Так лічыць настаўніца беларускай мовы Святлана Васільеўна Арцюховіч. Чаму? Ды таму, што настаўнік не можа забыць пра свае школьныя справы ні на адзін дзень: яго думкі заўсёды вяртаюцца да вучняў, размовы з калегамі зноў і зноў спыняюцца на школе. Настаўнікі самі застаюцца вечнымі вучнямі.
Ужо шмат гадоў выкладае Святлана Васільеўна родную мову ў Верасніцкай школе, што на Жыткаўшчыне. Здаецца, яна менавіта з тых, хто нараджаецца быць настаўнікам. Праўда, прызнаецца, што ў дзяцінстве ў яе былі зусім іншыя мары. Спачатку было жаданне паспрабаваць сябе ў якасці мастака, бо добра малявала. Крыху падрасла і пачала разглядаць свае творчыя здольнасці куды шырэй: прафесія дызайнера адзення бачылася ёй больш цікавай і сучаснай. А потым неўзабаве захацелася пайсці ў спорт — адным словам, звычайныя дзіцяча-юнацкія сумненні і ваганні. Час ляцеў — вось ужо і атэстат у руках. Можна сказаць, што вырашальную ролю ў выбары прафесіі для Святланы Васільеўны адыграла маці.
— Калі я стаяла перад выбарам прафесіі, матуля ўвесь час паўтарала, як моцна сама некалі хацела стаць настаўніцай і як зайздросціла тым сябрам, у каго бацькі былі настаўнікамі, — расказвае Святлана Васільеўна. — У маёй памяці і зараз застаюцца словы мамы, якая запэўнівала ў тым, як будуць ганарыцца некалі мае дзеткі, калі будуць гаварыць: “Мая мама — настаўніца!”.
Не менш паўплывалі і любімыя педагогі. “У маім жыцці былі чатыры школы, кожная з якіх займае важнае месца ў маім сэрцы”, — гаворыць субяседніца. Першая — Кароціцкая сярэдняя школа Столінскага раёна. Гэта школа, дзе вучыліся бабулі і дзядулі, мама і тата. Падвесці сваіх блізкіх людзей дзяўчынка ніяк не магла, таму вучылася на “выдатна”. Сваю першую настаўніцу Валянціну Іванаўну Сямейку былая вучаніца заўсёды ўспамінае толькі добрымі словамі і ўпэўнена, што выбар прафесіі настаўніка — у многім яе заслуга.
У чацвёрты клас прыйшлося ісці ў іншую школу, бо сям’я змяніла месца жыхарства. Харомская сярэдняя школа ў тым жа Столінскім раёне хутка стала роднай і блізкай для чацвёртакласніцы Святланы. Выдатныя настаўнікі, цудоўны класны кіраўнік Іраіда Міхайлаўна Домніч, якая потым стала прыкладам у працоўнай дзейнасці Святланы Васільеўны. Цяпер, працуючы выхавальнікам, яна кіруецца яе прынцыпамі, часта робіць так, як некалі вучыла Іраіда Міхайлаўна.
— Яна была заўсёды побач з намі, разумела нас так, як мы самі разумелі сябе, ва ўсім падтрымлівала і абараняла ад усяго дрэннага, — з цеплынёй успамінае С.В.Арцюховіч. — Яна і зараз пры сустрэчы абавязкова распытае ўсё падрабязна аб жыцці і рабоце, дапаможа парадай. А яшчэ нам кожны раз ёсць што ўспомніць са школьнага жыцця, бо разам мы перажылі шмат цікавых момантаў.
Вось так, успамінаючы сваіх педагогаў і слухаючы парады маці, пасля школы дзяўчына накіравалася ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
Так у біяграфіі Святланы Васільеўны з’явілася трэцяя, Плотніцкая сярэдняя школа, што на Століншчыне. Але туды яна прыйшла ўжо не вучаніцай, а настаўніцай. Трывожна і хвалююча было ўпершыню пераступіць парог школы ў новай якасці. Першыя вучні, першыя калегі-настаўнікі, многія з якіх значна старэйшыя. Дарэчы, менавіта яны дапамагалі на пачатку працоўнага шляху, надавалі ўпэўненасці, вучылі, дзяліліся вопытам. Лёгка складваліся адносіны і з вучнямі — добрая і ветлівая настаўніца прыцягвала іх да сябе. Пасля многія пісалі ёй пісьмы, расказвалі пра сваё жыццё, раіліся.
Калі з’явілася сям’я, Святлана Васільеўна пераехала ў Гомельскую вобласць і пачала працаваць настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў Верасніцкай сярэдняй школе.
— Гэтая школа стала маёй на доўгія гады, — з усмешкай гаворыць настаўніца. — Тут вучацца мае дзеці — дачка і сын. Тут жа я ўпершыню стала класным кіраўніком.
Гэта быў добры вопыт, бо маладой настаўніцы дастаўся самы вялікі і шумны клас у школе. Зараз успамінаецца, як цяжка часам было знайсці агульную мову з выхаванцамі. Ішоў час — яны мяняліся, сталелі, набіраліся жыццёвага вопыту, і разуменне прыходзіла.
— Калі прыйшлося развітвацца з імі на выпускным балі, я не ўяўляла той дзень, калі прыйду ў школу і не сустрэну іх вачэй. Яны і зараз заходзяць у госці, тэлефануюць, пішуць. А хіба гэта не шчасце для настаўніка — адчуваць сувязь са сваімі вучнямі праз многа гадоў пасля школы?
Мабыць, гэтае пачуццё і ёсць пацвярджэнне таго, што ты выбраў правільны шлях у жыцці. Святлана Васільеўна называе сваю прафесію ўніверсальнай: лічыць, што яна здольна аб’яднаць у сабе іншыя прафесіі. Напрыклад, яна сама, стаўшы настаўніцай роднай мовы, змагла з лёгкасцю рэалізоўваць свае юнацкія мары. Як? А хіба настаўнікі не працуюць мастакамі, калі трэба падрыхтавацца да нейкага важнага школьнага мерапрыемства? Разам з дзецьмі яны пачынаюць маляваць плакаты, малюнкі і калажы. Ці няхай сабе вучнёўскія тэатральныя пастаноўкі. Тут і дызайнерскія ўменні спатрэбяцца: прыдумаць і пашыць касцюмы. А пра тое, што настаўнік павінен быць фізічна падрыхтаваным, і гаварыць не трэба: экскурсіі, спартландыі, турыстычныя паходы, велапрабегі…
А яшчэ, лічыць наша гераіня, каб дакрануцца да душы кожнага вучня, настаўнік абавязкова павінен быць паэтам і проста добрым чалавекам. Яна ўпэўнена, што кожны педагог выхоўвае сабе падобных, таму толькі праз асабісты прыклад можна прывучыць дзетак да неабходнасці дбаць пра захаванне і развіццё невычарпальных скарбаў народнай мудрасці. Як выкладчык беларускай мовы Святлана Васільеўна імкнецца, каб вучні палюбілі родную мову, каб хацелі размаўляць на ёй. Яна стараецца не прапусціць ніводны конкурс, алімпіяду ці іншае мерапрыемства, дзе яе навучэнцы могуць паказаць сябе. І заўсёды настаўніцу перапаўняе шчасце, калі дзеткі выходзяць пераможцамі, калі іх вочы свецяцца ад задавальнення, ад таго, што яны адчуваюць сваю вартасць у жыцці. Гэта натхняе на далейшую плённую працу.
Вядома, што калі ў педагога ёсць зацікаўленнасць, то ён абавязкова знойдзе, як прывіць інтарэс да справы дзецям. У метадычнай скарбонцы С.В.Арцюховіч шмат напрацовак. І кожны раз у яе нараджаюцца новыя задумкі. Некалькі гадоў вучні Верасніцкай школы разам са сваёй настаўніцай займаліся даследаваннем развіцця беларускага нацыянальнага касцюма. Шмат давялося ім пахадзіць у пошуках то спадніцы або кашулі з нацыянальным арнаментам, то камізэлькі або фартушка з вышыўкай. Сабралі добры матэрыял і адправіліся са сваёй даследчай работай на навуковую канферэнцыю, на якой атрымалі дыплом пераможцаў.
— Вельмі хачу, каб дзеці ведалі і шанавалі традыцыі і культуру роднага краю, — дзеліцца думкамі Святлана Васільеўна. — Мару, каб мова наша гучала не толькі на ўроках у школе, але і ў доме кожнага беларуса, каб нашы ўнукі і праўнукі таксама маглі дакрануцца душою да скарбаў, назапашаных вякамі. Спадзяюся, што мае вучні стануць Людзьмі з вялікай літары. А гэта лепшая ўзнагарода для кожнага настаўніка.