Настасся ЦІХАНОВІЧ: “Дзеці павінны самі вызначаць, чым яны будуць займацца ў будучыні”

- 12:25Моя школа

Часта кажуць, што на дзецях таленавітых бацькоў прырода адпачывае. Аднак пра гэту жанчыну такога не скажаш. Таленавітая спявачка і прадзюсар, яна будуе кар’еру ў рэчышчы ўласных задум і памкненняў, высока трымаючы сямейную марку. Наша сённяшняя госця — Настасся Ціхановіч.

— Нашы чытачы ведаюць вас як спявачку і прадзюсара. Што з вашых прафесійных заняткаў для вас найбольш важнае?
— Як і раней, я выступаю ў канцэртных праграмах, запісваю новыя песні, рыхтуюся да навагодніх выступленняў і здымак. Акрамя таго, ужо некалькі гадоў маё жыццё звязана з тэлебачаннем і працай над тэлепраектамі, сярод якіх такія папулярныя тэлеконкурсы, як “Зорны дыліжанс”, “Хіт-момант”, “Еўрафэст”. У 2010 годзе я ўвайшла ў арганізацыйную групу міжнароднага конкурсу “Дзіцячае “Еўрабачанне-2010”, які з поспехам прайшоў у Мінску ў лістападзе.

— Думаю, нашым чытачам будзе цікава даведацца, дзе вы вучыліся?
— З першага па трэці клас я вучылася ў 76-й мінскай школе, і менавіта з ёй звязаны такія ўспаміны, як, напрыклад, першая настаўніца, першыя адзнакі, першыя сур’ёзныя веды. Паралельна вучылася ў 9-й музычнай школе па класе фартэпіяна. А з чацвёртага класа я паступіла ў Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя І.І.Ахрэмчыка, які пасля і скончыла.
Паколькі ў каледжы нароўні праходзіла навучанне як па агульнаадукацыйных прадметах, так і па музычных, часу на гурткі ці секцыі не было ў прынцыпе. У першую палову дня мы асвойвалі школьныя прадметы, другая палова была прысвечана вывучэнню музычных дысцыплін. А вышэйшую адукацыю я атрымала ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М.Шырокава.

— Ці падтрымліваеце сяброўскія стасункі з аднакласнікамі?
— Не скажу, што мы сустракаемся рэгулярна — у кожнага цяпер свае клопаты, сем’і, работа. Часта перапісваемся ў інтэрнэце. Час ад часу перасякаемся (не на розных жа планетах жывём), а ў мінулым годзе разам адзначалі 10-годдзе з дня заканчэння школы, а потым і юбілей школы. Было сапраўды цудоўна!

— Хто з настаўнікаў пакінуў у вас незабыўныя ўражанні (натуральна, добрыя і дрэнныя, як у агульнаадукацыйнай школе, так і ў музычнай адукацыі)?
— Мне ўвесь час шанцавала на настаўнікаў, як у агульнаадукацыйнай школе, так і па музыцы, таму каго-небудзь асабліва вылучыць даволі цяжка. Гэта і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Паліна Рыгораўна Наскова — адметны чалавек, настаўнік ад Бога, і Валянціна Аляксандраўна Крывашэева, якая паказала, што вывучэнне матэматыкі можа быць цікавым і прыносіць задавальненне, і Ганна Мікалаеўна Табачнікава, дзякуючы якой я нядрэнна ведаю англійскую мову.
Аднак, відаць, самым неардынарным быў настаўнік гісторыі Валерый Сямёнавіч Малеў, які пры дапамозе самых розных педагагічных “хітрыкаў” — займальных віктарын і штоўрочных праверачных работ дамагаўся таго, каб мы не проста ведалі, але і разумелі ход складаных гістарычных працэсаў.
Памятаю нашы вясёлыя заняткі па фізкультуры, дзе пад кіраўніцтвам настаўнікаў Алега Андрэевіча і Мікалая Мікалаевіча мы бегалі кросы, каталіся на лыжах, гулялі з вучнямі іншых школ у валейбол.
Па музычнай частцы мае педагогі не проста вучылі мяне нотнай грамаце або валоданню пэўным інструментам — яны раскрывалі для нас музычнае мастацтва, уводзячы ў асаблівы свет музыкі, вельмі глыбокі і неверагодна прыгожы. І вялікі дзякуй за гэта майму педагогу па спецыяльным інструменце (фартэпіяна) Тамары Іванаўне Маркавай, настаўніцы музычнай літаратуры Але Уладзіміраўне Бенедзіктовіч, Наталлі Мікалаеўне Гуцінай, маёй выкладчыцы па сальфеджыа і гармоніі — усім, хто выхаваў у мяне павагу і любоў да музыкі, і абсалютна ўсім, уключаючы нашага класнага кіраўніка Святлану Вікенцьеўну Кобец, хто столькі гадоў дзяліўся з намі самым лепшым: ведамі, уменнямі і проста сваімі цяплом і любоўю.

— Безумоўна, спевы ў вас былі спадчынай, што перадалася ад бацькоў. А з чаго пачыналі будаваць вакальную кар’еру?
— У гэтым вялікую ролю адыграла кіраўнік нашага хору Галіна Рыгораўна Цітова, бо менавіта дзякуючы ёй я пачала сур’ёзна займацца вакалам. А што тычыцца генетычнай спадчыны, то любыя здольнасці і таленты трэба развіваць, і гэта сур’ёзная праца, штодзённая і карпатлівая.

— Якая была першая песня, выкананая на вялікай сцэне?
— Мае першыя крокі на вялікай сцэне — гэта нацыянальны фестываль музыкі і паэзіі “Маладзечна”, дзе я ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга выканала сваю першую кампазіцыю — баладу на музыку Уладзіміра Дамарацкага і верш Леаніда Пранчака.
Затым быў фестываль “Залаты шлягер”, кіраўніком якога ў той час быў Уладзімір Браілоўскі, якому я таксама ўдзячна за прадстаўленую магчымасць выступіць перад велізарнай аўдыторый гледачоў, а таксама “засвяціцца” ў прэсе. Бо першыя артыкулы ў газетах пра мяне як пра спявачку з’явіліся менавіта пасля майго выступлення на гэтым выдатным фестывалі.

— Наколькі бацькі вызначалі вашу адукацыйную траекторыю? Чый уплыў у прафесійным выбары быў вырашальным?
— Шчыра кажучы, усё гэта адбывалася неяк само сабой. Я заўсёды была вельмі адказным чалавекам, так што мне заўсёды давяралі ў выбары таго, што я хачу рабіць. У школьныя гады, напрыклад, я не памятаю, каб у мяне правяралі ўрокі або прымушалі садзіцца за фартэпіяна. Паколькі ў каледжы я атрымлівала гуманітарную адукацыю і профільнымі прадметамі былі дысцыпліны музычнага кірунку, то было само сабой зразумела, што і ў будучыні мая прафесія так ці інакш будзе звязана з музыкай, з мастацтвам.

— Ці былі альтэрнатыўныя варыянты вашай прафесійнай будучыні?
— У мяне заўсёды нядрэнна атрымлівалася нешта пісаць ці прыдумляць, таму ў пэўны час у мяне была думка звязаць свой лёс з журналістыкай. Але я вельмі рада, што мае вучэбныя шляхі-дарогі прывялі мяне ў Інстытут сучасных ведаў, на факультэт мастацтваў, дзе пад кіраўніцтвам цудоўных педагогаў я атрымала неацэнныя веды ў галіне культуралогіі, менеджменту і прадзюсарства ў сферы мастацтваў. І, безумоўна, паколькі мае першыя выступленні на вялікай сцэне былі дастаткова паспяховымі, я і цяпер працягваю спяваць і пасля зносін з гледачамі адчуваю велізарны зарад энергіі і радасць.

— Наколькі нам вядома, вы вярнуліся ў інстытут, але ў новай якасці. Педагагічная дзейнасць для вас — гэта…
— Гэта новы вопыт, які найперш прымушае мяне працягваць падарожжа ў свет ведаў. Маючы 10-гадовы практычны вопыт — як на сцэне, так і па частцы арганізацыі самых розных культурных праектаў, я з радасцю выкарыстоўваю магчымасць не проста падзяліцца практычнымі навыкамі са сваімі студэнтамі, але разам прыйсці да разумення таго, што, напрыклад, сёння хацелі б бачыць гледачы. Да таго ж работа з моладдзю стымулюе да свежых ідэй, іх аналізу і практычнага ўвасаблення.

— Чаму вы не навучыліся ў сваіх бацькоў, але хацелі б?
— Зносіны з імі — гэта пастаянны працэс пераймання, перш за ўсё вялікай колькасці станоўчых якасцей, якімі яны як прафесіяналы і ў першую чаргу проста як людзі валодаюць. Мне хацелася б развіваць у сабе такія ўласцівыя ім якасці, як бязмежная працаздольнасць, сумленнасць і адказнасць, шчырасць і каханне.

— Як вы лічыце, ці павінны бацькі ўдзельнічаць у лёсе дзяцей, ці дзіця павінна ўсяго дабівацца самастойна?
— Па-першае, дзеці павінны самі вызначаць, чым яны будуць займацца ў будучыні. Часам здараецца так, што лепш адпусціць дзіця ў самастойнае плаванне, час ад часу карэкціруючы яго выбар карыснымі парадамі, але, вядома, калі ваша дзіця аб гэтым вас папросіць.

— Але ж кажуць, што на сваіх памылках вучацца толькі…
— Я з гэтым не згодна. Кожны вучыцца толькі на сваім вопыце, а чужыя спробы, памылкі ці, наадварот, поспехі толькі наглядны прыклад.
Калі нам небам даверана выхаванне новага чалавека, лічыцца, што ў першую чаргу менавіта мы, бацькі, станем іх галоўнай апорай у жыцці — і гэта павінна праяўляцца як у нашых прамых дзеяннях, так і ў маральнай падтрымцы.

— Хутка Новы год і Каляды. Ці ёсць у вас асаблівыя звычаі і сямейныя традыцыі? Як вы сустракалі Новы год у дзяцінстве і як сустракаеце цяпер?
— Відаць, ва ўсіх артыстычных сем’ях адзінай навагодняй традыцыяй з’яўляецца шчыльны і напружаны графік работы. Тым не менш мы заўсёды ўпрыгожваем елку, пад якую Дзед Мароз у навагоднюю ноч цудоўным чынам кладзе падарункі. Калі здараецца, што ў навагоднюю ноч я дома, то звычайна гляджу тэлевізар і абавязкова пад бой гадзінніка загадваю жаданне.

— Ці часта збываюцца навагоднія жаданні?
— На жаль, не так часта, як я таго хацела б. Але мы заўсёды павінны чакаць цудаў (а яны сапраўды адбываюцца!) і верыць, што ў адзін момант з намі таксама адбудзецца нешта радаснае і цудоўнае.

— Які быў самы доўгачаканы падарунак, атрыманы вамі на Новы год?
— Калі мне было 12 гадоў, тата знайшоў пад Новы год на вуліцы і прынёс дадому пухнатага чорнага велікавокага дварняка Джэсечку. Як любое дзіця я марыла аб сабаку, таму гэта быў, напэўна, самы доўгачаканы навагодні падарунак. Джэсі пражыла ў нашай сям’і 14 гадоў, напаўняючы маё жыццё, акрамя рэгулярных прагулак па свежым паветры, вялікім шчасцем.
А наогул, пад Новы год для мяне самы лепшы падарунак — гэта званок або вестка ад старых сяброў, з якімі даўно не бачылася, або проста нейкія добрыя навіны. Бо ў навагоднюю ноч кожны з нас чакае менавіта такіх цудаў.

— Што падарыце сваім блізкім у гэты Новы год?
— У мяне ёсць пэўныя думкі на гэты конт, але паколькі падарункамі ўсё ж такі займаецца Дзед Мароз, то не будзем раскрываць усіх таямніц. Галоўнае — гэта дарыць сваё добрае стаўленне, разуменне, радасць і любоў. Ад гэтага і самому светла на душы і блізкія здаровыя і шчаслівыя!

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.