Праблем у Беларусі не больш, чым у краінах, якія лічацца дэмакратычнымі. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв’ю венгерскай газеце “Мадзьяр Хірлап”, паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.
Міністр адзначыў, што Беларусь у грамадскім меркаванні Захаду і ў многіх заходніх сродках масавай інфармацыі ў мінулым, ды і цяпер яшчэ ў многім дэманізуецца. “Але праблем у нашай краіне не больш, а то нават і менш, чым у некаторых іншых краінах, якія лічацца дэмакратычнымі. Проста некаторыя краіны маюць большыя рэсурсы, і да іх менш прэтэнзій. Але гэта абсалютна няправільна, трэба выбудоўваць такую лінію паводзін, каб да краін, у якіх аднолькавыя праблемы, было і аднолькавае стаўленне”, — лічыць Уладзімір Макей.
Такую ўвагу да Беларусі тлумачаць тым, што яна мяжуе з Еўрапейскім саюзам. “Нейкая незразумелая логіка атрымліваецца. Так, мы бліжэй да Еўрапейскага саюза, але мы, нават калі былі пад санкцыямі, гарантавалі бяспеку граніцы з Еўрасаюзам, мы спынялі нелегальную міграцыю, трансгранічную злачыннасць, змагаліся з гандлем людзьмі і кантрабандай наркотыкаў”, — адзначае кіраўнік МЗС.
“Беларусь — адзіная з краін постсавецкай прасторы, у якой пасля развалу Савецкага саюза не было ніводнага ўзброенага канфлікту. У нас няма ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў. Таму нам не зразумела гэтая дэманізацыя Беларусі, якая штучна нагнятаецца. Таму мы заўсёды гаварылі, што санкцыі — гэта не метад вырашэння праблем, логіка дыялогу павінна дамінаваць”, — падкрэсліў міністр.
Галоўная задача беларускіх улад — захаваць стабільнасць у грамадстве, забяспечыць устойлівае эканамічнае развіццё, якое прывядзе да ўмацавання палітычнай незалежнасці і суверэнітэту, адзначыў таксама Уладзімір Макей. “Вядома, паралельна мы павінны клапаціцца аб забеспячэнні правоў чалавека, — канстатаваў ён. — Але правы чалавека — гэта не толькі права выходзіць на вуліцу з рознымі лозунгамі. Гэта таксама права на працу, на жыллё, на адукацыю. Калі ў чалавека гэта ёсць, то ён задумаецца, ці трэба яму выходзіць і крычаць: “Далоў таго! Далоў гэтага!”
“Тыя, хто выходзіць на вуліцу, павінны дзейнічаць па законах і правілах, не правакаваць улады, інакш будзе хаос і анархія”, — прадоўжыў міністр.
“Нашы інтарэсы сканцэнтраваны на тым, каб на нашай зямлі людзі жылі спакойна, развіваліся, каб рос іх дабрабыт. Але ёсць вялікія геапалітычныя гульцы, якія спрабуюць зрабіць так, каб свет жыў па іх разуменні, па іх правілах. У гэтым плане сярэднія, малыя дзяржавы павінны таксама аб’ядноўвацца, каб іх голас быў пачуты. На пляцоўцы ААН гэта робіцца, але, на жаль, не заўсёды эфектыўна”, — канстатаваў Уладзімір Макей.