Нашы таты — абаронцы

- 14:50Нам пішуць

Арыгінальна і ярка прайшло святкаванне Дня абаронцаў Айчыны ў рознаўзроставай групе Гарадзечненскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Свята — заўсёды радасць, весялосць, рухомыя гульні, атракцыёны, конкурсы. Сюрпрызы, якімі насычана праграма любога свята, часта суправаджаюцца спантаннымі камічнымі сітуацыямі, выклікаюць здзіўленне, захапленне.

Дзеці маршыравалі і выконвалі перастраенні, віншавалі сваіх тат і дзядуль вершамі, песнямі, жартоўнымі сцэнкамі. А потым пачаліся сапраўдныя спаборніцтвы. Актыўнымі ўдзельнікамі свята сталі таты. Дзеці разам з імі паказалі спрытнасць, хуткасць, а таксама каманднае сяброўскае саперніцтва. Каманда “Танкісты” і каманда “Разведчыкі” стараліся не адставаць, выконваць усё хутка і правільна. Ніхто не хацеў саступаць першынства. Дзяўчынкі і матулі таксама не засталіся ўбаку. Яны горача хварэлі за сваіх блізкіх і падтрымлівалі іх задорна спартыўнымі дэвізамі.

У вясёлай, займальнай і бескампраміснай барацьбе былі разыграны званні: самым спартыўным татам стаў Аляксандр Батура, самым спрытным — Пётр Чамерка, а самым моцным — Уладзімір Старко. Актавая зала і нашыя сэрцы напоўніліся энергіяй, сяброўствам, смехам, радасцю зносін. У выніку перамагла дружба, і ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі.

Спадзяюся, што калі нашы дзеці падрастуць, то стануць годнымі абаронцамі Радзімы, якую будуць берагчы і любіць.

Людміла ЧАМЕРКА,
выхавальніца Гарадзечненскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.