Нашы дзеці і паланэз

- 9:30Навіны рэгіёнаў

Абласны навагодні баль сабраў таленавітую моладзь з усёй Гомельшчыны ў абласным цэнтры. На другім абласным навагоднім балі ўшаноўвалі лепшых прадстаўнікоў устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі рэгіёна: пераможцаў алімпіяд, музычных, творчых і спартыўных спаборніцтваў.

Дэбютанткай свецкага раўту стала дзесяцікласніца лельчыцкай школы № 2, прызёр алімпіяды па беларускай мове, літаратурных конкурсаў Дзіяна Краўчэня. Дзяўчына расказала, што паездцы на баль папярэднічалі рэпетыцыі ў сваёй школе. Доўга выбіралі сукенку. Спачатку думалі ўзяць напракат, але потым вырашылі, што трэба купіць, каб яна доўгія гады нагадвала пра яркую падзею.

— Гледзячы на дзяўчат у сукенках да падлогі, кавалераў у строгіх касцюмах, слухаючы музыку мінулых стагоддзяў, як быццам пераносішся ў мінулыя стагоддзі. Прыемна прачуць такую атмасферу, хоць у той жа час гэта вельмі хвалююча, — дзеліцца ўражаннямі дзяўчына.

Вучню сярэдняй школы № 2 Рэчыцы дзесяцікласніку Івану Блізняцу цяперашні год прынёс поспехі і ў вучэбнай, і ў грамадскай дзейнасці:

— Было радасна атрымаць запрашэнне на баль. А вось падрыхтоўка да яго была няпростай — я ж не танцор. Складаней за ўсё далася полька. Але ўсё адрэпеціравалі, вывучылі.

Дарэчы, пачатак традыцыі право­дзіць баль для таленавітай моладзі вобласці быў пакладзены летась. Словы віншаванняў ад імя старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя перадала моладзі кіраўнік спраў аблвыканкама Алена Клічкоўская:

— Сваімі поспехамі вы славіце нашу гомельскую зямлю. Хачу вам пажадаць, каб 2021 год прынёс шмат прафесійных дасягненняў, каб спраўдзіліся мары. Пры гэтым вельмі прашу: не забывайце пра сваіх бацькоў і педагогаў — людзей, якія дапамаглі вам стаць тымі, кім мы сапраўды ганарымся.

Пяцідзесяці навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі былі ўручаны прэміі Гомельскага аблвыканкама. Маладыя людзі ў фае Гомельскага грамадска-культурнага цэнтра танцавалі вальс, паланэз, польку пад музыку ў выкананні камернага аркестра Гомельскай абласной філармоніі. Віншаванні дзецям адрасавалі артысты вобласці і, вядома ж, Дзед Мароз і Снягурка. Абласны навагодні баль стаў часткай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.