Настаўнік на сваім месцы

Станіслаў Францавіч Васілеўскі — з кагорты тых, хто не здрадзіў сваёй малой радзіме, а застаўся там, дзе яго продкі спрадвеку пусцілі карані. Вёска Савані — радзіма сям’і Васілеўскіх. Гэта паважаныя людзі, добрыя гаспадары, пра якіх кажуць “майстры на ўсе рукі”. Сярод іх былі кавалі, цесляры, токары, леснікі.

Калі Станіслаў скончыў школу, то бацькі, Франц Антонавіч і Леаніда Уладзіміраўна, вырашылі, што сын будзе настаўнікам. Шляхецкага роду, яны з павагай ставіліся да гэтай прафесіі. У Нясвіжскім педагагічным вучылішчы, куды паступіў юнак, ён быў адзін сярод дзяўчат, але не зважаў на гэта, стараўся, займаўся, нават навучыўся іграць на трубе — у настаўніцкай працы спатрэбіцца ўсё.

Знаёмая сцяжынка зноў прывяла ўжо маладога спецыяліста ў родную школу. На першавераснёўскай лінейцы побач з ім стаялі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, заглядвалі ў вочы і ганарыліся, што толькі ў іх настаўнік — мужчына. Спакойны, разважлівы, удумлівы — гэтыя якасці ён перадаваў разам з ведамі выхаванцам. Два выпускі пачаткоўцаў Станіслава Францавіча з трывалымі ведамі перайшлі на наступны ўзровень.

Працуючы ў жаночым калектыве, ён заўсёды прыходзіў на дапамогу: размясціць выставу, прымацаваць карціну, парамантаваць мэблю і нават прыбіць абцас. Мабыць, таму ў хуткім часе любімым месцам працы С.В.Васілеўскага стала школьная майстэрня, а працоўнае навучанне — любімым прадметам усіх хлопчыкаў. У арсенал дзейнасці настаўніка-мужчыны дабавілася яшчэ і выкладанне АБЖ.

Станіслава Францавіча можна параўнаць з чараўніком, бо з-пад рук яго вучняў выходзяць сапраўдныя цуды. Вось ужо гатовая палічка, а вось зэдлік, пажарныя машына і верталёт, міліцэйская машына, роўненькім шнурочкам стаяць кармушкі для птушак. Да школьных свят і мерапрыемстваў заўсёды ладзяцца выставы. А чым не падарункі для таты і мамы рэчы, зробленыя сваімі рукамі?

Станіслаў Францавіч стараецца ўдзельнічаць са сваімі вучнямі ў розных конкурсах: “Знаўцы АБЖ”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Ратавальнікі на вадзе”, алімпіядах па працоўным навучанні і правілах дарожнага руху. Каманда КВЗ “Юны ратавальнік” прымала ўдзел у абласным конкурсе ў Слуцку. У родную школу ўдзельнікі спаборніцтваў заўсёды вярталіся, адзначаныя перамогай. У гэтым навучальным годзе школьная скарбонка папоўнілася новымі ўзнагародамі. Віктар Тарабэш, вучань 9 класа, заняў 2-е месца ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Вучаніца 10 класа Кацярына Міхайлоўская — 3-е месца ў конкурсе “Дзеці. Вада. Бяспека”. Юныя шахматысты парадавалі 1-м агульнакамандным месцам, бо шахматы ў школе ў вялікай павазе і даступныя ўсім (на сцяне калідора прымацавана шахматнае поле з фігурамі, зробленае рукамі вучняў і С.Ф.Васілеўскага).

І самая апошняя навіна — агульнакаманднае 3-е месца за ўдзел у 14-й раённай алімпіядзе па правілах дарожнага руху. Асабліва пастараліся вучань 5 класа Міхаіл Якушаў (1-е месца) і вучань 6 класа Аляксандр Іванец (3-е месца). За ўсім гэтым стаіць добры прыклад творчай супольнасці настаўніка і вучняў, якіх яднае дух апантанасці і жаданне ствараць.

Калі ў школу вярнулі прафесійную профільную падрыхтоўку для вучняў 10 класа, Станіслаў Францавіч згадзіўся вучыць дзяцей разьбе па драўніне і бяросце. Хто ведае, можа, для кагосьці гэта будзе першым крокам у прафесію, бо побач знаходзіцца настаўнік, які проста працуе на сваім месцы.

…У настаўніцкі пакой ён заходзіць толькі на перапынку, каб памяняць журнал. Усміхнецца ўсім і хутчэй спяшаецца ў сваю творчую майстэрню, дзе любімага настаўніка з нецярпеннем чакаюць любімыя вучні.

Яніна ДУШКЕВІЧ,
настаўніца Горкаўскай сярэдняй школы

Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.