Настаўнік і вучні растуць разам

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Пачатковая школа — своеасаблівы падмурак. Ад таго, наколькі ён будзе трывалы, залежаць далейшае паспяховае навучанне, самавызначэнне і паўнавартасная сацыялізацыя вучняў. Органы кіравання адукацыяй Дрыбіншчыны гэта разумеюць, і асабліва важнай лічаць якасць работы настаўнікаў пачатковых класаў.

— Пачатковая школа — першая ступень да якасці адукацыі. Таму мы ўдзяляем увагу развіццю педагогаў гэтага профілю. Нядаўна іх прафесійнаму росту было прысвечана пасяджэнне раённага метадычнага савета, — расказала загадчыца РВМК Любоў Тарасенка.

У мерапрыемстве, якое адбылося на базе Раснянскай сярэдняй школы, прынялі ўдзел намеснікі дырэктараў школ раёна па вучэбнай, вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўнікі пачатковых і 5-х класаў, выхавальнікі груп прадоўжанага дня, маладыя спецыялісты, педагогі, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў. Сумесна яны прааналізавалі існуючую сістэму работы па далучэнні вучняў да актыўнай пазнавальнай дзейнасці на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, абмяняліся вопытам работы па фарміраванні адукацыйных кампетэнцый дзяцей ва ўрочнай і пазакласнай дзейнасці, прэзентавалі эфектыўныя педагагічныя напрацоўкі.

— Нашы педагогі прынялі ўдзел у дзіўных хвілінках “Мудрыя афарызмы”, папрацавалі ў групах над фарміраваннем ключавых адукацыйных кампетэнцый, прагледзелі музычны фотаальбом “Ад творчасці настаўніка — да дасягненняў навучэнцаў”, творчую выставу “Настаўнік і вучні растуць разам”, — адзначыла Любоў Васільеўна.

Пабывалі прысутныя і на адкрытых уроках калег з Раснянскай сярэдняй школы: на занятках па матэматыцы — у першакласнікаў, якія праводзіла Наталля Лабаноўская, а таксама на ўроку літаратурнага чытання — у вучняў 4 класа Маргарыты Нікеенка. Затым увазе гасцей былі прадстаўлены адкрытыя пазакласныя мерапрыемствы: Наталля Камарова правяла з трэцякласнікамі “Экалагічны КВЗ”, а Наталля Камароўская — “Падарожжа ў краіну ветлівасці” з навучэнцамі 1—2 класаў, якія наведваюць групу прадоўжанага дня.

Настаўніца пачатковых класаў Кацярына Іванова прадставіла калегам матэрыялы метадычных дапаможнікаў для росту прафесійнага майстэрства, уключэння вучняў у актыўную пазнавальную дзейнасць, падрыхтоўкі да выніковага ўдзелу ў алімпіядным руху, фарміравання ключавых адукацыйных кампетэнцый.
Пасля заканчэння пасяджэння з педагогамі таксама была праведзена комплексная рэфлексія. Акрамя таго, настаўнікі пачатковых класаў атрымалі маляўнічыя паштоўкі з індывідуальнымі пажаданнямі. Гэты момант стаў невялікай падзякай за работу, а таксама матывацыяй да далейшага прафесійнага развіцця і жадання весці дзяцей да поспеху.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.