Нашчадкі подзвігу

Учора ў сталіцы на Алеі Герояў каля Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь (вуліца Герояў 120-й дывізіі) з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, актывістаў пошукавага руху прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў (клубаў) “Мы — нашчадкі Перамогі”, прысвечанага 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гэтая дата напоўнена для нашай краіны асаблівым сэнсам. Мінаюць дзесяцігоддзі, мяняюцца пакаленні, адно застаецца нязменным — памяць пра воінскую славу і доблесць народа. Гэтая памяць захоўваецца ў сэрцах родных і блізкіх людзей герояў, у нашых сэрцах — сэрцах удзяч­ных нашчадкаў. Штогод сумеснымі намаганнямі Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны праводзяцца конкурсы, злёты і лагеры ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Традыцыйным стаў Рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў. Яго ўдзельнікі падчас даследавання ваеннай гісторыі далучаюцца да ратнага подзвігу народа, раўняюцца на яго лепшых прадстаўнікоў, вучацца адданаму служэнню Айчыне. Мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне маладога пакалення на прыкладах гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, складаюць важны аспект выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі.

— Сёння тут прысутнічаюць навучэнцы, якія пад кіраўніцтвам педагогаў займаюцца вельмі важнай справай: пошукам і ўстанаўленнем імён загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны, абаронцаў Бацькаўшчыны і мірных грамадзян. Гэтая высакародная і вельмі ўдзячная з маральнага боку работа вартая самай глыбокай павагі. Упэўнены, што дзякуючы сумеснай дзейнасці навучэнцаў, педагогаў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у кожным рэгіёне краіны пошукавая і даследчая работа будзе працягвацца. Дзякуй ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія прайшлі нялёгкі шлях да міру, а цяпер дапамагаюць у выхаванні патрыятычных пачуццяў і любові да Радзімы, павагі да яе гераічнай гісторыі! Мы заўсёды будзем шчыра ганарыцца вашымі подз­вігамі і самаахвярнасцю. Дзякуй за ваш гераізм і мужнасць! Жадаю вам шчасця, здароўя і даўгалецця. Удзель­нікам злёту жадаю выдатнага настрою, новых сяброў, цікавых адкрыццяў, прыемных уражанняў і цудоўных успамінаў, — адзначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў злёту міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Вялікая работа па захаванні памяці пра тых, хто адстойваў гонар і незалежнасць нашай краіны ў ваеннае ліхалецце, праводзіцца ўпраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Штогод падчас пошукавай і архіўна-даследчай работы ўстанаўліваюцца сот­ні імён і лёсаў тых, хто загінуў або прапаў без вестак, выяў­ляюцца і лакалізуюцца няўлічаныя воінскія пахаванні. Па словах начальніка ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Сяргея Мікалаевіча Варановіча, юныя пошукаўцы садзейнічаюць вырашэнню дзяржаўнай задачы. Гэта пошук няўлічаных воінскіх пахаванняў з мэтай увекавечання памяці загінуўшых або прапаўшых без вестак. Сёння юныя пошукаўцы вядуць сваю дзейнасць па двух напрамках: архіўна-даследчая і палявая пошукавая работа. У недалёкай будучыні яны ака­жуць практычную дапамогу 52-му асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну. Ужо ў гэтым годзе ваеннаслужачыя батальёна правялі значную работу сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі, эксгумавалі звыш 30 астанкаў загінуўшых. У выніку ўстаноўлена 9 імён.

Вы працягваеце вялікую работу па ўвекавечанні памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў аперацыі “Баграціён”, якая прынесла вызваленне нашай зямлі. Важную задачу ў гэтай аперацыі выконвала 120-я гвардзейская дывізія, якая прайшла баявы шлях ад сцен Сталінграда, вызваляючы родную беларускую зямлю. Адкрыццё злёту праходзіць на тэрыторыі базіравання гэтай знакамітай дывізіі, якая была ператворана ў 120-ю гвардзейскую брыгаду. Помнікі мемарыяльнага комплексу нагадваюць нам, што беларускі народ, які вельмі пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны, прая­віў мужнасць і геройства, клапоціцца пра сучаснае развіццё сінявокай Беларусі. Няхай і надалей наша краіна ўмацоўваецца і з гонарам нясе сцяг Вялікай Перамогі, — паведаміў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Васільевіч Прышчэпны.

72 удзельнікі злёту з усіх абласцей, якія на працягу 9 дзён бу­дуць адпачываць у сталіцы, дзяліцца вопытам пошукавай работы, уно­сяць неацэнны ўклад у захаванне памяці пра подзвіг народа, каб ніхто і нішто не было забыта. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх вы бачыце на здымках, разам з намі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца нашчадкамі ратных подзвігаў мінулага, праўнукамі гордых абаронцаў Айчыны. Гэта тыя, хто памятае сваіх продкаў, хто верыць у развіццё і росквіт нашай краіны. Як і кожны з нас.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.