Лёс адмераў ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Астапуку доўгае жыццё, вялікую частку якога ён прысвяціў сістэме адукацыі Маларытчыны.
Зямную дарогу даўжынёй 92 гады ветэран педагагічнай працы прайшоў годна, сумленна і па справядлівасці, у ладзе з сабой і з іншымі. Ён запомніўся руплівым гаспадаром. Калегі цанілі яго за прафесіяналізм і адданасць педагагічнай справе. А для моладзі ён увасабляў сапраўднага грамадзяніна-патрыёта, які, рызыкуючы жыццём, каваў Вялікую Перамогу.
— Мой бацька з маленства быў прывязаны да роднай зямлі, — расказвае педагог дадатковай адукацыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Зоя Ляшчынская. — Да вайны ён скончыў 2 класы польскай, вучыўся ў савецкай вячэрняй школе. Фашысцкая навала ўварвалася ў мірнае жыццё нечакана. Бацька не раз успамінаў, як пачалася вайна. 22 чэрвеня 1941 года быў сонечны дзень, вяскоўцы выганялі кароў, а ў 10 гадзін раніцы на луг да статка пад’ехаў старшыня сельсавета і паведаміў, што Германія напала на Савецкі Саюз. Панікі не было. Людзьмі авалодалі невядомасць і нейкі страх.
Пачалася нямецкая акупацыя. Днём усе хаваліся ў лесе, а нанач вярталіся ў свае хаты. Але гэта было вельмі небяспечна і рызыкоўна. Пазней захопнікі сталі адпраўляць людзей у Германію на прымусовыя работы. Каб не трапіць у рабства, вяскоўцам давялося сысці з наседжаных месцаў. Іван Астапук не раз хацеў пайсці ў партызаны, але маці не адпускала яго з-за малалецтва. Тым не менш ён неўзабаве апынуўся ў партызанскім атрадзе. Разам з іншымі хадзіў на заданні.
З набліжэннем фронту партызаны злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. Івана Астапука прызвалі на ваенную службу. Сваё першае баявое хрышчэнне непадалёк украінскага Ратна ён запомніў на ўсё жыццё. Бой змяніў юнака і пераканаў, што вораг не заслугоўвае ніякай літасці. Потым Іван Астапук удзельнічаў у жорсткіх баях на тэрыторыі Маларытчыны, фарсіраваў Заходні Буг, на працягу 17 дзён разам з таварышамі па службе спрабаваў узяць Варшаву, а ў жніўні 1944-га атрымаў раненне каля польскай вёскі Куры. Пасля лячэння ваяваў стралком-аўтаматчыкам пад Варшавай, затым ва Усходняй Прусіі і Памераніі, штурмаваў Берлін. Ваенныя ўспаміны былі жахлівымі, пакутлівымі і балючымі, асабліва ад наведвання ў красавіку 1945 года Асвенціма. За мужнасць і адвагу, праяўленыя падчас баявых дзеянняў, Іван Астапук узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна” і інш.
Пасля вайны ён служыў у цэнтральнай камендатуры Берліна. Дэмабілізаваўся толькі ў 1949-м. Вярнуўшыся ў родную вёску, працаваў рахункаводам у калгасе, а ў 1954-м уладкаваўся ў Высокаўскую сямігодку настаўнікам, дзе 33 гады выкладаў фізкультуру, працоўнае навучанне і чарчэнне. За гэты час скончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум.
Іван Аляксандравіч запомніўся сціплым, шчырым, спагадлівым і добразычлівым чалавекам. Такіх настаўнікаў вельмі любяць вучні. Для высокаўскіх дзяцей ён быў бясспрэчным аўтарытэтам. Да кожнага знаходзіў ключык, якім лёгка адкрываў дзіцячыя душы. Сэрца, аддадзенае вучням, — гэта пра яго. Педагог давяраў ім, а дзеці верылі яму.
Працоўная дзейнасць Івана Астапука адзначана рознымі ўзнагародамі, але найбольш важнымі і значнымі ён заўсёды лічыў тыя, якія атрымаў за ўклад у разгром фашысцкай Германіі.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота з архіва аўтара,
фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар