“Настаўнік — гэта не прафесія, а маё жыццё”

- 12:01Якасць адукацыі

Сёлетні навучальны год асаблівы для настаўніцы рускай мовы і літаратуры Калінкавіцкай гімназіі Гомельскай вобласці Святланы Васільеўны Бруйло. Ужо трыццаты раз у якасці педагога першага верасня на ўрачыстай лінейцы яна сустракаецца са сваімі вучнямі. Юбілейны год будзе азнаменаваны яшчэ і тым, што напрыканцы яго Святлана Васільеўна як класны кіраўнік адправіць у самастойнае жыццё свой пяты выпуск.

Хіба магла выбраць іншую справу?

Святлана Васільеўна свядома прадоўжыла справу сваякоў, дзякуючы чаму склалася педагагічная дынастыя. Яна ганарыцца гэтым і адначасова адчувае вялікую адказ­насць. Ёй заўсёды было важна стаць прафесіяналам, дастойна працягваць прафесію сваіх родных. Мама, Марыя Андрэеўна, працавала настаўніцай пачатковых класаў у школе ў вёсцы Грушное Брагінскага раёна, адкуль родам С.В.Бруйло. Дачка у ліку іншых першакласнікаў пад яе кіраўніцтвам адправілася ў Краіну ведаў, дзе вучылася чытаць і пісаць. На ўсё жыццё ў памяці засталіся ласкавая ўсмешка мамы-настаўніцы, яе цікавыя ўрокі, цеплыня і дабрыня, якіх хапала на ўсіх вучняў, трапяткія адносіны дзяцей і павага аднавяскоўцаў.

— Я з малых гадоў бачыла, як мама, зрабіўшы хатнія справы, вечарамі сядзела за сталом над вучнёўскімі сшыткамі і планамі ўрокаў, — узгадвае С.В.Бруйло. — І, гледзячы на яе, я нават па-добраму зайздросціла, бо бачыла, што гэта прыносіць ёй радасць, напаўняе жыццё яшчэ большым сэнсам. Мама ніколі не скардзілася ні на цяжкасці, ні на стомленасць, ні на непаслухмяных вучняў. З радасцю дзялілася добрымі навінамі пра поспехі дзяцей, пра тое, як яны мяняюцца да лепшага. За гэта яе вельмі любілі ў нашай вёсцы. Нярэдка калегі і аднавяскоўцы прыходзілі ў наш дом за слушнай парадай, падтрымкай, добрым словам.

Акрамя таго, настаўніцай малодшых класаў была яшчэ і маміна сястра, таму дома часта даводзілася слухаць прафесійныя размовы родных. З маленства Святлана ганарылася імі, асабліва мамай, хацела быць падобнай на яе, таму і з выбарам прафесіі ніколі ніякіх пытанняў не стаяла. Хіба магла яна ў такой атмасферы выбраць нейкую іншую справу? Вырашыла таксама стаць настаўніцай і крок за крокам, год за годам ішла да сваёй мары. Бацькі падтрымалі дачку ў яе выбары.

У роднай вёсцы была толькі пачатковая школа. Таму пазней Святлане давялося дабірацца ў школу ў суседнюю вёску Савічы ажно за 8 кіламетраў. Сёння ўжо складана ўявіць, што вучням штодня неабходна было пераадольваць такую адлегласць. Аднак пра гэты перыяд жыцця ў С.В.Бруйло захаваліся таксама вельмі светлыя ўспаміны. Ёй падабалася вучыцца, магчыма, таму і дарога ў школу не падавалася нечым цяжкім. З радасцю спяшалася на ўрокі, асабліва да­спадобы былі руская мова і літаратура. Паспявала не толькі добра вучыцца, але яшчэ і шмат дапамагаць па гаспадарцы. А ў вольны час дзяўчына з захапленнем адну за адной перачытвала кнігі з вялікай бацькоўскай бібліятэкі. Літаратура стала неад’емнай часткай жыцця, захапленнем, якое хутка перарасло ў жаданне выбраць менавіта гэты прадмет для далейшай вучобы.

Дзіцячая мара пачала спраўджвацца, калі, дастойна вытрымаўшы ўступныя іспыты, дзяўчына паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на філалагічны факультэт. Гэта была важная падзея для ўсёй сям’і, у Святланы пачынаўся новы перыяд жыцця. Яна з цікавасцю слухала лекцыі і рыхтавалася да практычных заняткаў. Адкрывала таямніцы заўсёды любімай рускай літаратуры, лёсы пісьменнікаў і паэтаў, загадкі іх творчасці. Хацелася за час вучобы нічога не ўпусціць, каб быць максімальна падрыхтаванай да таго моманту, калі прыйдзецца стаць за настаўніцкі стол і паглядзець у дапытлівыя вочы вучняў.

Захапленне стала любімай работай

Першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці асабліва ярка ўрэзаліся ў памяць. Святлана Васільеўна была размеркавана ў сярэднюю школу № 4 Калінкавіч. На той час гэта быў абсалютна невядомы і чужы для яе горад. Безумоўна, не абышлося без хвалявання наконт таго, як удасца ўладкавацца, наладзіць кантакт з калектывам, вучнямі, суседзямі. У мудрым выразе сцвярджаецца: “Масква не адразу будавалася”. Жыццё на любым новым месцы, напэўна, таксама. Але заўсёды вельмі многае ў тым, каб нарэшце ўсё склалася паспяхова, залежыць ад самога чалавека: таго, як ён зарэкамендуе сябе, будзе ставіцца да людзей і сваіх абавязкаў, як праявіць сябе на словах і ў справах.

Святлана Васільеўна ў Калінкавічах даўно стала паважаным чалавекам. Сёння яна з усмешкай гаворыць, што на першую сваю школьную лінейку, дзе яна была ў ролі настаўніка, ішла вельмі доўга. Маршрут быў яшчэ малавядомым, да таго ж дадалося хваляванне. Яна нават ледзь не заблукала ў горадзе, але ўрэшце, паколькі выйшла за паўтары гадзіны да пачатку мерапрыемства, прыйшла своечасова. Усхвалявалі прыгожае адкрыццё новага навучальнага года і агульная радасць ад сустрэчы пасля доўгага развітання. Для маладой настаўніцы важнай падзеяй было яшчэ і знаёмства з пяцікласнікамі, для якіх яна стала нязменным класным кіраўніком. На той момант і педагог, і дзеці прыкметна хваляваліся і не ведалі, чаго чакаць адно ад аднаго, аднак вельмі хутка знайшлі агульную мову.

— У школе мяне, навічка, адразу акружылі ўвагай, — дзеліцца ўспамінамі С.В.Бруйло. — І дырэктар, і намеснікі, і калегі аднесліся вельмі цёпла, ва ўсім падтрымлівалі. Калі на першым педагагічным савеце размова зайшла пра класнае кіраўніцтва, я спачатку адмаўлялася. Але вопытныя калегі раілі ўзяць 5 клас, хвалілі яго вучняў, пераконвалі не баяцца. Прыслухалася да парады і ні разу не пашкадавала аб гэтым. Дзякуючы таму, што я адразу стала не толькі настаўнікам-прадметнікам, але яшчэ і класным кіраўніком, усталяваліся больш цесныя і цёплыя адносіны з дзецьмі. Я адчула, што люблю сваю справу і хачу ёй займацца ўсё жыццё.

Прывабная, зеленавокая, актыўная новая настаўніца, нягледзячы на маладосць, хутка змагла стаць старэйшым сябрам для вучняў, падтрымліваць дысцыпліну нават у самым шумным класе і зацікавіць дзяцей рознага ўзро­сту сваімі прадметамі. На той момант вопытам работы і сваімі прафесійнымі парадамі з ёй дзяліліся не толькі калегі, але і родныя, у першую чаргу, канечне, мама, педагагічны стаж якой складае больш за 40 гадоў.

Вучыць і дзяліцца цеплынёй душы

Сёння за плячамі ў Святланы Васільеўны ўжо амаль трыццаць гадоў адказнай настаўніцкай працы. Назапасіліся багаты педагагічны вопыт, жыццёвая мудрасць. Сямнаццаць гадоў С.В.Бруйло працавала ў сярэдняй школе № 4, куды была размеркавана. Затым перайшла ў Калінкавіцкую гімназію. Тут вучылася старэйшая дачка, у якой Святлана Васільеўна, як у свой час і яе мама, таксама вяла ўрокі і была класным кіраўніком. Педагогі гаво­раць: на тое, каб працаваць у класе, дзе вучыцца тваё дзіця, патрэбна асаблівая рашучасць. Неабходна быць вельмі мудрым, выпрацаваць такі падыход, каб усе дзеці ў класе былі роўныя, усе адчувалі сябе камфортна.

Адным з самых хвалюючых для Святланы Васільеўны заўсёды было пытанне: як зацікавіць вучняў свамі прадметамі, тэмай урока? Адказ ёй даводзіцца шукаць зноў і зноў, кожны раз у новай сітуацыі, з іншымі вучнямі. Часам і сёння пры падрыхтоўцы да ўрокаў узні­каюць сумненні: “Ці атрымаецца захапіць аўтарам, зачапіць літаратурным творам, пакінуць неабыякавымі? Як растлумачыць тэму так, каб было зразумела ўсім без выключэння?”

— Вучні пастаянна мяняюцца, і важна іх разумець і прымаць такімі, якія яны ёсць, — адзначае С.В.Бруйло. — Яны слуха­юць пэўную музыку, чытаюць тое, што іх кранае і мо­дна, не ўяўляюць жыцця без гаджэтаў, авалодваюць новымі праграмамі. І настаўніку неабходна, што называецца, быць у тэме. Мае гімназісты веда­юць: не варта губляць час і спампоўваць з інтэрнэту сачыненне ці даклад. Настаўніца рускай мовы і літаратуры не горш за іх разбіраецца ў сусветнай павуціне і добрую адзнаку за чужыя думкі не паставіць.

Каб зацікавіць і актывіза­ваць вучняў, Святлана Васільеўна знаходзіцца ў няспынным пошуку новых форм і метадаў выкладання. Пастаянна задае сабе пытанне: “А мне б гэта спадабалася?” На ўроках літаратуры стараецца дапамагчы вучням адчуць атмасферу пэўнага часу і твора, які вывучаецца. Падрабязна расказвае пра эпоху, аўтара. Шмат увагі ўдзяляе апісанню дэталей, таму што сёння ў вучняў ёсць магчымасці прачытаць скарочаны варыянт твора, абсалютна не ўнікнуўшы пры гэтым у сэнс і не атры­маўшы ніякай карысці.

Святлана Васільеўна — прыхільнік нестандартных падыходаў. У малодшых класах, каб дзеці хутчэй запаміналі правілы, часта выкарыстоўвае гульнявыя прыёмы, незвычайныя схемы, рэбусы. Старшакласнікам прапануе ўрокі-дыспуты, урокі-думкі, на якіх кожны вучань атрымлівае магчымасць выказацца. У пазаўрочнай дзейнасці адной з традыцыйных і ўсімі любімых форм сталі літаратурныя гасцёўні. Яны заўсёды праходзяць вельмі ярка, у прыгожай і творчай атмасферы. Тут удала спалучаюцца розныя віды мастацтва: літаратура, музыка, танец, жывапіс. А самае галоўнае — вучні праяўляюць свае таленты, часам упершыню спрабуюць сябе ў новай ролі і па-іншаму раскрываюцца, так, што ўсе дзіву даюцца. Кожнай літаратурнай гасцёўні папярэднічае доўгая карпатлівая праца, але С.В.Бруйло на ўласным вопыце ведае: усе намаганні вартыя такога важнага, прыгожага выніку. Пасля ва ўсіх надоўга застаюцца глыбокія веды, станоўчыя, радасныя эмоцыі, саграваюць цёплыя ўспаміны. У гэтым навучальным годзе ў планах настаўніцы таксама чарговая крэатыўная літаратурная гасцёўня. Гэтага з нецярпеннем чакаюць вучні і іх бацькі, калегі і сама Святлана Васільеўна.

Поспехі вучняў — вялікая радасць

Яшчэ адзін з асабліва важных кірункаў — духоўнае выхаванне. С.В.Бруйло — член творчай групы інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”, які рэалізуецца ў гімназіі. Час паказаў, наколькі важна і неабходна не адрывацца ад асновы асноў — веры, духоўнасці. Вучні Святланы Васільеўны з задавальненнем удзельнічаюць у разнастайных тэматычных мерапрыемствах, наведваюць факультатывы. Дзякуючы гэтаму, яны пераасэнсоўваюць свае паводзіны і адносіны да іншых і паступова мяняюцца.

Любыя поспехі вучняў — вялікая радасць для С.В.Бруйло. Штогод хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі творчых конкурсаў і алімпіяд рознага ўзроўню, выпускнікі паспяхова здаюць ЦТ па рускай мове. Найбольш узнагарод (пяць дыпломаў на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і тры на абласным лінгвістычным конкурсе “Знай и люби русский язык”) за гады вучобы назапасілася ў скарбонцы выпускніцы Кацярыны Трошка. Яе пераемніцай стала дзевяцікласніца Марыя Повад, якая ў мінулым годзе таксама стала пераможцай абласнога этапу рэспублікан­скай прадметнай алімпіяды. У ліку апошніх перамог і адразу тры дыпломы гімназістаў на конкурсе па творчасці М.В.Гогаля, які праходзіў у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна.

— Настаўнік для мяне даўно не прафесія — гэта маё жыццё, гэта мой лёс і выбар, — гаворыць С.В.Бруйло. — Варта да­сканала ведаць свой прадмет і пастаянна развівацца, быць псіхолагам, разумець вучняў розных пакаленняў і складаў характару, адчуваць іх, пры неабходнасці выслухаць, дапамагчы, а часам проста пабыць побач, падзяліцца цеплынёй душы.

Сваім крэда ў прафесійнай дзейнасці Святлана Васільеўна лічыць пранікнёныя радкі настаўніцы-паэтэсы Наталлі Гарачавай:

Свой выбор сделала я много лет назад,
День ото дня, с урока на урок
Святой маяк — глаза учеников.
Для них несу судьбы своей свечу,
Я в них смотрюсь и ради них живу.

Непарыўную сувязь са сваімі вучнямі, былымі і сённяшнімі, настаўніца пранесла праз гады. Інакш і быць не можа. Як з самымі блізкімі, яна дзялілася з імі радаснымі і сумнымі навінамі, а яны — усімі сваімі падзеямі са Святланай Васільеўнай. У жыцці кожнага ёсць цяжкія моманты, непазбежныя страты, пра якія нават праз гады ўзгадваецца з болем. У такія перыяды Святлану Васільеўну ратавалі менавіта яе вучні, падтрымка іх і калег, любімая работа, на якой яна забывалася пра ўласныя праблемы. Гэта тое, за што яна адчувае асаблівую ўдзячнасць і пра што не можа гаварыць без слёз.

Сярод тых, каго вучыла і выхоўвала Святлана Васільеўна, ёсць прадстаўнікі розных прафесій. Кожная сустрэча з выпускнікамі — радасная, важная падзея. Сёлета дзеля таго, каб убачыцца з настаўніцай, былыя вучні з сярэдняй школы № 4 нават спецыяльна прыйшлі ў гімназію. Кожны выпуск быў асаблівым, непаўторным і дарагім сэрцу, і ўсіх Святлана Васільеўна рада бачыць і чакае з нецярпеннем. Цікава даведацца, як склалася жыццё, разам узгадаць школьныя часы. У мінулым годзе вучні з яе апошняга выпуску парадавалі навінамі: яны знайшлі справы сабе па душы і сталі прафесіяналамі, многія стварылі гарманічныя, моцныя сем’і, дзе нарадзіліся дзеткі. Словам, жыццё працягваецца, і гэта цудоўна…

Святлана Васільеўна лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам. Яна любіць сваю работу, знаходзіць у ёй натхненне і новыя сілы, напаўняе ўтульнасцю свой дом, дзе заўсёды чакае сваіх ужо дарослых дачок. Для адной з іх Першага верасня цяпер таксама асаблівы дзень. Старэйшая дачка прадоўжыла педагагічную дынастыю. Святлана Васільеўна не настойвала на такім выбары, але даўно марыла аб гэтым. Як і некалі яе маці, сёння яна рада даваць прафесійныя парады, дзяліцца вопытам настаўніцкай працы, без якой яе жыццё не было б такім прыгожым і гарманічным.

Таццяна ШЫМКО.