Наша ўстанова — як пчаліны вулей

Думаеце, падчас канiкул хадзіць у школу нецікава? А як жа сябры, забавы, магчымасць завесці новыя знаёмствы, заняцца чым-небудзь карысным і цікавым. А яшчэ — добрае і смачнае харчаванне, а галоўнае — ніякіх урокаў. Усё гэта для вучняў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы, дзе падчас асенніх канiкул працаваў школьны лагер “Усмешкi дзяцiнства”. 75 хлопчыкаў і дзяўчынак цікава правялі першыя канікулы новага навучальнага года.

Фота да матэрыяла: Наша ўстанова — як пчаліны вулей.Кожны новы дзень у лагеры быў прысвечаны пэўнай тэме. Першая палова дня — актыўны адпачынак, спаборніцтвы, конкурсы, прагулкі. Другая палова — інтэлектуальныя гульні, трэнінгі, мультфільмы. Такая разнастайнасць вельмі падабаецца дзецям. Захапілі гульні-падарожжы “Азбука дабра”, “Любімыя мясціны маёй малой радзімы”, аперацыя “Помнік”. Кожны мог праявіць творчыя здольнасці падчас забаўляльнай праграмы “Асенні танцпол”. А колькі радасці было, калі да ўстановы прыехала спецыяльная тэхніка. Дзеці прымералі шлем пажарнага, патрымаліся за руль машыны аўтаінспекцыі, убачылі, што знаходзіцца ў карэце хуткай дапамогі. Цікавай і пазнавальнай была экскурсія ў Лідскі замак.

З задавальненнем наведвалі заняткі па інтарэсах “Тэатр на англійскай мове”, “МукаСолька”, “Экамір” і шэраг іншых. А смачныя сняданкі, абеды давалі сілы і натхнення ўсюды паспяваць, выяўляць новыя таленты і здольнасці.

За акном — хмурыя восеньскія раніцы, а наша ўстанова гудзела, працавала, як пчаліны вулей. Тут было цёпла і светла: сагравалі ўсмешкі дзяцей і настаўнікаў.

У апошні дзень кожны атрымаў памятныя падарункі і дыпломы.

Марыя ЖЫДЗЕЛЬ,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.