У аграгарадку Струга, што на Століншчыне, усе ведаюць былога педагога мясцовай школы Веру Наумовіч. Яе паважаюць колішнія калегі, вучні, іх бацькі і аднавяскоўцы.

Бацька Веры Сцяпанаўны быў выдатным сталяром. У яго атрымлівалася ўсё, за што б ён ні браўся. Сцяпан Васільевіч скончыў толькі 4 класы, але любоў да вучобы захаваў на ўсё жыццё: добра пісаў, чытаў перыядычныя выданні, а вечарамі расказваў дзецям казкі і літаратурныя творы пра вайну. Нядзіўна, што дачка палюбіла мастацкае слова. Бацька заўсёды цікавіўся ў яе і малодшых, як прайшоў дзень у школе, умеў пахваліць і зацікавіць любым вучэбным прадметам. Вера Сцяпанаўна пераняла ад родных лепшыя якасці характару: цягу да ведаў, працавітасць, сумленныя адносіны да людзей і дабрыню.
У школе вучылася на пяцёркі і карысталася аўтарытэтам: была старастай класа, старшынёй цімураўскай каманды, кіраўніком піянерскай і сакратаром камсамольскай арганізацыі. Навучыла чытаць, пісаць і лічыць сястру і брата. Заўсёды з радасцю дапамагала аднакласнікам разабрацца ў цяжкім матэрыяле.
Пасля заканчэння базавай школы Вера Сцяпанаўна паступіла ў тагачаснае Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. Там была лепшай навучэнкай: атрымлівала павышаную стыпендыю адна з трох груп на курсе, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім і культурным жыцці.
Атрымаўшы дыплом, вярнулася на малую радзіму, хаця ёй прапаноўвалі застацца ў Пінску. З усіх устаноў адукацыі выбрала Стружскую сярэднюю школу, дзе выкладала матэматыку, гісторыю і нямецкую мову ў малодшых класах. Каб не спыняцца ў самаразвіцці, скончыла матэматычны факультэт Брэсцкага педінстытута.
Вера Сцяпанаўна заўсёды імкнулася, каб кожны ўрок і кожнае мерапрыемства былі цікавымі, карыснымі і запамінальнымі. На кіраўніцкія пасады не згаджалася: любіла працаваць з вучнямі, якім аддавала веды і сэрца. На працягу 18 гадоў узначальвала праблемную лабараторыю настаўнікаў пачатковых класаў, была кіраўніком стажорскай практыкі педагогаў, метадычных аб’яднанняў раёна, у тым ліку клуба “Мая сям’я”, членам школьнай атэстацыйнай камісіі і раённай творчай групы настаўнікаў. Разам з вучнямі ўдзельнічала ў раённых і абласных конкурсах, дзе займала прызавыя месцы. Актыўна выступала ў метадычным друку. Многія распрацоўкі педагога запатрабаваны і сёння.
За падзякамі і ўзнагародамі Вера Сцяпанаўна ніколі не гналася, бо лічыла галоўным у рабоце найперш любоў і павагу вучняў.
Многія выпускнікі сталі настаўнікамі дзякуючы прыкладу Веры Сцяпанаўны Наумовіч, бо імкнуліся раўняцца на яе. Сярод іх — 42 былыя вучні.
Вера Наумовіч выйшла на заслужаны адпачынак 16 гадоў назад, але за гэты час кіраўніцтва школы 27 разоў запрашала яе падмяніць работнікаў.
Акрамя педагогікі, Вера Сцяпанаўна любіць кулінарыць, збіраць грыбы і ягады, бываць у лесе, працаваць у агародзе, чытаць мастацкую літаратуру і перыёдыку, шыць, вязаць, вышываць… На канікулах з унукамі з задавальненнем паўтарае вучэбны матэрыял.
Першы настаўнік уваходзіць у наша жыццё аднойчы, але назаўжды, бо ад яго залежыць, ці раскрыем мы свой патэнцыял, ці станем асобай. Калі ў школах будуць працаваць такія педагогі, як Вера Сцяпанаўна, то настаўніцкая прафесія не страціць прэстыжу і папулярнасці.
— Калі б давялося пачынаць усё занава, без ваганняў зноў выбрала б любімую педагогіку, бо гэта маё прызванне, — гаворыць Вера Наумовіч.
Настаўніца аформіла фотаальбом з усімі сваімі выхаванцамі, сістэматызаваўшы матэрыял па класах выпускаў. На фота ёсць і дарослыя вучні з сем’ямі. Да сённяшняга часу Вера Наумовіч захоўвае віншаванні, работы, сачыненні, вершы і першыя сшыткі вучняў. А яны не забываюць любімага педагога: тэлефануюць і прыязджаюць у госці.
Алена КРЫВАПУСТ,
настаўніца гісторыі Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна





