Нашы Башні — наш гонар

Яшчэ пару гадоў назад жыхары Башнёў, што ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці, жылі з трывогай, баючыся, што вось-вось афіцыйна закрыюць іх школу. Усе ж ведаюць: калі закрываецца школа — вёска памірае… А сёння тут смела гавораць: і школе, і аграгарадку жыць! У многім дзякуючы нераўнадушнасці і ініцыятыўнасці Марыны Аляксеенка, настаўніцы матэматыкі Башнёўскай базавай школы, якая змяніла жыццё не толькі школьнікаў, але і ўсяго аграгарадка.

Экалагічныя справы

Усё пачалося амаль 30 гадоў назад, калі яны з мужам, маладыя настаўнікі, скончылі Віцебскі педагагічны інстытут і прыехалі сюды, на яго радзіму, жыць і працаваць. Тады яна і палюбіла яго родныя Башні. Пейзажы — як з паштовак, азёры ў наваколлі, вясковае возера з яго 4 астравамі, рэкі, лясы захаплялі яе, таму з першага дня працы ў мясцовай школе яна арганізавала некалькі гурткоў прыродазнаўчага і турыстычнага кірункаў і са сваімі навучэнцамі пачала вывучаць Шуміліншчыну.

Сёння ў школе ўсяго 57 вучняў, класы невялікія, ёсць нават па два чалавекі. Але гэта не перашкаджае ім рабіць маштабныя справы. Разам са сваёй настаўніцай Марынай Ягораўнай яны хо­дзяць у экалагічныя велапаходы, вывучаюць храмы, валуны, даследуюць азёры і выйграюць гранты на добраўпарадкаванне свайго аграгарадка.

Самая актыўная работа пачалася нядаўна, калі Марына Ягораўна пазнаёмілася з супрацоўнікам Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталляй Іванаўнай Парэчынай і яе праграмай “Назіранне за рэкамі”. Пад яе кіраўніцтвам Марына Ягораўна з дзецьмі даследавала калодзежы. Працягам гэтага кірунку стала праграма “Сябры прыроды”, якая працуе ў школе другі год.

“Гэтая праграма аб’ядноўвае сярэднія класы, — расказвае Марына Ягораўна. — Разам з дзецьмі мы выяўляем і вырашаем экалагічныя праблемы. Напрыклад, мы ачысцілі ваду ў нашай рэчцы Серабранцы, якая пачынаецца каля аграгарадка і ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Падчас даследавання мы зафіксавалі вельмі высокія дозы нітратаў і сталі шукаць прычыну. На працягу ўсёй ракі даследавалі прытокі і сёлета каля адной з вёсак, дзе раней была ферма, а цяпер толькі меліярацыйны канал, знайшлі закапаныя мяхі з угнаеннямі. Ужо мяхі стлелі, угнаенні пачалі растварацца. Я папрасіла мужа і іншых мясцовых жыхароў, каб яны прыбралі гэтыя мяхі адтуль. Цяпер у рацэ вада чыстая.

На адным з азёр, дзе некалі здабывалі сапрапель і цяпер засталася баржа, школьнікі знайшлі ў яе трумах шмат смецця і забілі трывогу. Літаральна праз тыдзень аддзел па адукацыі арганізаваў велаэкспедыцыю — і смецце прыбралі. Далучыліся да іх і мясцовыя жыхары, паляўнічыя, рыбаловы. Усе разам навялі там парадак”.

Шмат ініцыятыў школьнікі ла­дзяць і як валанцёры грамадскай арганізацыі Шумілінскага рэгіёна “ЭкаБум”, дзе вырашаюць экалагічныя пытанні ў галіне ўстойлівага развіцця раёна. Гэта і пасадкі лесу, і добраўпарадкаванне ўзбярэжжаў азёр і рэк, вядуць гутаркі з насельніцтвам наконт адмовы ад пластыкавых кветак на месцах пахаванняў, прымаюць удзел у розных мерапрыемствах. Цяпер дзеці звярнулі ўвагу на праблему ўтылізацыі сапсаваных лекаў. Хутка іх пачнуць збіраць і адпраўляць на пераапрацоўку ў Мінск.

Талакой усё магчыма

Акрамя экалогіі, юныя вяскоўцы захапляюцца спортам і фізкультурай. Куды б яны ні паехалі на школьныя спаборніцтвы, амаль адусюль вязуць перамогі. Хаця асаблівых умоў для заняткаў тут няма. Таму і стараецца Марына Ягораўна. Спачатку яе праект “Башні — сіла волі і сіла духу” перамог на конкурсе сацыяльных ідэй для Беларусі Social Weekend. Тады школа атрымала сур’ёзны грант, якога хапіла на пакупку веласіпеда, футбольных, валейбольных і баскетбольных мячоў, набору для тэніса, лыж, турыстычных палатак, гімнастычных палак і абручоў, спартыўнай формы і г.д.

Дагэтуль у аграгарадку Башні адсутнічала добраўпарадкаванае месца для адпачынку. У гэтым годзе, дзякуючы ёй, каля школы, у яблыневым садзе, з’явілася пляцоўка для ўсіх “Башні LIVE” — даўняя мара башнёўцаў. Яе новы праект перамог у конкурсе ініцыятыў “Мясцовыя стратэгіі — права кожнага”, які праводзіў фонд “Новая Еўразія” сярод сельскіх супольнасцей. На выйграную суму былі набыты дзіцячая гульнявая пляцоўка з пясочніцай, гульнявым комплексам, кантэйнеры для асобнага збору смецця і альтанка. Хутка тут з’явяцца арэлі і маленькая сцэна. Цяпер гэтая пляцоўка стала любімым месцам навучэнцаў Марыны Ягораўны і яны нават праводзяць тут заняткі па інтарэсах “Эказнайкі”, “Сябры прыроды”, “Спадчына”.

Сёлета башнёўцы сабраліся талакой і пачысцілі возера, прывялі ў парадак бераг возера Буда­весць: прывезлі пяску, зрабілі невялікі пляж, ачысцілі бераг ад аварыйных дрэў. Хочуць яшчэ абсталяваць тут альтанку, месца для шашлыкоў, вогнішча, паставіць тут кантэйнеры для смецця, туалет.

Летам святочным завяршэннем “азёрнай” справы стаў башнёўскі фестываль вады — таксама ініцыятыва Марыны Ягораўны. На яго з канцэртнай праграмай на водную тэматыку прыехалі дзеці з аздараўленчага школьнага лагера з Лескавіч і больш за 30 артыстаў з Віцебска. МНС унесла сваю святочную “водную” нотку з абліваннямі вадой і конкурсам загадак. Сваю тэатральную праграму з касцюмамі і роставымі лялькамі падрыхтавалі і яе навучэнцы разам з супрацоўнікамі мясцовага клуба. Тут жа былі падведзены вынікі конкурсу фатаграфій “Возера Будавесць — часцінка малой радзімы”, які настаўніца арганізавала праз сацсеткі і раённую газету, што дапамагло далучыцца да яго не толькі школьнікам, але і ўсім мясцовым жыхарам. У наступным годзе плануецца зрабіць фестываль ужо раённым.

“Цяпер у нашых планах — до­браўпарадкаваць стадыён, — дзеліцца марамі Марына Яго­раўна. — Хочам зрабіць бегавыя дарожкі і ўстанавіць вулічныя трэнажоры. У нас сёлета з’явіўся новы, вельмі ініцыятыўны настаўнік фізкультуры. Хочацца, каб спорт і здаровы лад жыцця вучняў і мясцовага насельніцтва быў на высокім узроўні”.

Марына Аляксеенка сваім прыкладам паказвае і даказвае аднавяскоўцам і, галоўнае, дзецям, што жыць у вёсцы — не значыць быць у нечым абдзеленымі ў параўнанні з гарадскімі, жыць у горшых умовах. Самае важнае — не сядзець склаўшы рукі, а старацца самім упрыгожваць, добраўпарадкоўваць свой родны куток. А калі патрэбна фінансавая дапамога — не ленавацца папрасіць на добрую справу сродкі ў тых, у каго з вамі адна мэта.

Святлана НІКІФАРАВА.