Як зберагаюць гістарычную спадчыну навучэнцы і педагогі Суражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова.
Па Кацярынінскім тракце
У Сураж мы накіроўваемся па дарозе, названай у народзе Кацярынінскай. Старая брукаванка, што дзе-нідзе праступае праз сучасны асфальт, сапраўды памятае Кацярыну Вялікую. І, верагодна, шматлікія караблі падарожнікаў “з варагаў у грэкі”, бо камяні для будаўніцтва дарогі перад прыездам імператрыцы бралі з дна Заходняй Дзвіны. Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Віцебскага раёна (ён жа настаўнік гісторыі ў суражскай школе) Андрэй Кулябкін пераконвае: названая старонка ў дарожным летапісе далёка не першая. Па “княжацкім” тракце малады Альгерд ездзіў з Віцебска ва Усвяты. Пазней рыпелі коламі абозы Івана Грознага, цягнучы цяжкія гарматы ў Полацк. Рухалася саракатысячнае войска Стэфана Баторыя, якое расцягнулася да Пскова на многія вёрсты. Гарцаваў на кані (і спыняўся на начлег, разбіўшы паблізу бівак) Напалеон Банапарт. Узнімалі пыл паштовыя дыліжансы, спяшаліся гандляры з таварамі… За чарговым паваротам мінаем мясціны, дзе жылі продкі Бялыніцкага-Бірулі: на жаль, амаль нічога ад сядзібы не захавалася, толькі падземны цагляны склеп. Зрэшты, уласна гасцінец з’яўляецца ці не найстаражытнейшым у раёне гістарычным артэфактам. Прысвечанае яго таямніцам эсэ пару гадоў назад прынесла майму суразмоўцу перамогу на абласным этапе конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”. Дарэчы, ён спрабуе сілы і ў мастацкай літаратуры, піша ў жанры магічнага рэалізму — усе творы цесна пераплецены з мясцовымі легендамі і паданнямі.
Прызванне
Настольнай кнігай пачынаючага педагога Андрэй Аляксандравіч Кулябкін называе “На ростанях”. З коласаўскім Лабановічам яго яднаюць не толькі імя, цікавасць да гісторыі і настаўніцкае прызванне. Калі месцам работы свядома выбраў глыбінку, лічыў сябе досыць спрактыкаваным у сельскіх рэаліях хлопцам. Але нечакана нібы на незнаёмую планету трапіў: людзі, адносіны, звычаі — усё іншае. Спадабаўся прыгожы гарпасёлак у абдымках чатырох рэк: Суражкі, Неварожкі, Касплі і Заходняй Дзвіны. Захапіла яго мінулае з велізарнай колькасцю белых плям і загадак, узяўся з вучнямі за даследаванні. Нейкі час сумяшчаў настаўніцтва ў Суражы і ў суседнім Заполлі. Здаецца, побач, праз рэчку, ды моста няма. Таму на ўрокі даводзілася дабірацца на пароме, часам на катары або лодцы, выпадала і па лёдзе. Рэйсавы аўтобус не прыйшоў — будзь ласкавы пешшу некалькі кіламетраў праз лес, у якім, між іншым, не дзіва сустрэць ваўка ці нават мядзведзя. Глуш, перыферыя — затое якая прастора для педагагічнай творчасці! Прычым з сучасным тэхнічным забеспячэннем: пад кіраўніцтвам гісторыка-энтузіяста школьнікі неаднаразова станавіліся пераможцамі конкурсаў рознага ўзроўню і тэматыкі — напрыклад, на лепшы відэаролік. У блогу настаўніка — поўная выкладка аўтарскіх матэрыялаў для падрыхтоўкі да экзамену па прадмеце. Створаны педагогам, а потым дапрацаваны яго калегай Настассяй Шчукінай YouTube-канал перарос школьны маштаб і цяпер расказвае пра сістэму адукацыі Віцебскага раёна. Увогуле, яркі педагагічны дуэт з акцэнтам на гісторыю атрымаўся. Абодва вельмі актыўныя ў сацыяльных сетках, наладжваюць выязныя экскурсіі, разам з навучэнцамі папаўняюць і аднаўляюць экспазіцыі школьнага музея баявой славы, заснаванага ўдзельніцай партызанскага руху Валянцінай Кухаравай. Даглядаюць размешчаныя ў ваколіцах воінскія пахаванні, адно з іх — побач са школай. Варта дадаць, што Настасся Ігараўна — тутэйшая выпускніца, залатая медалістка. Зараз яна намеснік дырэктара ўстановы адукацыі па асноўнай дзейнасці. Дарэчы, педагогаў з ліку былых вучняў у калектыве больш за палову. Дасягненні настаўнікаў і іх выхаванцаў прыемна ўражваюць, гэта тэма не адной публікацыі.
Імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова суражская школа носіць з 2015 года. 4 мая Запольскаму дзіцячаму саду — базавай школе ўрачыста прысвоена імя баявога таварыша Бацькі Міная — камісара 1-й Беларускай партызанскай брыгады Р.У.Шкрэды.
Вогненнымі вёрстамі вайны
Вялікая Айчынная вайна бязлітасна апякла гэты край, паўсюдна ішлі баі. Фактычна ваколіцы сённяшняга гарадскога пасёлка — гэта вялікі мемарыяльны комплекс. Тут змагаліся з ворагам народныя мсціўцы, дзейнічала 1-я Беларуская партызанская брыгада пад камандаваннем М.Ф.Шмырова і была ўтворана Суражская партызанская вобласць. Гістарычна першая беларуская тэрыторыя, вызваленая чырвонаармейцамі ад захопнікаў яшчэ зімой 1942 года, таксама знаходзіцца тут, ля вёскі Тарасенкі. Праз легендарную Суражскую (Віцебскую) браму, якая амаль на 40 кіламетраў прарвала германскі фронт, у варожы тыл пранікалі дыверсійныя групы, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, друкарні і радыёстанцыі, абсталяванне і спецыялісты для арганізацыі аэрадромаў у раёнах размяшчэння партызан. У сваю чаргу з акупаванай тэрыторыі на Вялікую зямлю былі эвакуіраваны каля 200 тысяч мірных жыхароў, перапраўляліся прадукты харчавання, жывёла і каштоўнасці, вывозіліся параненыя партызаны, выходзілі жадаючыя ўступіць у Чырвоную Армію (з іх мабілізавана звыш 20 тысяч чалавек). Раз’юшаныя народным супраціўленнем фашысцкія каты ў звярыным шаленстве не шкадавалі ні старых, ні малых, забівалі бязвінных людзей. Жанчын з дзецьмі, хто спрабаваў схавацца ў зямлянках, карнікі закідвалі гранатамі; злоўленых у лесе, западозраных у сувязях з партызанамі мірных жыхароў пасля допытаў расстрэльвалі або заганялі ў ацалелыя пабудовы і спальвалі жывымі. Нягледзячы на шматразовую колькасную перавагу акупантаў, Суражскія вароты доўгі час стрымлівалі варожы націск. Разбітыя партызанамі нямецкія вайсковыя часці, пушчаныя пад адхон эшалоны з жывой сілай і тэхнікай не трапілі на фронт.
Сцежкамі памяці
Міная Шмырова акупанты завочна прыгаварылі да смерці. Прапанаваная ўзнагарода за галаву партызанскага кіраўніка вымяралася дзясяткамі тысяч нямецкіх марак, але схапіць яго не ўдавалася. Далейшая гісторыя — самая змрочная ў гераічнай біяграфіі Бацькі Міная і, відаць, вядомая кожнаму беларусу.
На перапынку заходзім у 3 клас. На пытанне, ці знаёмыя вучням імёны дзяцей-заложнікаў, яны адразу адказваюць: “Ліза, Сярожа, Зіна, Міша”. Прыгадваюць забітых сястру і маці жонкі. У музеі юныя экскурсаводы на памяць цытуюць перадсмяротную запіску старэйшай дачкі, 14-гадовай Лізы: “Тата, за нас не хвалюйся. Нікога не слухай і да немцаў не ідзі. Калі цябе заб’юць, мы бяссільныя — і за цябе не адпомсцім. А калі нас заб’юць, ты за нас адпомсціш”. Дзе адбыўся расстрэл, дагэтуль дакладна невядома. Настасся Ігараўна паказвае на яр каля Суражкі: “Нам у маленстве людзі казалі, што там. З моста скінулі ў рэчку целы забітых”. 14 лютага, калі свет адзначае свята закаханых, для суражан — Дзень памяці. У школе традыцыйна праходзіць жалобны мітынг. За апошнія некалькі гадоў замацавалася новая традыцыя: ладзяцца прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны навукова-практычныя чытанні з удзелам педагогаў раёна, знакамітых краязнаўцаў і вучоных-даследчыкаў. У 1984 годзе на тэрыторыі ўстановы адукацыі быў усталяваны помнік дзецям Бацькі Міная. Гэта быў першы ў Савецкім Саюзе помнік дзецям — ахвярам мінулай вайны.
Андрэй Кулябкін:
“Колькі яшчэ малалетніх заложнікаў загінула ад рук фашыстаў, закатавана, расстраляна — пра якіх мы нічога не ведаем? Гэта помнік усім дзецям — ахвярам генацыду. І ўсім бацькам, якія перанеслі такое страшнае гора”.
На шляху ў будучыню
Цяперашняму школьнаму будынку крыху больш за 40 гадоў. Калі браць у цэлым гісторыю ўстановы адукацыі, то яна адлічвае трэцяе стагоддзе. Назапашаны багатыя традыцыі, і калектыў іх рупліва прымнажае. Так, сярод навучэнцаў — пераможцы абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый, шматлікіх творчых конкурсаў. Высокую планку задаюць педагогі, натхняючы вучняў на поспехі ўласным прыкладам. Галоўнай падзеяй для дзятвы ў мінулым верасні стала непазнавальнае ператварэнне роднай школы, якая набыла прывабнае сучаснае аблічча. Змяненні закранулі практычна ўсё: пачынаючы ад ганка, фасада, асвятлення да абсталявання кабінетаў, новых варштатаў у майстэрні і ложкаў у дзіцячым садку, добраўпарадкавана і тэрыторыя. Раней установа адукацыі атрымала новыя сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі. У класе інфарматыкі — камп’ютары і мультыборд.
— Навучальны год пачалі з радасным настроем і спадзяёмся гэтак жа яго завяршыць, для гэтага ёсць падставы, — адзначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Алена Барыняк. — З рамонтам дапамагла дзяржава, пашчыравалі нашы настаўнікі, бацькі і старшакласнікі. Як ніколі многа навучэнцаў заканчвае 1 клас: 16 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёлета на нашай базе пачало работу аддзяленне школы мастацтваў. Пасля ўрокаў у класах і актавай зале поўным ходам ідзе падрыхтоўка да святкавання 9 Мая. А пад вокнамі вось-вось зацвіце яблыневы сад, які заклалі дырэктары школ раёна да 70-годдзя Перамогі. Часта, праязджаючы праз Сураж па Партызанскай вуліцы, людзі заўважаюць помнік, спыняюцца, распытваюць. Некаторыя потым вяртаюцца, каб пасадзіць маладую яблыньку з іменнай таблічкай. А з першых дрэўцаў ужо збіраем ураджай.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.