Якія якасці неабходны маладому чалавеку, каб стаць паспяховым? Як зрабіць камп’ютар інструментам для самаразвіцця, а не наадварот? Што чакае беларускую адукацыю заўтра і што моладзь можа зрабіць для свайго горада ці вёскі ўжо сёння? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі ў суботу ўдзельнікі XI Нацыянальнага дзіцячага форуму “Мы — лідары Беларусі” з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенкам.
У форуме прынялі ўдзел больш за 100 чалавек: члены Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, пераможцы і прызёры абласных этапаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года”, конкурсаў “Дзіцячы і маладзёжны парламент”, “Юны журналіст у горадзе, дружалюбным да дзяцей”, лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання.
“Такая сустрэча для мяне — магчымасць адчуць ваш настрой, пачуць вашы ідэі па развіцці нашай краіны ў цэлым і сістэмы адукацыі ў прыватнасці, — адзначыў Ігар Ва-сільевіч, далучаючыся да маладзёжнай размовы. — Без зваротнай сувязі, зносін з вамі немагчыма выбудаваць паўнацэнны адукацыйны працэс. І гэтая сустрэча, і работа тых структур, якія мы стварылі, — Рэспубліканскі каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў, Рэспубліканскі студэнцкі савет, вучнёўскае самакіраванне, а таксама Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — дапамагаюць наладзіць сувязь з вамі тым, ад каго залежыць прыняцце рашэнняў. У нас 3067 школ, і вас, школьнікаў, амаль мільён чалавек. І гэтыя структуры дапамагаюць нам пачуць вас і вашу агульную пазіцыю. Без гэтага не можа быць паўнацэннага адукацыйнага працэсу”.
Традыцыйна форум ладзіцца, каб актывізаваць моладзь і работу дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, падтрымаць дзіцячыя і маладзёжныя ініцыятывы і сацыяльныя валанцёрскія праекты. Але сёлета ён праходзіў пад дэвізам “Мой уклад для малой радзімы”, таму юнакі і дзяўчаты зрабілі акцэнт на сваіх ідэях і праектах, якія паспрыяюць росквіту роднага краю, а жыццё ў ім зробяць больш цікавым і насычаным.
Так, Дар’я Шлапакова, старшыня Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, расказала пра дзейнасць парламента Магілёўскай вобласці, дарэчы, самага шматлікага ў краіне — у ім 75 чалавек. “Сярод самых значных нашых праектаў — азеляненне нашага горада і стварэнне найбуйнейшага ў Магілёве парку, — адзначыла Дар’я. — Пры ўдзеле гарадскога Савета дэпутатаў Магілёўскай вобласці мы распрацоўваем заканадаўчы праект аб забароне курэння ў грамадскіх месцах і выдзяленні для гэтага спецыяльных месцаў. Праект ужо на завяршальнай стадыі”.
Мінчанка Маргарыта Казлова, прадстаўнік Лігі маладых выбаршчыкаў, расказала, што асноўным кірункам яе арганізацыі сталі адкрытыя размовы з вядомымі людзьмі, дабрачынныя акцыі для выхаванцаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў, працоўная акцыя “Мая сталіца” па азеляненні горада і тэматычныя патрыятычныя акцыі, напрыклад, сёлетняя была прысвечана 75-годдзю трагедыі ў Хатыні. Акрамя таго, яе паплечнікі наладзілі ўзаемадзеянне з Лігай маладых выбаршчыкаў Іркуцка, разам з якой праводзяць дыскусійныя клубы, дэбаты і інтэлектуальныя гульні.
Моладзь Мінскай вобласці цесна супрацоўнічае з навучэнцамі гімназіі Марцінеум, што ў нямецкім Хальберштаце, і разам яны рэалізавалі ўжо шэраг праектаў. У прыватнасці, іх сумесны экалагічны праект “Нацыянальныя паркі — “Гарц” у Германіі і “Белавежская пушча” ў Беларусі” быў прызнаны Міністэрствам культуры Германіі адным з лепшых міжнародных праектаў. Шмат праектаў у юных жыхароў Міншчыны ў кірунку валанцёрскай дзейнасці, фарміраванні ў моладзі здаровых звычак і прафілактыкі правапарушэнняў, арганізацыі маладзёжных масавых мерапрыемстваў і дзейнасці маладзёжнага прэс-цэнтра. Нядаўна іх праект “Свет дабрыні” стаў лаўрэатам абласнога конкурсу маладзёжных праектаў у намінацыі “Лепшы валанцёрскі праект”.
У Гродзенскай вобласці самай яркай ініцыятывай стала акцыя “Місія — жыць” у рамках антынаркатычнага руху “Бег”, падчас якой валанцёры прыязджаюць у розныя гарады вобласці і праводзяць трэнінгі па прапагандзе здаровага ладу жыцця і адмовы ад наркотыкаў. Папулярнымі сталі праекты “Пакаленне Next” аб прававых ведах і грамадзянскай пазіцыі, “Ліда — турыстычны цэнтр Гродзеншчыны”, “Клуб паспяховых людзей” і інш.
Антон Гутырчык, член гарадскога маладзёжнага парламента Баранавіч, прадстаўнік Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, расказаў, што ў яго горадзе два асноўныя праекты, але яны ўжо выходзяць на маштаб вобласці: “Дваровая пляцоўка — тэрыторыя, свабодная для моладзі” і “Велабум”. “Мы плануем стварыць у горадзе вулічны аматарскі спартыўны турнір. Яго ідэя — выцягнуць моладзь з-за камп’ютараў на вуліцу і прывучаць яе да спорту. Наш праект накіраваны на тое, каб падштурхнуць дзяўчат і хлопцаў калі не сур’ёзна заняцца спортам, то хаця б пазаймацца на турніках ці брусах, пабегаць па стадыёне. Сутнасць праекта “Велабум”, які мы, дарэчы, рэалізуем сумесна з Магілёвам, — у бясплатным велапракаце для жыхароў і гасцей горада. Акрамя таго, у межах праекта мы добраўпарадкоўваем горад, ствараем па ўсёй яго тэрыторыі велапаркоўкі, — гаворыць Антон Гутырчык і дадае: — Кожны чалавек павінен зрабіць свой уклад у развіццё нашай краіны. Акрамя сваёй работы, клопату пра сям’ю, важна рабіць і тое, што прынясе дадатковую карысць грамадству. Такім чынам чалавек будзе адмаўляць модную сёння абыякавасць”.
Насычана праходзіць Год малой радзімы і на Віцебшчыне. У Наваполацку, напрыклад, адбыўся праект “Кожны дзень ганаруся табой, мой горад!”, у межах якога ва ўсіх установах адукацыі горада былі зняты ролікі на тэму “Мая малая радзіма”. Тут жа рэалізоўвалася ініцыятыва “Вуліцы сучаснай творчасці”. Прыкладам паслужыў стрыт-арт фестываль Vulica Brasil у Мінску, але ў Наваполацку графіці былі прыўрочаны да 60-годдзя горада.
Быў рэалізаваны праект “Наваполацк: ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада”, у межах якога стварылі ўмовы для ўключэння падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадскае жыццё. На тэрыторыі Оршы прайшоў праект “Казкі на колах”: быў тэматычна ўпрыгожаны адзін з аўтобусаў і на ім юныя парламентарыі ездзілі па дзіцячых дамах з тэатралізаванымі імпрэзамі. У Полацку прайшла дабрачынная акцыя “Вагончык дабра”, у межах якой навучэнцы збіралі корм для жывёл кантактнага заапарка Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі і ладзілі бясплатныя экскурсіі для ўсіх жадаючых.
Гомельскія падлеткі паглыбілі роўнае навучанне і паспяхова праводзяць трэнінгі па актуальных у маладзёжным асяроддзі кірунках, арганізавалі маладзёжную тэатральную суполку.
Падчас дыялогу з міністрам адукацыі юнакі і дзяўчаты абмяркоўвалі пытанні, якія іх турбуюць. Так, гаворачы тое, якім павінен быць сучасны лідар, якія якасці неабходны, каб стаць паспяховым у будучыні, Ігар Васільевіч адзначыў: “Галоўнае — не толькі добра вучыцца, але атрымаць і тыя навыкі, асабістыя якасці, якія не фарміруюцца, седзячы за партай: уменне рацыянальна размяркоўваць свой час, узаемадзейнічаць з людзьмі, пазбягаць канфліктаў, слухаць і чуць, уменне данесці сваю думку, быць пісьменным”.
Што да апошняй якасці, то, па словах міністра, гэтая праблема сёння набывае актуальнасць нават у дачыненні дарослых людзей. І гэтаму ў значнай меры паспрыяла, на яго думку, замена экзаменацыйных школьных сачыненняў на сённяшнія тэсты. “Мы з гэтай адменай адышлі ад суб’ектывізму ў ацэнцы, але ў той жа час мы згубілі творчае мысленне, логіку выкладання думак, пісьменнасць, уменне даступна данесці да слухача сваю думку. І мы цяпер абмяркоўваем тэму вяртання школьных экзаменаў у форме сачынення”.
На просьбу параўнаць актыўнасць і мэтанакіраванасць папярэдніх пакаленняў у юнацтве і сённяшняй моладзі Ігар Карпенка адзначыў, што гэтыя якасці моладзі вызначаў час і яго магчымасці: “Мы не ведалі, што такое інтэрнэт. За кнігамі ў бібліятэку мы выстойвалі ў вялізных чэргах, чакалі заказаную кнігу па некалькі дзён, а сёння мінімум намаганняў трэба прыкладаць. У Нацыянальнай бібліятэцы не паспееш дапіць каву, а табе ўжо прыходзіць уся неабходная літаратура з архіва. І гэта не кажучы пра магчымасці інтэрнэту, стварэнне электронных версій манаграфій, кніг, электронны доступ у розныя бібліятэкі свету і г.д. Вось таму відавочна, што адукацыйны працэс трэба выбудоўваць зусім па-іншаму, з улікам гэтага інфармацыйнага прарыву”.
На пытанне ўдзельнікаў форуму пра развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі, Ігар Карпенка адказаў, што Міністэрства адукацыі працягне выпраўляць крэн у бок вышэйшай адукацыі, замяняючы колькасць якасцю: “Мы пачалі ў мінулым годзе і працягнем сёлета скарачаць набор на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці ва УВА, але разам з тым павысім набор на тыя спецыяльнасці, якія больш запатрабаваны нашай эканомікай. Для нас відавочна, што падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі павінна ісці пад патрэбы рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Акрамя таго, за кошт павелічэння прахаднога бала будуць адбірацца самыя лепшыя абітурыенты, і тым самым будзе павышацца прэстыж вышэйшай адукацыі”.
Чакаюцца сёлета новаўвядзенні і для старшакласнікаў. “З новага навучальнага года мы вернем магчымасць атрымаць спецыяльнасць для навучэнцаў 10—11 класаў на базе прафесійна-тэхнічных каледжаў. Думаю, не будзе лішнім, калі хлопец у школьныя гады навучыцца класці плітку ці працаваць з дрэвам, а дзяўчаты атрымаюць прафесію швачкі ці нейкую іншую”, — адзначыў Ігар Васільевіч. А на пытанне “З якога ўзросту моладзь павінна пачынаць працоўную дзейнасць?” адказаў: “Па заканадаўстве — з абмежаваннямі па часе з 14 гадоў, але я лічу, что прывучацца да працы трэба як мага раней. І пачынаць трэба з дапамогі бацькам дома, на дачы. Праца, дарэчы, дапамагае адпачыць ад вучобы. Бо лепшы адпачынак напрыканцы тыдня — паехаць на дачу, пакасіць траву ці ўскапаць градку”.
Рэзюмуючы вынікі форуму, Ігар Карпенка адзначыў: “У чарговы раз я ўпэўніўся, што з моладдзю ў нас усё ў парадку. І прыемна, што маладзёжныя лідары імкнуцца аказваць уплыў на фарміраванне адукацыйнага і самакіраўніцкага асяроддзя, грамадскай актыўнасці, прапаноўваць і рэалізоўваць свае ідэі, праекты. Гэта значыць, што ў нас правільна выбудавана маладзёжная палітыка, якая стварае для моладзі максімальныя ўмовы для сацыялізацыі і выхаду ў самастойнае жыццё, для фарміравання тых якасцей, якія будуць неабходны ім як прафесіяналам”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.