Настаўнік настаўнікаў фізікі

У гэтыя залатыя асеннія дні Уладзімір Андрэевіч Якавенка прымае віншаванні ад калег і вучняў з нагоды 80-гадовага юбілею. А мінулай восенню ў БДПУ імя Максіма Танка адзначылі 60-годдзе яго дзейнасці ва ўніверсітэце.

У далёкім 1957 годзе ён прыйшоў сюды студэнтам і ні на адзін дзень не здрадзіў сваёй альма-матар. Вучыўся ў аспірантуры, выконваў дысертацыйныя даследаванні, займаўся навукай і выкладаў фізіку будучым настаўнікам. Амаль 30 гадоў Уладзімір Андрэевіч Якавенка ўзначальваў фізічны факультэт. Сёння працуе прафесарам кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі.

Мы сустрэліся з ім ва ўніверсітэце. Няспешна падымаемся на 5 паверх, дзе ва Уладзіміра Андрэевіча ёсць невялічкі кабінет. Тут, сярод мноства кніг, рукапісаў, фотаздымкаў, мы гутарым пра жыццё — пра яркае, цікавае, актыўнае ўніверсітэцкае жыццё даўжынёй у шэсць дзесяцігоддзяў.

Я спрабую глядзець на Уладзіміра Андрэевіча вачыма яго вучняў.

Вачыма тых далёкіх ужо студэнтаў 70-х і 80-х, калі малады дэкан актыўна абсталёўваў вучэбныя лабараторыі, жыццё на фізічным факультэце віравала і ўсе ведалі: калі хочаш весці цікавыя даследаванні ў галіне лазернай фізікі — то гэта да Якавенкі.

Студэнты 90-х сталі сведкамі таго, як ва ўніверсітэце намаганнямі Уладзіміра Андрэевіча быў створаны планетарый, дэкан чытаў найцікавейшыя лекцыі, і многія раздзелы фізікі будучыя настаўнікі штудзіравалі ўжо па яго кніжках.

На пачатку 2000-х зноў жа па ініцыятыве Уладзіміра Якавенкі ва ўніверсітэце з’явіўся маятнік Фуко — унікальны эксперыментальны прыбор, які, акрамя ўсяго, служыць адлюстраваннем навуковага складніка ўніверсітэта і навуковага падмурку вышэйшай педагагічнай адукацыі. Сам прафесар вучыць студэнтаў спасцігаць навуку праз доследы і эксперыменты, і няма такой тэмы, якую ён не змог бы растлумачыць даходліва і дасціпна.

Для цяперашніх студэнтаў і маладых выкладчыкаў БДПУ Уладзімір Андрэевіч Якавенка — чалавек-легенда. Яго абсалютнае валоданне методыкай выкладання, глыбіня спасціжэння прадмета і адданасць навуцы выклікаюць вялікую павагу ва ўсіх, хто спрычыніўся да вывучэння фізікі ў педагагічным універсітэце.

Шлях у навуку

У педагогіку Уладзімір Якавенка пайшоў па прыкладзе свайго бацькі, які працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Пасля сямігодкі паступіў у Аршанскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Пачатковае навучанне” і скончыў яго з адзнакай. Праўда, да школы так і не даехаў.

“Тады патрабавалася абавязковая адпрацоўка ў школе, — расказвае Уладзімір Андрэевіч, — але тром працэнтам выпускнікоў вучылішчаў дазвалялі ісці ў ВНУ. Я якраз трапіў у гэтыя 3% і ў 1957 годзе паступіў у Мінскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Паступіў — і застаўся тут на ўсё жыццё, нават не сыходзіў у аспірантуру, вучыўся завочна”.

Ужо на 1 курсе Уладзімір Якавенка пачаў працаваць лабарантам на факультэце і сур’ёзна захапіўся навукай.

Інстытут ён скончыў з адзінай чацвёркай па астраноміі. Хацеў з галавой паглыбіцца ў даследаванні, але, як кажа сам, людзей не хапала, таму папрасілі застацца на кафедры выкладаць фізіку.

“Гэта быў няпросты, але вельмі цікавы час, — успамінае Уладзімір Андрэевіч. — У вольныя ад заняткаў гадзіны ляцеў у Інстытут фізікі акадэміі навук працаваць на ўстаноўцы. Пазней мае даследаванні флуарэсцэнцыі складаных малекул у газавай фазе ляглі ў аснову кандыдацкай дысертацыі”.

Пра ўзровень дысертацыі Уладзіміра Якавенкі сведчыць ужо той факт, што яго першым апанентам быў прэзідэнт акадэміі навук Мікалай Аляксандравіч Барысевіч. А Інстытут фізікі тады ўзначальваў Барыс Іванавіч Сцяпанаў (цяпер інстытут носіць яго імя).

“Курс агульнай фізікі. Лабараторны практыкум” — годны адказ тым, хто дагэтуль думае, маўляў, на беларускай мове цяжка выкладаць прыродазнаўчыя дысцыпліны. Уладзімір Якавенка кажа, што пры напісанні гэтага падручніка аўтарскі калектыў не меў ніякіх моўных перашкод.

Падручнік “Агульная фізіка. Механіка” (2015 год) прайшоў рэцэнзаванне ў чатырох універсітэтах. “Там іх чыталі прафесіяналы, і нам даводзілася вельмі шмат сустракацца, раіцца, спрачацца, разам шукаць ісціну, — расказвае Уладзімір Андрэевіч. — Падручнікі для студэнтаў павінны быць ідэальнымі. І з напісаннем кожнай кнігі я таксама рос”.

Адразу пасля абароны дысертацыі ў 1972 годзе Уладзіміра Якавенку прызначылі намеснікам дэкана фізіка-матэматычнага факультэта. Прафесар згадвае, што на той час на факультэце вучылася 48 груп па 25 чалавек у кожнай. “Ніколі не забуду, як выпростваў паперы на падлозе і, поўзаючы на каленях, складаў расклад заняткаў”, — гаворыць Уладзімір Андрэевіч.

У 1974 годзе вялізны факультэт быў падзелены на два — фізічны і матэматычны, і Уладзімір Якавенка стаў першым дэканам фізічнага факультэта. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў амаль 30 гадоў.

Уладзімір Андрэевіч па-ранейшаму займаўся навуковымі даследаваннямі. Атрымаў 3 аўтарскія пасведчанні аб укараненні, за што быў ганараваны знакам “Вынаходнік СССР”. І была вялікая перспектыва абараніць доктарскую дысертацыю. Аднак вучоны адмовіўся ад гэтага.

“Каб зрабіць добрую доктарскую работу, трэба было цалкам памяняць свой напрамак дзейнасці, — гаворыць Уладзімір Андрэевіч. — Але я перакананы: калі ты дэкан, то не павінна заставацца часу на ўсё астатняе”.

Уладзімір Андрэевіч беражліва захоўвае эмблему фізічнага факультэта, які ён узначальваў амаль 30 гадоў (цяпер уваходзіць у склад аб’яднанага фізіка-матэматычнага факультэта). “Звычайна ўсё, што звязана з фізікай, выяўляецца ў выглядзе мадэлі атама з трыма арбітамі, — гаворыць былы дэкан. — А я прапанаваў для эмблемы схему работы лазера. На той час гэта была перадавая фізічнай навукі, і нам было важна, каб будучыя настаўнікі ведалі і разумелі ўсё самае новае ў навуцы і тэхніцы”.

Трэба сказаць, гэтае адрачэнне не было дарэмным: 80-я гады сталі перыядам сапраўднага росквіту фізічнага факультэта. Нягледзячы на татальны дэфіцыт, Уладзімір Якавенка здолеў стварыць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, прыцягнуць да выкладання выбітных спецыялістаў, вучоных і, дзякуючы распрацаванай сістэме самастойнай работы, прымусіць працаваць нават самых нядбайных студэнтаў.

Кніжная спадчына

Уладзімір Якавенка з’яўляецца аўтарам і суаўтарам многіх навуковых і навукова-метадычных работ, вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для школ і ўніверсітэтаў. “Я да 150 лічыў, а потым перастаў, — прызнаецца вучоны. — На гэты час выдадзена, пэўна, каля 200 работ”.

На паліцах у кабінеце Уладзіміра Андрэевіча — мноства кніг. Што тычыцца студэнтаў універсітэта, то для іх створаны падручнікі практычна па ўсіх раздзелах фізікі.

“Педагагічны ўніверсітэт — асаблівы тып установы адукацыі, і тут павінны быць спецыяльныя, канцэнтраваныя падручнікі, — гаворыць Уладзімір Якавенка. — Я пісаў уласныя кнігі, а таксама ўзначальваў аўтарскія калектывы. Пры гэтым працаваў, як усе (калі сам не працуеш, то ўсё пустое). Кіраўнік заўсёды павінен мець права сказаць: “Рабі, як я”. Толькі ў такім выпадку будзе плён.

Маятнік Фуко

Гордасцю Уладзіміра Якавенкі з’яўляецца маятнік Фуко — прыбор для эксперыментальнай дэманстрацыі сутачнага кручэння Зямлі. “Аграрый, ляснік і нават інжынер могуць не ведаць пра маятнік Фуко і тое, як ён працуе, для чаго патрэбен, — гаворыць вучоны, — але настаўнік павінен ведаць, бо тут дэманструюцца асноўныя законы прыроды”.

Сёння маятнік Фуко размешчаны ў фае галоўнага корпуса ўніверсітэта. Аднак былыя фізфакаўцы памятаюць: калі быў пабудаваны фізічны корпус, Уладзімір Андрэевіч загадаў прабіць столь у лесвічным праёме і падвесіць на стальным тросе двухпудовую гіру. Падчас лекцый студэнты выходзілі з аўдыторыі і назіралі за работай маятніка.

Дарэчы, цяперашні маятнік Фуко, які мог бы ўпрыгожыць холы лепшых будынкаў свету, з’явіўся ў БДПУ па шчаслівай выпадковасці. Аднойчы Уладзімір Андрэевіч сустракаўся з выпускнікамі фізіка-матэматычнага факультэта 1970 года, у якіх у свой час быў куратарам. Сярод выпускнікоў апынуўся Уладзімір Іванавіч Пакрышкін, зараз — генеральны дырэктар прадпрыемства “Пеленг”. Даведаўшыся пра мару выкладчыка, ён прапанаваў пабудаваць для ўніверсітэта маятнік Фуко.

“Нягледзячы на ўяўную прастату, гэта даволі складаная, капрызная канструкцыя, — гаворыць Уладзімір Андрэевіч, — але спецыялісты “Пеленга” выканалі задачу. Доўга шукалі месца для ўстаноўкі маятніка, але вырашылі: каб падкрэсліць важнасць навуковага складніка ўніверсітэцкай адукацыі, ён павінен быць у цэнтры ўвагі”.

Маятнікі Фуко ўстаноўлены ў парыжскім Пантэоне, у будынку ААН, у Нацыянальным музеі амерыканскай гісторыі ў Вашынгтоне і іншых знакавых месцах планеты. Намаганнямі Уладзіміра Якавенкі гэты эфектны эксперыментальны прыбор з’явіўся і ў галоўным будынку вядучай педагагічнай установы адукацыі нашай краіны як сімвал вечнага імкнення чалавецтва да ведаў.

Зараз маятнік часова не працуе (выйшаў са строю падвес). Але Уладзімір Андрэевіч паведаміў, што інжынеры з “Пеленга” ўжо зрабілі новы падвес. “Там выкарыстана ўнікальная сістэма (магніт зроблены з рэдказямельных элементаў), і яна будзе працаваць вечна”, — запэўніў прафесар.

Вучні

За столькі гадоў працы ва ўніверсітэце Уладзімір Якавенка падрыхтаваў цэлую плеяду вучняў, якія сёння працуюць на ніве адукацыі, навукі, у вытворчасці (фізікі — гэта сапраўдныя ўніверсалы). “Так, сярод маіх вучняў ёсць кандыдаты, дактары навук, каля дзясятка загадчыкаў кафедр. А яшчэ тысячы настаўнікаў, дырэктары школ, начальнікі аддзелаў адукацыі”, — гаворыць Уладзімір Андрэевіч. У гэтыя дні ён прымае шмат віншаванняў з нагоды юбілею, і дзівіцца, і радуецца, што нават праз столькі гадоў не перарываецца яго сувязь з вучнямі.

Трэба сказаць, што па слядах Уладзіміра Андрэевіча пайшоў яго сын — таксама фізік, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ Сяргей Якавенка. (“А куды яму было дзявацца?!” — жартуе Уладзімір Андрэевіч.) Зараз рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі і ўнучка Юлія Якавенка — выкладчык фізікі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Сёлета па выніках конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” дзяўчына была названа лепшым маладым педагогам Мінска.

Такім чынам, фізіка Уладзіміра Андрэевіча працягваецца. Ёсць дынастыя Якавенкаў — а значыць, будуць новыя кнігі, новыя даследаванні, новыя адкрыцці. І ёсць цэлая армія вучняў, дакладней — ужо настаўнікаў, якія нясуць фізічныя веды ў шырокі свет, даючы новым пакаленням шанс праявіць сябе ў навуцы і тэхніцы. Для Уладзіміра Андрэевіча Якавенкі, які ўсё жыццё прысвяціў фізіцы і фізікам, гэта найлепшая ўзнагарода.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.