Насілле ў сям’і — праблема ўсяго грамадства

Рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без насілля” стартавала ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей.

Акцыя пройдзе па ўсёй краіне з 18 па 28 красавіка. Яе мэта — далучыць шырокія слаі насельніцтва да аказання дапамогі і садзейнічання дзяржаўным органам у вырашэнні праблем насілля ў сям’і. “Насілле ў сям’і — праблема не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. У дачыненні да нашай краіны можна адзначыць, што кожны год 100 чалавек гінуць у выніку такіх проціпраўных дзеянняў. Па выніках першага квартала ў нас зарэгістравана 23 выпадкі забойстваў, 40 фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Гэта страшныя лічбы, якія сведчаць аб значнасці праблемы”, — адзначыў Алег Каразей.

МУС займаецца праблематыкай сямейнага насілля на пастаяннай аснове. “Мы выяўляем насілле ў сям’і на ранніх стадыях, папярэджваючы цяжкія наступствы. Выяўляем злачынствы, якія не адносяцца да катэгорый цяжкіх або менш цяжкіх — так званыя справы прыватна-публічнага або прыватнага абвінавачання. Напрыклад, наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання, мучэнне, пагроза забойствам — тут неабходна згода і заява ахвяры, каб пачаць крымінальны працэс. А ў выпадку, калі ахвяра па розных прычынах не можа заняцца сваёй абаронай, МУС і Генпракуратура прымаюць меры, каб справа была ўзбуджана — пракурор мае такое права, і ў нас выбудавана добрае ўзаемадзеянне”, — сказаў праваахоўнік.

Міліцыя штогод выяўляе больш за 50 тысяч фактаў нанясення цялесных пашкоджанняў і псіхалагічнага ўздзеяння, якія кваліфікуюцца як адміністрацыйныя правапарушэнні. “Больш за 12,5 тысячы такіх фактаў ужо было ў бягучым годзе. Прыцягнутыя да адказнасці людзі — гэта далёка не ўсе, хто прымяняе насілле ў сям’і. Апытанні, напрыклад, паказваюць, што практычна кожная чацвёртая жанчына сутыкаецца з гэтым, — падкрэсліў Алег Каразей. — МУС ужо даволі даўно сумесна з іншымі зацікаўленымі дзяржорганамі ініцыіравала пытанне аб прыняцці закона аб папярэджанні насілля ў сям’і, якім прадугледжвалася б прымяненне прафілактычных мер незалежна ад прыцягнення да адміністратыўнай або крымінальнай адказнасці. Планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год прадугледжваецца падрыхтоўка канцэпцыі закона аб прафілактыцы насілля ў сям’і. МУС — асноўны дзяржорган, які яе рыхтуе. Ужо ў красавіку мы фіналізуем яе пасля шэрага кансультацый і будзем накіроўваць на ўзгадненне зацікаўленым”.

Старшыня праўлення ГА “Гендарныя перспектывы” Ірына Альхоўка расказала аб выніках работы агульнанацыянальнай гарачай лініі па процідзеянні дамашняму насіллю. “Лінія працуе больш за 5 гадоў. За гэты перыяд мы атрымалі 11 тысяч паведамленняў. Большасць з іх, вядома, ад пацярпелых і іх сваякоў. Ад агрэсараў паступае невялікая колькасць званкоў, і часцей за ўсё яны аспрэчваюць неабходнасць аказання дапамогі членам іх сямей, якія да нас звяртаюцца, — праінфармавала Ірына Альхоўка. — Больш за ўсё паступае званкоў з Мінска і Мінскай вобласці — гэта можна звязаць хутчэй з распаўсюджанасцю інфармацыі аб гарачай лініі, чым з нейкай тэндэнцыяй. Менш за ўсё тэлефануюць з Віцебскай і Магілёўскай абласцей”.

Паводле слоў Ірыны Альхоўкі, 94% тых, хто тэлефанаваў — жанчыны. “Сярод мужчын мы назіраем узроставую тэндэнцыю — большасці з тых, хто тэлефанаваў, больш за 55—60 гадоў, і яны часцей за ўсё гавораць аб насіллі з боку дзяцей і іншых членаў сям’і. У гэтай катэгорыі свая спецыфіка, і, гледзячы на міжнародны вопыт, наша арганізацыя прыйшла да высновы, што трэба думаць аб нейкім спецыялізаваным сэрвісе для пажылых людзей”, — падзялілася меркаваннем кіраўнік арганізацыі.