Настаўнік думкамі і справамі

Сапраўдны настаўнік думкамі і справамі заўсёды заняты сваёй работай, вельмі любіць яе, яму хочацца ісці ў школу, каб зноў убачыць сваіх вучняў. Ён цэніць кожны дзень, кожны ўрок важны для яго. На шчасце, такіх людзей  многа ў розных установах адукацыі нашай краіны. Сярэдняй школе № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага надзвычай пашанцавала: тут сваю душу цалкам аддаюць дзецям цудоўныя людзі. Адзін з іх — Уладзімір Мечыслававіч Паграбіцкі. Мудры, тактоўны, надзейны. Яго любяць дзеці, з яго меркаваннямі лічацца калегі, да яго прыслухоўваюцца бацькі вучняў. Гэта чалавек з залатымі рукамі і вялікім сэрцам.

У сучасным свеце шмат творчых прафесій, якія патрабуюць цярпення і таленту. Але ёсць і такія, якія цяжка назваць толькі прафесіяй. Праца настаўніка менавіта такая. Гэта не проста работа, гэта патрэба душы і  прызванне. Уладзімір Мечыслававіч, без сумненняў, знайшоў сваё ганаровае і адказнае прызванне: ён настаўнік працоўнага навучання. Ён майс­тар, які, нягледзячы на высокі прафесіяналізм, не перастае самаўдасканальвацца.

Ужо ўзгадвала пра яго мудрасць. А як жа! Ён аднолькава, з павагай, адносіцца да ўсіх вучняў: здольных і не вельмі, ураўнаважаных і гарэзаў, акуратных і неахайных. Не дзеліць вучняў на добрых і дрэнных, любіць усіх аднолькава. У нас вялікая школа, і да кожнага вучня Уладзімір Мечыслававіч ведае, як падступіцца.

Ён адносіцца да дзяцей з вялікім клопатам. Прынцыпова ставіцца да таго, каб усе ўважліва выслухалі правілы работы з інструментамі, каб кожны меў форму для работы, не пакідае выхаванца сам-насам з невырашальнай задачай. Настаўнік верыць: кожнае дзіця мае творчы патэнцыял. Перакананы, што хлусня, раўнадушша, няшчырасць недапушчальныя ў настаўніцкай працы, не могуць зрабіць вучня паспяховым.

Уладзімір Мечыслававіч — шчаслівы бацька дваіх сыноў, сёння ўжо дарослых. Мабыць, таму ведае лепш за многіх, як справіцца з хлопчыкамі, калі раптам тым хочацца пасваволіць; ведае, як стрымаць гнеў дзіцяці; паказвае важнасць працы ў сённяшні складаны час. Вельмі дапамагае Уладзіміру Мечыслававічу тое, што ён любіць прадмет, які выкладае, умее зрабіць свае заняткі цікавымі, запамінальнымі. А самае важнае — ён любіць тых, каму выкладае. Дзеці тонка адчуваюць няпраўду, іх не падманеш. Калі настаўнік не можа зразумець душу маленькай асобы, не валодае патрэбным запасам цярпення, значыць, гэта не яго прызванне. Уладзімір Мечыслававіч шчыры і адкрыты да дзяцей, і яны, адчуваючы гэта, адкрываюцца і давяраюць яму. 

За ўсё, што робіць, настаўнік нясе адказнасць. Гэтаму вучыць і дзяцей. Таму ён узор і ў штодзённым жыцці: у адносінах з тымі, хто яго акружае, у адзенні, у манеры паводзін, у сваіх захапленнях. Вучні ста­вяць настаўніка сабе ў прыклад, раўняюцца на яго, цэняць і любяць. Уладзімір Мечыслававіч заслужыў гэтую любоў.

Плённая праца педагога дае вынікі: яго вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі школьнага, раённага і абласнога этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”.

Вучні слухаюць настаўніка з адкрытай душой, цэняць яго працу. Вось што гаворыць пра Уладзіміра Мечыслававіча Андрэй Зарамбоўскі, вучань 9 “А” класа: “Чалавек ён добры, чуллівы. Я заваяваў дыплом ІІІ ступені на абласным этапе прадметнай алімпіяды дзякуючы цярплівасці і вопыту Уладзіміра Мечыслававіча. А вопыт, дарэчы, у яго вялікі — 34 гады. Ён ніколі не павышае голасу, не крычыць. Заўсёды растлумачыць, калі вучань нешта не зразумеў, дапаможа, калі нешта зроблена няправільна. Звычайна ў добрым настроі, які перадае і нам. Ён вельмі адукаваны і расказвае нам шмат цікавага. Па сваім прадмеце ведае ўсе паняцці, параметры. Мне надзвычай пашчасціла сустрэць такога настаўніка, які ўсю сваю душу і вопыт аддае нам, дзецям”.

Уладзімір Мечыслававіч — настаўнік заў­сёды і ўсюды, а не толькі ў сваім рабочым кабінеце. Незалежна ад часу, у любы момант адгукнецца на просьбу вучня, кіраўніцтва, бацькоў. За гады работы ў школе педагог заваяваў давер і павагу сваіх калег. Былы дырэктар нашай школы, зараз настаўнік нямецкай мовы, Аляксандр Іванавіч Саладуха так гаворыць аб У.М.Паграбіцкім: “Сваім знешнім выглядам, дысцыплінаванасцю і адносінамі да працы ён выхоўвае ў дзецях найлепшыя якасці: адказнасць, абавязковасць, дзелавітасць, развівае ў іх творчасць, крэатыўнасць і жаданне працаваць”.

Калегі ведаюць, што побач з імі працуе надзейны чалавек. “Прыемна ўсведам­ляць, што ёсць чалавек, заўсёды гатовы праця­гнуць руку дапамогі,  — расказвае Таццяна Міхайлаўна Гірко, якая працуе ў адной звязцы з У.М.Паграбіцкім (выкладае ў дзяўчынак). — Уладзімір Мечыслававіч вельмі на­дзейны, акуратны, карпатлівы, спакойны і тактоўны. Заўсёды ўсміхаецца, любіць пажартаваць і ўзняць гэтым самым настрой”.

Вось такі гэты чалавек: адказны, самавіты, правільны. Кожны дзень мы радуемся за сябе і за навучэнцаў, што Уладзімір Мечыслававіч працуе разам з намі.

Святлана ШАКУН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага.