Вера Прохараўна Антонава ніколі не баялася ніякай працы: у 14 гадоў стала камандзірам жаночага ўзвода мінёраў, у цяжкі пасляваенны час клапацілася пра сваіх родных. І потым, стаўшы настаўніцай, вучыла дзяцей, што толькі праца робіць чалавека чалавекам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Недзявочая мужнасць
Вера Прохараўна — ветэран вайны і працы, мае 16 медалёў, самыя значныя з якіх — “За перамогу над Германіяй” і “За вызваленне Беларусі”. Яна сустракае мяне ў сваім пакоі, дзе неверагодна светла. Я нават не адразу зразумела, адкуль сыходзіць гэтае святло — з расчыненага балкона ці ад самой жанчыны. Яна ўжо амаль не бачыць і з кватэры не выходзіць, але ўвесь час усміхаецца, жартуе. Кажа, што за нязменны пазітыў калегі і вучні называлі яе “наша душка”. Вера Антонава да пенсіі выкладала ў мінскай сярэдняй школе № 115 працоўнае навучанне.
— Школа ў нас музычная, прыгожыя мелодыі гучалі ва ўсіх калідорах, а я заўсёды адзначала: добра, калі мір і можна займацца творчасцю, — заўважае ветэран.
Вялікую Айчынную юная Вера Баглай сустрэла ў Бабруйску, у той час яна якраз скончыла шосты клас, марыла пра будучыню. Усё абарвалася ў адно імгненне: немцы апынуліся ў горадзе ўжо на пяты дзень вайны. Жанчыны і дзеці хаваліся на балотах, мужчыны пайшлі на фронт. Вайна забрала бацьку дзяўчынкі, абодвух братоў. Пасля вызвалення Беларусі яна, яшчэ падлетак, не раздумваючы, пайшла на курсы мясцовай супрацьпаветранай абароны, дзе моладзь вучылі на тэлефаністаў, сувязістаў, піратэхнікаў. Вера выбрала самую нялёгкую справу — вывучала будову і ўласцівасці мін, бомб і снарадаў. Стала інструктарам-мінёрам. А каб яе ўзялі ў армію, прыбавіла сабе 2 гады, бо не падыходзіла па ўзросце.
— У першыя дні пасля вызвалення Бабруйска перамяшчацца па вуліцах горада і найбліжэйшых вёсак было небяспечна, — успамінае ветэран. — Паўсюль, у тым ліку па берагах Бярэзіны, былі раскіданы боепрыпасы, снарады, міны і іншыя “сюрпрызы” ад немцаў. Спачатку іх абясшкоджваннем займаліся спецыяльныя часці Савецкай Арміі, але яны не маглі доўга затрымлівацца, бо фронт адыходзіў на захад, таму вырашылі стварыць мясцовую групу піратэхнікаў — у яе ўваходзілі мы, дзяўчаты. Прызнаюся: не гучныя лозунгі дапамаглі мне прыняць рашэнне пайсці ў мінёры, а жах і боль, якія я бачыла побач — дарослыя і дзеці падрываліся на фашысцкіх мінах. Вядома, і нам было страшна. Але сама сабой уключалася нейкая недзявочая мужнасць. Так мы працавалі да верасня 1945-га.
Галоўная навука
А потым пачалося мірнае жыццё. Вера Прохараўна выйшла замуж за старшага лейтэнанта Васіля Іванавіча Антонава, нарадзіла дзвюх дачок.
— Цяжка было падымаць дзяцей у няпростыя пасляваенныя гады, аднак мне дапамагала любімая справа, — расказвае жанчына. — Я скончыла вячэрнюю школу і ў 1962 годзе паступіла ў Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці, пасля яго заканчэння засталася там працаваць выкладчыцай. А потым перайшла ў сярэднюю школу № 115 Мінска настаўніцай працоўнага навучання, дзе і засталася да самай пенсіі. Свой вопыт работы ў тэхнікуме я прымяняла на занятках са школьнікамі. Мне заўсёды падабалася шыць, у свой час я нават скончыла курсы мадэльераў. Шыла ўсё жыццё і дзяўчынак умела захапіць шыццём так, што многія пасля школы выбіралі адпаведную прафесію. З некаторымі і зараз падтрымліваю кантакт: жанчыны да гэтага часу тэлефануюць, дзякуюць мне за тое, як склалася іх прафесійная кар’ера. Прыходзілі да мяне на заняткі і хлопчыкі! Прычым па ўласным жаданні — так ім падабалася працаваць са швейнай машынкай.
Вера Прохараўна любіць успамінаць свой кабінет, які афармляла па сваім гусце. Ён быў самы ўтульны ў школе — светлы, цёплы. Там збіраліся вучні і педагогі на розныя мерапрыемствы, ладзілі святы, конкурсы ці проста прыходзілі папіць чаю. Адчуваецца, як ветэран сумуе па школе. Яна прызнаецца, што працавала б і далей, але не дазволіла здароўе.
— На жаль, ужо рэдка нашы вучні маюць магчымасць з першых вуснаў даведацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, — расказвае пра ветэрана дырэктар школы № 115 Ірына Ліпская. — Але, калі здароўе Веры Прохараўны дазваляе, дзеці наведваюць яе на розныя святы, асабліва ў Дзень Перамогі. Не так даўно школьная дэлегацыя, а таксама прадстаўнікі Першамайскай раённай і Мінскай арганізацый Беларускага прафесійнага
саюза работнікаў адукацыі і навукі прыходзілі да яе, віншавалі, арганізавалі міні-канцэрт. У школьным музеі ёсць інфармацыя пра Веру Антонаву, некаторыя яе дакументы, фота, архіўны артыкул пра яе ў газеце “Камуніст”. Цудоўную настаўніцу працоўнага навучання добра памятаюць нашы былыя выпускнікі.
Сама Вера Антонава лічыць, што праца — галоўная навука. Менавіта яна робіць жанчыну жанчынай, а мужчыну мужчынам. Можна не стаць вялікім музыкантам або мастаком, але чалавек павінен навучыцца простай штодзённай працы.
Ствараць прыгажосць
Вера Прохараўна — чалавек творчы і, колькі жыве, стварае вакол сябе прыгажосць. Пра такіх кажуць: залатыя рукі. А яшчэ яна спявала і пісала вершы.
— У нас дома некалькі вялікіх сшыткаў яе вершаў, — адзначае дачка Веры Прохараўны Галіна і прапануе пагартаць адзін з іх. — Тут ёсць шмат вершаў пра вайну, пра няпросты лёс маёй маці. Асабліва яна ганарыцца нашымі героямі, у яе вершах — нянавісць да ворагаў, папярэджанне наступным пакаленням, каб не паўтарылі той бяды. Пра вайну яна многа піша і расказвае, у тым ліку сваім праўнукам і прапраўнукам.
Прыгожым почыркам ветэран піша радкі, якія ідуць ад шчырага сэрца:
“…Слезами люди
те костры тушили
И сколько слез они пролили,
Известно Богу одному.
И если б эти слезы все
В один ручей могли бы
слиться,
Земля затопленной была б
И со своей оси могла бы
сбиться.
* * *
И долго еще люди,
пережившие войну,
С войною в душах
будут жить
И своим детям, правнукам
и внукам
Об этом правду говорить”.
Самым радасным днём у жыцці Вера Прохараўна лічыць Дзень Перамогі:
— Тады ў нас не было амаль ніякіх сродкаў сувязі, тэлебачання, тэлефонаў, нават радыё працавала дрэнна, — успамінае яна. — Раптам чую: людзі загаласілі. Думаю, можа, забілі каго. Аказваецца, Перамога. Такая радасць! Яшчэ тыдзень мы літаральна не маглі ў гэта паверыць. Я ўдзячна лёсу. За мірнае неба над галавой, за любімую прафесію, за доўгае жыццё і за тое, што мела магчымасць вучыць дзяцей простай працы, якая выхоўвае чалавека.
***
– Мы таксама хацім выразіць вялікую падзяку нашаму Першамайскаму раённаму г. Мінска камітэту Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, яго старшыні Аксане Мігас, – кажа Вера Антонава. – Яны робяць жыццё нас, ветэранаў, цікавым. Прыходзяць да нас у госці, запрашаюць на мерапрыемствы, віншуюць з усімі святамі.
Лізавета МІЦКЕВІЧ