“Нашы дзеці”

“Жадаю ўсім, каб кожны год вы сустракалі не толькі з больш вялікай надзеяй, але і з больш вялікай радасцю”, — такое пажаданне выказаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, звяртаючыся да выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна Мінска і іх бацькоў.

Гэты цэнтр, які даўно карыстаецца добрай славай у жыхароў раёна, Сяргей Аляксандравіч наведаў у рамках традыцыйнай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. І выступіў не толькі ў ролі кіраўніка міністэрства, а, можна сказаць, і ў ролі добрага Дзеда Мароза. Бо прыехаў, канечне, не толькі з добрымі пажаданнямі, але і з вялікім, у прамым сэнсе гэтага слова, падарункам — тэлевізарам “Віцязь” з дыяганаллю 39 цаляў.
Зразумела, што прыйшлі на свята і казачны Дзед Мароз, і яго ўнучка Снягурка, і іншыя навагоднія персанажы, якія разам з дзецьмі і іх матулямі, супрацоўнікамі цэнтра вадзілі карагоды, спявалі, запальвалі агеньчыкі на ёлачцы. Чакаў малых і салодкі стол.
А міністр адукацыі яшчэ да пачатку ранішніка пазнаёміўся з тым, як арганізавана работа цэнтра: зайшоў, напрыклад, у спартыўныя залы (яны тут асобныя — для дзяцей, якія могуць і якія не могуць перамяшчацца самастойна), вучэбныя класы. У той дзень, праўда, малым з нагоды свята заняткі адмянілі, затое некаторыя з іх ахвотна віталіся з гасцямі. Адзін жа, самы, відаць, смелы, — Арцём — асабіста пазнаёміўся з міністрам, расказаў, што на ранішніку будзе Снегавіком.
Звычайна ж урокі ў выхаванцаў цэнтра доўжацца па 45 хвілін, яны абавязкова разнастайныя, са зменай відаў дзейнасці. Кожнае дзіця падчас іх можа адпачыць, калі трэба. А ў спартыўных залах, па словах дырэктара ЦКРНіР Ірыны Леанідаўны Зносак, нярэдка нават спаборніцтвы праводзяцца, бо цэнтр сябруе і з іншымі падобнымі ўстановамі, і з агульнаадукацыйнымі школамі.
Зараз ЦКРНіР Маскоўскага раёна сталіцы наведваюць 42 дзіцяці: тут арганізаваны дзве групы для дашкалят (11 чалавек) і 5 класаў (31 чалавек). Дзеці ад трох гадоў з цяжкімі множнымі псіхічнымі і (або) фізічнымі парушэннямі развіцця могуць знаходзіцца ў цэнтры з васьмі гадзін раніцы да шасці вечара. Трохразовае харчаванне для іх бясплатнае. Як кажуць спецыялісты цэнтра, чым у больш раннім узросце дзіця трапляе сюды, тым большых поспехаў яно звычайна дасягае. Так, па словах кіраўніка цэнтра І.Л.Зносак, пасля года навучання прыкладна 30% дашкалят могуць наведваць інтэграваныя групы ў дзіцячых садках. “Іншая справа, — з усмешкай адзначае Ірына Леанідаўна, — што бацькі не вельмі хочуць пакідаць нас”.
— Сённяшняе свята, якое вы правялі для гасцей разам з Дзедам Марозам і Снягуркай, паказвае, якія вы малайцы — і бацькі, і дзеці, і педагогі, — сказаў С.А.Маскевіч пасля заканчэння ранішніка. — Я думаю, вы, дзеці, увесь год вельмі стараліся, каб вас пахваліў Дзед Мароз, а галоўнае, імкнуліся парадаваць бацькоў і педагогаў. А вам, педагогі, вялікі дзякуй за тое, што вы аддаяце частку свайго сэрца гэтым дзецям, каб даць ім магчымасць адчуць радасць і шчасце.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.