радзіму, раён, вобласць і краіну на розных узроўнях.

Школа аграгарадка як сацыякультурны цэнтр

Чацвёрты год наша школа працуе над рэалізацыяй рэспубліканскіх інавацыйных праектаў: 2009—2011 гг. — “Укараненне мадэлі фарміравання маральнай самасвядомасці асобы навучэнцаў”, 2011—2013 гг. — “Укараненне сістэмы матывацыі і стымулявання навучэнцаў як сродку фарміравання паспяховай і сацыяльна актыўнай асобы”. Неабходнасць работы ў інавацыйным рэжыме тлумачыцца патрабаваннямі аб’ектыўнай рэальнасці: сучаснаму грамадству патрэбна інтэлектуальнае, актыўнае, дзелавое маладое пакаленне, здольнае рэалізоўваць сябе ва ўсіх сферах чалавечай жыццядзейнасці.

Пасяджэнне творчай групы педаогаў-інаватараРабота ўстановы адукацыі ў сельскай мясцовасці мае свае асаблівасці, таму што ў ёй засяроджаны інтэлектуальны, культурны і творчы патэнцыял усяго рэгіёна. Таму адукацыйны працэс у школе ажыццяўляецца згодна з палажэннямі выхаваўчай мадэлі “Школа аграгарадка як сацыякультурны цэнтр”. Мы актыўна ўключаем у адукацыйны працэс усе структуры рэгіёна, ствараючы педагагічнае поле ўзаемаразумення, узаемадапамогі і супрацоўніцтва.
Выхаванне сацыяльна актыўнай і паспяховай асобы патрабуе новых форм узаемадзеяння з дзіцячым калектывам у цэлым і кожным дзіцем асобна. Адна з іх — якасная культурна-забаўляльная дзейнасць. Гэтая праблема хвалюе сёння не толькі нашых педагогаў, але і бацькоў. Яна заслугоўвае пільнай увагі яшчэ і таму, што чалавек, які ўмее праводзіць свой вольны час з карысцю і цікавасцю там, дзе не так многа ўстаноў адпаведнай сферы дзейнасці, не толькі развівае ўласную асобу, але і садзейнічае павышэнню культуры правядзення вольнага часу іншых людзей. А школа ў нашым выпадку з’яўляецца цэнтрам баўлення вольнага часу.

Надакучлівая маралізацыя? Крэатыўная камунікацыя!

Любая форма ўзаемадзеяння з дзіцячым калектывам пачынаецца з назвы. Яркія, прывабныя, сучасныя, неардынарныя назвы мерапрыемстваў заінтрыгоўваюць выхаванцаў, прыцягваюць іх увагу, ствараюць сітуацыю жывой цікавасці. А гэта ўжо пэўны поспех! Напрыклад, ток-шоу з прадстаўнікамі праваахоўных органаў “Не калечце вы душу ў 14 гадоў!”, спартыўнае шоу “Смела, дружна, з аптымізмам за здаровы лад жыцця”, вечар пытанняў і адказаў са студэнтамі “Кадравае пытанне”, праект па прафілактыцы тытунекурэння “Не” цыгарэце ў зубах! Няхай жыве сонца ў вачах!”, школа маральнасці “Не ведаеш, як дзейнічаць, дзейнічай прыстойна”, фестываль умелых рук “Талентам трэба дапамагаць”, “Джынсавы кірмаш”, фотагалерэя “Увайдзі здаровым у новы дзень!”, тэматычная дыскатэка па прафілактыцы ДТЗ “Святлоадбівальнае шоу”, чайная цырымонія “Мудрасцю бабулі я даражу”, прафарыентацыйны лікбез “Кім я стану, кім мне быць, каб Радзіме служыць?”, кансультацыйная субота “Чорная паласа… Выклікалі?”, віншавальны сюрпрыз да Дня настаўніка “Пра тых, хто нас выводзіць у людзі і з кім мы верым у цуды” і інш.

Сумесны дзень здароўя - сумесны настройЦікавай формай сацыялізацыі і фарміравання асобаснай паспяховасці ва ўстанове адукацыі з’яўляецца агульнашкольны конкурс “Клас года”. Дзеці, засвойваючы маральныя нормы і навыкі ў свабоднай спаборніцкай атмасферы, набываючы пэўны вопыт сацыяльнага ўзаемадзеяння на практычным узроўні, сталі больш ініцыятыўнымі, адказнымі і ўважлівымі да дарослых і адно да аднаго.
Адна з праблем нашага часу, абумоўленая актыўным умяшальніцтвам у чалавечае жыццё сучасных сродкаў інфарматызацыі і камунікацыі, — мінімізацыя жывых узаемаадносін. Мы разумеем, што гэтае пытанне нельга вырашаць пры дапамозе надакучлівай маралізацыі, насаджэння толькі ўласнай думкі. Таму ў школе папулярны такія формы камунікатыўнага ўзаемадзеяння, як ток-шоу, брыфінг-клуб “Гавары!”, сустрэча з цікавымі людзьмі, інфармдайджэст, трэнінг, метад інтэрв’ю. Стала добрай традыцыяй запрашаць у школу для жывых нефармальных стасункаў студэнтаў, паспяховых выпускнікоў школы, спецыялістаў з розных сфер дзейнасці.

Адной з яркіх актыўных выхаваўчых форм у школе даўно ўжо стала агітбрыгада. Менавіта гэты жанр дае магчымасць злучыць у сабе дзеянне, чытанне, танец, песню, гульню, спартыўныя нумары. Назва “Пульс” таксама невыпадковая! Яна паказвае, што тэматыка выступленняў (“Нам з табою крочыць скрозь гады”, “З чаго пачынаецца памяць?”, “Ратуйце нашы душы”, “Формула поспеху”), творчае самавыяўленне дзяцей заўсёды актуальнае і важнае для чалавека, як пульсацыя крыві ў арганізме. Агітбрыгада “Пульс” стала візітоўкай не толькі школы, але і раёна.
Выкарыстанне такіх форм дазваляе не толькі развіваць жывыя дзіцяча-маладзёжныя стасункі, але і фарміраваць лідарскія якасці, уменне адстойваць сваю пазіцыю, актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні сацыяльных пытанняў. Вопыт актыўнага ўзаемадзеяння павышае не толькі асобасную паспяховасць, але і фарміруе станоўчы рэйтынг установы адукацыі, дазваляе годна прадстаўляць яе на сацыяльна значных мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. У 2011 годзе нашы навучэнцы Маргарыта Камяк і Максім Сіцько ў складзе беларускай дэлегацыі прадстаўлялі краіну на ІІІ Міжнародным дзіцячым саміце “Міжнацыянальны дыялог”, які праходзіў у Маскве і разглядаў узаемаадносіны паміж маладымі прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей. У тым жа годзе Максім Сіцько ўдзельнічаў у Нацыянальным дзіцячым форуме “Дзеці Беларусі: ініцыятыва, творчасць, пошук”. Гэтыя сустрэчы ўзбагацілі маладых людзей новымі ідэямі, далі рэальную магчымасць паўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных сацыяльна значных пытанняў.

Пад “Ветразем” супрацоўніцтва

Выхаваўчая работа ў школе для нас немагчыма без узаемадзеяння з сям’ёй, функцыя якой вельмі важная, таму што дзіця, якое прыходзіць у калектыў, так ці іначай трансліруе каштоўнасці, закладзеныя бацькамі. Каб падтрымаць гэтую станоўчую дынаміку, бацькі разглядаюцца як паплечнікі і супрацоўнікі ў добрай справе асобаснага росту сваіх дзяцей. У выніку дыягнаставання выяўляецца праблемнае асяроддзе ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, якое трэба стабілізаваць.

Сям'я Прыходзька - лепшая творчая сям'я вобласціМы даўно прыйшлі да высновы, што формы павучання тут непрымальныя, таму педкалектыў у пастаянным пошуку новых форм узаемадзеяння з бацькамі. Сустрэча за круглым сталом, псіхалагічныя трэнінгі, бацькоўскія вячоркі, бацькоўскія сходы разам з дзецьмі “вочы ў вочы”, індывідуальныя даверлівыя гутаркі, чайная цырымонія — вось няпоўны пералік форм, якія садзейнічаюць стварэнню ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж сям’ёй і школай. Пазітыўныя вынікі мы адчулі, стварыўшы сістэму дыферэнцыраванай педасветы бацькоў. Асаблівую ролю тут адыгрывае дзейнасць клуба маладой сям’і “Ветразь”, асноўнай задачай якога бачыцца згуртаванне розных па інтарэсах бацькоў, якія толькі што аддалі дзяцей у школу, аказанне ім неабходнай педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі.
Прыемна адзначыць, што мнагадзетная сям’я Прыходзька стала лепшай у абласным конкурсе “Мнагадзетная сям’я-2012” у намінацыі “Лепшая творчая сям’я”.
Педкалектыў усведамляе змены ў соцыуме, трансфармацыі ў адукацыі, таму імкнецца працаваць па-новаму, выкарыстоўваючы інавацыйныя падыходы. Мы самастойна спрабуем вырашаць супярэчнасці, якія ўзнікаюць у адукацыйным працэсе. Адметная рыса нашага калектыву — гэта сяброўская і творчая атмасфера, у якой і адбываецца дзіцяча-настаўніцкае ўзаемадзеянне.

Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алешніцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *