Сведчанне таму — Першы міжнародны турнір юных прыродазнаўцаў (IYNT), на якім каманда навучэнцаў гімназіі № 29 Мінска пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Сяргея Міхайлавіча Сенюка і студэнткі БДУ Юліі Сапронавай (таксама ў свой час навучэнкі гімназіі № 29 Мінска) заняла першае месца. З розніцай у восем балаў на другім месцы аказалася каманда з Грузіі, а за ёй каманды з Турцыі і Малдовы.
У гэтым спаборніцтве нашым школьнікам давялося змагацца з 15 камандамі з 11 краін свету: Ірана, Афганістана, Балгарыі, Турцыі, Украіны, Грузіі, Малдовы, Кыргызстана, Казахстана і Расіі. Турнір праходзіў у турэцкім горадзе Эскішэхір з 29 красавіка па 6 мая. У каманду беларускіх юных натуралістаў уваходзілі навучэнцы 9-10 класаў (згодна з правіламі турніру, у ім могуць браць удзел дзеці да 16 гадоў): Антон Хвалюк (капітан каманды), Дзмітрый Сахарук, Кацярына Грачова, Арцём Жывалкоўскі, Кацярына Гопша і Дзмітрый Войнаў.
Як расказаў Сяргей Міхайлавіч Сянюк, аб правядзенні турніру юных прыродазнаўцаў было абвешчана на апошнім міжнародным турніры юных фізікаў (у якім, дарэчы, гімназія № 29 удзельнічае даўно і вельмі паспяхова). Ідэя аб правядзенні падобнага турніру належыць маскоўскаму настаўніку фізікі Яўгену Мікалаевічу Юносаву, які больш за 20 гадоў назад пачаў праводзіць турнір юных фізікаў. Турнір фізікаў за гэты час стаў папулярным спаборніцтвам сярод школьнікаў свету: ён ладзіцца ў многіх краінах, а на яго міжнародны фінал збіраюцца юныя фізікі амаль з 30 краін. Можна лічыць, што ўдзел у турніры прыродазнаўцаў — гэта сваеасаблівая падрыхтоўка да выступлення на міжнародных турнірах па фізіцы, і матэматыцы. Турнір юных прыродазнаўцаў арыентаваны на больш малодшую катэгорыю школьнікаў, чым турніры фізікаў і матэматыкаў, у ім могуць браць удзел навучэнцы сярэдніх (6 – 9) класаў. Па меркаванні арганізатараў турніру, прырода адзіная, таму пры вывучэнні яе з’яў не трэба вылучаць асобныя галіны. Менавіта таму заданні турніру былі прысвечаны прыродазнаўча-навуковым праблемам з умоўным падзелам на фізіку, хімію, біялогію і матэматыку, якая, дарэчы, заняла на гэтым спаборніцтве ганаровае месца.
Турнір юных прыродазнаўцаў — каманднае спаборніцтва школьнікаў, на якім яны дэманструюць сваё ўменне рашаць праблемныя прыродазнаўча-навуковыя задачы, пераканаўча прадстаўляць свае рашэнні і адстойваць іх падчас навуковых дыскусій (баёў). Па сваёй форме турнір юных прыродазнаўцаў падобны на турнір фізікаў. Ён складаўся з 6 баёў — 4 адборачных, паўфіналу і фіналу. Задачы турніру былі надрукаваны на сайце турніру ў сакавіку і юныя натуралісты рыхтавалі іх дома. Цікава, што з 12 задач, прапанаваных арганізатарамі мерапрыемства, адну (пад першым нумарам) школьнікам неабходна было прыдумаць і рашыць самім. На вялікі жаль, нашы школьнікі не змаглі прадэманстраваць сваю творчасць, але вынікам засталіся задаволены. Задача сапраўды атрымалася цікавая. Яна атрымала назву “Цыліндр-бумеранг”, а сутнасць яе ў наступным: да дзвюх сценак закрытага цыліндра (напрыклад, бляшанкі з-пад кавы) прымацоўваецца гумка, на якую ладзіцца грузік. Калі пакаціць цыліндр, то ён праз пэўны час пакоціцца назад. Атрымліваецца такі цыліндр-бумеранг.
Аднак у турніра юных прыродазнаўцаў была свая асаблівасць: яшчэ 12 задач трніру трымаліся ў строгай сакрэтнасці. Менавіта іх трэба было выканаць школьнікам непасрэдна на турніры. Як прызналіся члены нашай каманды, эксперыменты былі нескладаныя, але ім давялося пахвалявацца з-за таго, што на пастаноўку эксперымента, падрыхтоўку даклада і прэзентацыю давалася толькі 45 хвілін. Часу сапраўды вельмі мала, каб на годным узроўні ўсё выканаць. Але навучэнцам з 29-й гімназіі гэта ўдалося. Ім дапамаглі, безумоўна, не толькі бліскучыя веды па прадметах, а і ўменне працаваць у камандзе, канцэнтравацца на неабходных дзеяннях.
У сувязі з тым, што падчас турніру школьнікам давялося рашаць задачы, дзе патрабаваліся веды па многіх дысцыплінах, у каманду падбіраліся знаўцы самых розных прадметаў. Так, Арцём Жывалкоўскі і Дзмітрый Войнаў — матэматыкі, Кацярыны Гопша і Грачова — хімікі-біёлагі, Антон Хвалюк і Дзмітрый Сахарук — фізікі. Усе яны — пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, хіміі. Некаторыя да гэтага мелі вопыт удзелу ў гарадскім турніры юных фізікаў. Самы вопытны турніравец — капітан каманды Антон Хвалюк. Ён быў удзельнікам мінулагодняга міжнароднага турніру юных фізікаў і ў гэтым годзе таксама рыхтуецца да яго. І хоць кожны з удзельнікаў спецыяліст у сваёй галіне, але ім давялося разам рашаць задачы самага рознага кірунку. Пры неабходнасці хімікі станавіліся матэматыкамі, а фізікі — біёлагамі і географамі. Так, напрыклад, для рашэння задачы пра хрызантэму школьнікам трэба было ўзгадаць матэрыял не толькі па біялогіі, але і па геаграфіі і астраноміі. Вядома было, што гэтая кветка расце ў чатырох гарадах — Стамбуле, Маскве, Сіднеі і Дэлі. У Стамбуле яна зацвіла 1 кастрычніка. Юным натуралістам трэба было вызначыць, калі хрызантэма зацвіце ў трох іншых гарадах, і патлумачыць чаму. З гэтай задачай, як і з усімі астатнімі, нашы школьнікі справіліся добра. Між тым усю работу на турніры (прадстаўленне рашэння задачы, апаніраванне і рэцэнзаванне іншых каманд) яны праводзілі на англійскай мове. Вось такія рознабакова адораныя дзеці вучацца ў гімназіі № 29 Мінска, а з імі працуюць такія ж таленавітыя і апантаныя педагогі.
Увогуле, ва ўсіх чатырох адборачных баях, а таксама ў паўфінале і фінале наша каманда была ў лідарах. У фінале нашы школьнікі спаборнічалі з камандай з Грузіі. Абедзве каманды (беларуская і грузінская) прадстаўлялі задачы па матэматыцы. Члены журы турніру высока ацанілі выступленне нашых школьнікаў. Некаторыя нават заўважылі, што тое рашэнне задачы, якое прапанавала беларуская каманда, значна лепшае, чым афіцыйнае.
Нашы пераможцы перакананы, што ў турніру юных прыродазнаўцаў — вялікая будучыня, і было б добра, каб і ў нашай краіне праводзілася такое ж спаборніцтва.
Віншуем каманду гімназіі № 29 Мінска, іх настаўнікаў-кіраўнікоў, бацькоў, якія дапамаглі фінансава адбыцца паездцы каманды ў Турцыю, з выдатным выступленнем на першым міжнародным турніры юных прыродазнаўцаў! Мы імі ганарымся!
Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by