“Нашы дзеці” ў лічбах

- 15:17Рознае, Сацыяльны ракурс
Днямі ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, на якой прадстаўнікі Міністэрства адукацыі падвялі вынікі правядзення акцыі “Нашы дзеці”.

Акцыя “Нашы дзеці” праводзіцца з 2000 года. І сёння яе ўжо можна назваць сімвалам нашай гісторыі пачатку тысячагоддзя: столькі людзей жадае падарыць часцінку свайго цяпла дзецям у навагоднія святы. З часам гэты праект стаў не проста той акцыяй, у якой бяруць удзел, бо “трэба”, а акцыяй, якая ствараецца па закліку сэрца.
— З кожным годам інтарэс да акцыі ў краіне ўсё большы, гэтак жа як і колькасць удзельнікаў, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — У бягучым годзе ў рамках акцыі было праведзена больш за 6,5 тысячы мерапрыемстваў у дзіцячых установах, асаблівая ўвага ўдзялялася тым установам, дзе дзеці найбольш маюць патрэбу ў такой падтрымцы, клопаце, — гэта дзеці, якія аказаліся ў няпростым сацыяльным становішчы. У бягучым годзе была асабліва прыкметна актыўнасць бізнес-структур у правядзенні акцыі — вытворчых кампаній, буйных і не вельмі, банкаў, гандлёвых прадпрыемстваў. І эканамічныя вынікі для ўстаноў таксама істотныя. Больш за 4,7 млрд рублёў у рамках гэтай акцыі папоўнілі бюджэты ўстаноў. Пры гэтым усё часцей арганізацыі і дзіцячыя ўстановы пераходзяць ад разавых зносін да пастаяннага ўзаемадзеяння. У выніку шэфская дапамога аказваецца дзіцячым установам на працягу ўсяго года. Таму вялікі дзякуй усім, хто прыняў удзел у акцыі, наведаў дзіцячыя ўстановы, прынёс падарункі.
Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе мерапрыемствамі акцыі “Нашы дзеці”, як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях, ахоплена больш за 900 тысяч дзяцей. Гэта вельмі вялікая лічба. Безуважлівым да лёсу дзяцей падчас навагодніх свят, здаецца, не застаўся ніхто. Пры гэтым удзельнікамі акцыі сталі практычна ўсе катэгорыі дзяцей.
— Усе дзеці нашай краіны, у тым ліку і дзеці, якія ўступілі ў канфлікт з законам і сёння знаходзяцца ў спецыяльных вучэбна-выхаваўчых, лячэбна-выхаваўчых установах, былі ахоплены мерапрыемствамі акцыі пры падтрымцы грамадскіх аб’яднанняў, фізічных асоб, бізнес-кампаній. Падарункі, якія яны атрымалі, — гэта і яскравыя прадстаўленні, і цікавыя экскурсіі, і, безумоўна, салодкія прэзенты, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Васільеўна Галаўнёва. — Назваць усіх дарыльшчыкаў проста немагчыма. Кожны імкнуўся парадаваць дзяцей, да якіх завітаў у госці. Цікава, што некаторыя кампаніі прыйшлі з віншаваннямі не ў адну-дзве ўстановы, а ў дзясяткі. Напрыклад, прадпрыемства “Контэ Спа” падарыла сваю прадукцыю выхаванцам усіх устаноў, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты, а “Еўраопт” пабываў у 58 установах і прывёз больш чым 5 тысячам дзяцей вітамінныя падарункі — смачную садавіну. Індывідуальныя прадпрымальнікі таксама актыўна ўдзельнічалі ў гэтым годзе ў акцыі. Адзін з іх — “Аліса” — прывёз у дзіцячы дом бісеру на 400 млн рублёў — матэрыял для развіцця ў дзяцей творчых магчымасцей.
У цэлым жа, па інфармацыі з рэгіёнаў, усяго на правядзенне акцыі было зрасходавана больш за 22,9 млрд рублёў, што на 7,9 млрд рублёў больш, чым па выніках акцыі мінулага года. Але і гэтая лічба не паказвае рэальную карціну. Вельмі часта людзі прыходзілі ва ўстановы з жаданнем павіншаваць дзяцей, набыць нешта для ўстановы і пры гэтым жадалі заставацца невядомымі. Сярод іх было шмат і звычайных грамадзян. Напрыклад, фізічныя асобы Гомеля падарылі дзіцячаму дому столькі ўсяго, што на зачытванне пераліку спатрэбіцца не адна хвіліна, — ад тэлевізараў і прынтараў да дзіцячага адзення і канцтавараў.
— Безумоўна, матэрыяльная падтрымка, якая аказваецца ўстановам у рамках акцыі, вельмі значная, але больш важнае, на мой погляд, іншае — зносіны, — падкрэсліла дырэктар Дзіцячага гарадка Ленінскага раёна Мінска Аксана Яўгенаўна Арлова. — Кінутыя дзеці не патрэбны сваім бацькам. І таму вельмі часта ў іх фарміруецца меркаванне, што яны не патрэбны нікому. А гэтая акцыя дазваляе малым зразумець, што яны патрэбны ўсім. Гэтая ўвага вельмі важная. Кожнае дзіця чакае гэтых сустрэч. І не толькі дзеля падарунка, а дзеля таго, каб адчуць сябе часцінкай адной вялікай сям’і — усёй краіны.

Алена МАРКЕВІЧ.