Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Іван Наскевіч натхніў стаць яго калегамі больш як 20 вучняў

- 9:00Главная, Образование

За 36 гадоў работы настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Іван Наскевіч больш як 20 сваіх вучняў натхніў стаць яго калегамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Спартыўны шлях

Настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Іван Іванавіч Наскевіч працуе на Століншчыне 36 гадоў. І з іх 30 гадоў — у Аздаміцкай сярэдняй школе. Педагог ведае, як зрабіць свае ўрокі любімымі ў вучняў.

Ён успамінае:

— У нашым дзяцінстве не было мабільных тэлефонаў і інтэрнэту, таму мы з сябрамі дома не сядзелі — стараліся як мага хутчэй зрабіць урокі і беглі на вуліцу ганяць мяч. Асабліва паважалі футбол і баскетбол. Толькі ў нашых Цераблічах збіралася па 4—5 каманд (у розных канцах вёскі — свая каманда), і мы спаборнічалі паміж сабой. Самі ладзілі сяброўскія турніры, не чакалі, што дарослыя ці настаўнікі ў гэтым нам дапамогуць. Нават кубкі разыгрывалі, па чарзе прасілі сваіх мам спячы торт для прыза. Зімой сустракаліся з хлопцамі на возеры: гулялі ў хакей. Возера заўсёды было гатова да матчаў — не паспее выпасці снег, як мы тут жа яго чысцілі. Канькі было цяжка набыць у той час, але мы неяк іх знаходзілі і куплялі. Клюшкі высякалі з дрэва самі. На наша возера прыходзілі сапернікі нават з суседніх вёсак, найчасцей з Аздаміч.

Цяпер жа ў аздаміцкіх школьнікаў ёсць чалавек, які ўмее накіраваць іх спартыўны запал у правільнае рэчышча.

— Тое, што стану настаўнікам фізкультуры, я вырашыў яшчэ ў 7 класе. Тады да нас прыйшоў працаваць пасля тэхнікума настаўнік фізкультуры Мікалай Арсеньевіч Крупец. Ён так умеў расказаць пра свае студэнцкія гады, заняткі, саму спартыўную сферу, што і мне захацелася пайсці такім шляхам, — гаворыць педагог.

Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна Іван Наскевіч шчыраваў настаўнікам фізкультуры ў сваім раёне. І педагог асабліва ўдзячны лёсу, што ў яго з’явілася магчы­масць настаўнічаць у Аздаміцкай школе (тут ён вучыўся ў старшых класах пасля васьмігодкі ў Цераблічах).

Баскетбол для самых спрытных

Акрамя ўрокаў, Іван Іванавіч шмат гадоў вядзе секцыю па баскетболе. У яе межах часта арганізоўвае таварыскія сустрэчы. На рахунку юных спартсменаў шмат перамог на раёне, вобласці, нядрэнны вынік і на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Таму што каманда Івана Наскевіча — сур’ёзны сапернік, а абгрунтаванне гэтага — ранняя падрыхтоўка спартсменаў.

— Я набіраю да сябе ў гурток дзяцей яшчэ з пачатковай школы — з 2 класа. Самых спартыўных і спрытных вучняў з добрай каардынацыяй я заўважаю адразу, на першых жа ўроках фізкультуры, і прапаноўваю ім заняткі ў секцыі, — расказвае суразмоўнік. — Дарэчы, хоць лічыцца, што поспех у баскетболе ў многім залежыць ад росту спартсмена, я з гэтым не згодны. Рост дзіцяці важны, але не вызначальны, бо на пляцоўцы для ўсіх ёсць занятак. Высокія дзеці здымаюць, гуляюць на абароне, падборы, выбіванні. Нізкія дзеці, як правіла, жвавыя, таму разыг­рываюць мяч, робяць дакладныя перадачы.

Хоць школа не надта вялікая, сабраць каманды баскетбалістаў педагогу няцяжка. Сёлета ў яго гуртку каля 30 чалавек — прык­ладна пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер галоўная надзея каманды — навучэнцы 9—10 класаў.

— У нашай школе няма праблем з наборам дзяцей, жадаючых займацца баскетболам шмат. Для іх гэта ўжо неабходнасць, жыццёвая патрэба. Нават невялікі перапынак у трэніровачным працэсе дзеці рабіць не хочуць. Калі я вымушаны паехаць на курсы, яны не могуць мяне дачакацца і з радасцю сустракаюць. Мне прыемна гэта бачыць, — дзеліцца Іван Іванавіч.

Зрэшты, любая паўза ў трэніроўках адмоўна адбіваецца і на спаборніцтвах. Таму юныя спартсмены абсталёўваюць спартыўныя пляцоўкі нават дома. Так, у двары дома дзевяцікласніцы Вікторыі Леткіман ёсць кальцо, і яна займаецца там у вольны час з вясны да восені, каб не было перапынкаў ні на выхадных, ні на канікулах. Часам дзяўчына збірае на трэніроўкі і сваю каманду.

Як гэта ўплывае на спартыўны стан каманды, мне давялося ўбачыць падчас трэніроўкі. Гэта былі заняткі ў дзявочай камандзе. Адточаны кожны прыём, хуткія перадачы і, канечне, дакладныя пападанні ў кальцо.

Пытаюся ў дзяўчат: што галоўнае ў баскетболе? Па іх меркаванні, гэта хуткасць, вера ў сябе і адчуванне каманды. Вікторыя Леткіман гаворыць, што важна прадумваць сваю тактыку і прытрымлівацца яе. А яшчэ важна не скнарнічаць мяча.

Ёсць у дзяўчат і яшчэ адно правіла: нельга недаацэньваць саперніка. Аліна Курлыкіна гаворыць, што яшчэ падчас размінкі становіцца відавочна, наколькі моцная каманда. Але нават калі ты бачыш, што каманда слабаватая, гуляць з ёй усё роўна трэба на максімуме. Толькі так можна разлічваць на перамогу.

Настроіць на поспех добра атрымліваецца і ў іх трэнера. Ён гаворыць:

— Перад выступленнем я нагадваю дзецям, што яны лепшыя, што падрыхтаваны да спаборніцтваў, што навучаны ўсім тэхнічным прыёмам. Звычайна гэтага хапае. Але калі нешта не атрымалася, гэта не трагедыя. Дзеці мяне нават часам папракаюць, што я з імі надта мяккі. Кажуць: не пашко­дзіла б лішні раз накрычаць на іх, тады яны будуць больш старацца. Не, я так не хачу. Падтрымка, падказка, парада павінны быць добрымі. Навошта той крык?

З вучняў — у калегі

За гады настаўніцтва больш за 20 выпускнікоў Івана Наскевіча сталі яго калегамі. А адна з выпускніц — Ганна Ніканчук — 12 гадоў назад вярнулася ў родную школу і працуе разам з Іванам Іванавічам. Такія ж намеры маюць і яго сённяшнія навучэнцы. У прыватнасці, амаль уся дзявочая каманда збіраецца працягнуць свае матчы ўжо на прафесійным узроўні.

Марына Тарчыла гаворыць:

— З установай я вызначылася: буду паступаць у педуніверсітэт у Мазыры, а з кірункам — яшчэ не. У мяне ёсць год. Выбіраць буду паміж настаўнікам пачатковых класаў і настаўнікам фізкультуры.

Настаўніцай пачатковых класаў бачыць сябе і Аліна Курлыкіна. Але пакуль не ўпэўнена ў гэтым, магчыма, звяжа жыццё толькі са спортам. Яна аматарка адначасова і футбола, і баскетбола, але большыя поспехі робіць у футболе, нядаўна прымала ўдзел у першынстве Рэспублікі Беларусь па гэтым відзе спорту. Дзяўчына ў якасці варыянта разглядае для сябе і трэнерскую работу.

Іван Наскевіч прызнаецца, што, хоць яму прыемна бачыць калег у ліку сваіх выпускнікоў, усё ж не гэта для яго галоўная мэта:

— Імкнуся, каб мае вучні шчыра палюбілі спорт, каб і праз шмат гадоў з цеплынёй успаміналі школу і нашы ўрокі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара