Электрамабіль, аэрахакей, крэсла-трон і шмат чаго яшчэ вырабляюць з драўніны вучні браслаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.М.Жданава разам са сваім настаўнікам тэхнічнай працы Аляксандрам Пятроўскім. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ідэя за ідэяй
Невычэрпны энтузіязм, шчырае імкненне зацікавіць вучняў, пастаянны пошук новых форм работы з дзецьмі і спосабаў іх матывацыі — адметнасці педагагічнай дзейнасці гэтага настаўніка. Ён не толькі праводзіць урокі, факультатыўныя заняткі, займаецца са школьнікамі ў аб’яднанні па інтарэсах, рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах. Аляксандр Мікалаевіч з’яўляецца яшчэ і аўтарам розных ініцыятыў і праектаў. Так, некалькі гадоў назад у школе ажыццявілася яго ідэя па стварэнні мабільнай пляцоўкі “Мара дзяцінства”: былі выраблены малыя архітэктурныя формы (гульні) з экалагічна бяспечных матэрыялаў для развіцця маторыкі дзяцей.
— Самае цікавае, што актыўны ўдзел у гэтай ініцыятыве прынялі не толькі педагогі і вучні, але і бацькі. Мабыць, таму нарадзіўся яшчэ адзін праект, які праходзіў у рамках шостага школьнага дня, — “У майстэрню з татам”. Менавіта тут дзеці ўбачылі сваіх бацькаў за станкамі, з малатком і рубанкам у руках.
Два гады назад у педагога нарадзілася новая ідэя — стварыць майстэрню персанальных праектаў. Яна аб’ядноўвае выхаванцаў, якім падабаецца штосьці майстраваць сваімі рукамі. Заняткі разлічаны на вучняў 7—9 класаў, аднак паспрабаваць сябе тут могуць нават пяцікласнікі. Не забаронены ўваход і дзяўчынкам.
— Дзеці маюць магчымасць працаваць не толькі з ручным, але і з электрычным інструментам. Важна і тое, што я таксама атрымліваю ўнікальны вопыт. Атмасфера, якая пануе ў майстэрні, асаблівая. Тут няма чырвонай мяжы “вучань — настаўнік”, мы — суразмоўнікі, дзелімся думкамі, планамі, ідэямі, дапамагаем адно аднаму і не баімся рабіць памылкі. Я з дзяцінства назіраў, як бацька апантана працуе з драўнінай, і з цягам часу сам далучыўся і палюбіў сталярную справу. Зараз свае навыкі і веды імкнуся перадаць вучням, — гаворыць настаўнік.
Майстэрня размясцілася ў кабінеце працоўнага навучання і сустракае юных майстроў па суботах. Работа тут арганізавана так, каб усе былі заняты справай. Садзейнічаюць гэтаму тры кірункі дзейнасці, прадуманыя Аляксандрам Мікалаевічам.
Функцыянальна і зручна
Першы кірунак — абсталяванне майстэрні. Яго мэта — зрабіць працоўнае асяроддзе максімальна камфортным і зручным, прывучыць дзяцей да парадку і адказнасці.
— Сёлета ў майстэрні з’явіўся вялікі воз для інструментаў. Працавалі над ім з верасня. Выраблены ён з драўніны, у ім шмат скрынак, кожная з якіх прызначана для пэўных прылад працы. Дзеці ведаюць, дзе і што знаходзіцца, карыстаюцца і вяртаюць на месца. На наступны год паставілі перад сабой задачу зрабіць спецыяльнае прыстасаванне для фарбавання вырабаў, каб не пэцкаць лакам і фарбамі ўсё навокал. Ёсць задума наконт вялікага стала для зборкі, — дзеліцца настаўнік.
Сваімі ідэямі і праектамі настаўнік дзеліцца ў сацыяльнай сетцы Instagram у акаўнце @NA_TRUDAX.
Самая ж галоўная яго мара — працаваць з вучнямі ў класнай майстэрні з сучасным абсталяваннем. Пакрыху яна здзяйсняецца.
— Нашы вырабы мы прадстаўляем на гарадскіх і раённых мерапрыемствах. Старшыня райвыканкама высока іх ацаніў і зацікавіўся. Аддзелам па адукацыі былі выдзелены сродкі з бюджэту — 20 тысяч рублёў на набыццё новых станкоў. Але ж многага яшчэ не хапае. Напрыклад, марым пра 3D-прынтар, станкі з лазерам, з лічбавым кіраваннем. Тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка, хочацца, каб дзеці ведалі, якія новыя магчымасці даюць сучасныя электраінструменты, — разважае Аляксандр Мікалаевіч.
Сам сабе майстар
Другі кірунак дзейнасці ў майстэрні — распрацоўка вырабаў па ўласных праектах.
— Ён дае магчымасць дзецям з творчымі здольнасцямі ўвасабляць у жыццё цікавыя ідэі. Я, канечне, спяшаюся падтрымаць іх запал, які можа вельмі хутка знікнуць (усміхаецца), падказваю, накіроўваю, рыхтую матэрыял для вырабаў. У выніку атрымліваюцца персанальныя праекты. Некаторыя бываюць настолькі маштабнымі, што працуем над імі па некалькі месяцаў, — расказвае настаўнік.
Напрыклад, настольная гульня “Футбол”. Першая была выканана як праект да алімпіяды, але потым удзельнікі майстэрні натхніліся і тройчы паўтарылі выраб для ўласнага карыстання. Юнаму сталяру ўдалося змайстраваць з драўніны і аэрахакей, які потым выстаўляўся на гарадскіх святах.
— Дзевяцікласнік Яўген Стэльмачонак загарэўся ідэяй зрабіць крэсла-трон. У яго творчай скарбонцы шмат вырабаў, праўда, такіх вялікіх не было. Разам распрацоўвалі чарцяжы, я дапамагаў шліфаваць, злучаць дэталі. Атрымаўся сапраўдны трон! Максім Дудзевіч убачыў у інтэрнэце электрамабіль і вырашыў змайстраваць падобны. Карпатліва працуе над кожнай дэталлю. Наперадзе задача аснасціць машынку рухавіком, — тлумачыць Аляксандр Мікалаевіч.
У майстэрні размешчаны стэнд з фотаздымкамі створаных вырабаў: вешалкі для адзення, менажніцы для розных страў, прылады для кухні, лесвіца, драўляныя цацкі… Гэта дадатковая крыніца гордасці і натхнення для ўдзельнікаў майстэрні.
— Вырабы дзеці забіраюць сабе. Часцей за ўсё дораць родным. Мы таксама зрабілі асобны стэнд, на якім пішам свае планы на найбліжэйшы час па кожным кірунку дзейнасці. Напрыклад, індывідуальныя праекты ў красавіку — домік для ката, макет аўтамабіля, столік, падстаўка пад гарачае… Паспелі зрабіць — выкрэсліваем, плануем новае, не паспелі — пераносім на перспектыву, — заўважае Аляксандр Мікалаевіч.
Зачын на будучыню
Трэці кірунак дзейнасці — работа з тымі дзецьмі, якія хочуць не толькі ствараць вырабы сваімі рукамі, але і рэалізоўваць іх. Школьнікі робяць сувеніры для кірмашоў, міжнароднага фестывалю “Браслаўскія зарніцы”.
— Зараз пакупнікамі ў асноўным выступаюць бацькі дзяцей. Мы робім рэкламныя каляндарыкі, буклеты. Мэта гэтага кірунку — каб дзеці разумелі, што ў будучыні яны могуць стварыць свой бізнес-праект і зарабляць грошы, — лічыць Аляксандр Мікалаевіч.
Ён марыць сабраць каманду, якая будзе працаваць у гэтым кірунку. У планах распрацаваць свой брэнд, прыдумаць лагатып.
— Вырабы на продаж павінны быць выдатнай якасці. І хаця я магу шмат чаго даручыць і даверыць дзецям, усё ж такі яны могуць памыліцца. І гэта будзе брак. Да таго ж ёсць складаныя этапы работы, якія патрабуюць ад мяне максімальнага ўдзелу, — расказвае настаўнік.
Займаюцца ўдзельнікі майстэрні і дабрачыннымі справамі. Напярэдадні Новага года вырабілі каля сотні драконаў — сімвалаў бягучага года, каб уручыць іх пажылым людзям у доме састарэлых.
— Дзеці стараліся. Самы актыўны майстар, які зрабіў найбольшую колькасць драконаў, атрымаў падарунак — набор інструментаў. Праводзім штогадовы конкурс на званне “Майстар года”, адзначаем таго, хто з’яўляецца аўтарам шматлікіх праектаў, прымаў удзел у выставах, мерапрыемствах. Гэтым разам шрубавёрты атрымалі вучні 5—7 класаў, якія далучыліся да майстэрні персанальных праектаў. Для іх гэта вялікі гонар і добрая матывацыя, — перакананы настаўнік.
Дарэчы, вучні Аляксандра Пятроўскага неаднаразова станавіліся пераможцамі раённага і абласнога этапаў конкурсаў “ТэхнаЁлка” і “Калядная зорка”.
Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара