Настаўнік назаўжды: Віктар Крэскіян з Паставаў натхняе сваім прыкладам педагогаў і моладзь

- 17:20Образование

У Дзень народнага адзінства адзначыў 90-­годдзе выдатнік асветы СССР Віктар Крэскіян з Паставаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па біяграфіі Віктара Рыгоравіча можна праводзіць урокі гісторыі Беларусі, прычым сам юбіляр быў бы на гэтых занятках найлепшым настаўнікам. Педагог з амаль паўвекавым стажам здольны так захапіць цікавым аповедам, што і га­дзіна, і дзве пралятаюць як імгненне. Між тым гаворка пра падзеі, якія для беларусаў з’яўляюцца ключавымі гістарычнымі вехамі. Разгорнуты, па-матэматычнаму дакладны аналіз кожнай (адчуваецца вопыт выкладання прадмета) у падачы майго суразмоўніка непарыўна з’яднаны з яркай публіцыстычнай экспрэсіяй і выразнай грамадзянскай пазіцыяй. А прыклады насамрэч унікальныя, бо Віктар Крэскіян прыводзіць іх з уласнага жыцця.   

Дзяцінства пры польскіх панах

— Тут, на Пастаўшчыне, я і вырас ў вёсачцы Казічы, — расказвае Віктар Рыгоравіч. — Зразумела, пры польскім панстве ніхто і не думаў пра дзіцячыя сады для вяскоўцаў. У каго дзядулі і бабулі маглі прыглядзець за малымі, тым было крыху прасцей. Мяне ж маці брала з сабой у поле. Яна жыта жала, я недзе побач у калясачцы. Пад­рос крыху — стаў дапамагаць сям’і ў працы, спасцігаў вясковую навуку. Мае бацькі былі зусім непісьменныя і марылі, асабліва маці, каб я хаця б чытаць-пісаць навучыўся. А то, казалі, здарыцца прыехаць у Паставы, пой­дзеш па вуліцы, шыльду ўбачыш і здагадвайся потым, што там — магазін ці, можа, пастарунак? Вось сёння ў мяне дзень нараджэння, а ў нас усіх дзяржаўнае свята, Дзень народнага адзінства. Мяне часта просяць раска­заць пра ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Штосьці і помню: як з’явіліся ў вёсцы чырвонаармейцы на конях, разбілі лагер непадалёк нашай хаты. Як напаўголасу загаварылі мужыкі: “Саветы прыйшлі, будзем жыць без паноў”. Як стала можна хадзіць у панскі лес па дровы, у ягады і грыбы, пасвіць жывёлу на лузе, а ў суседняй вёсцы адкрыўся магазін. Мы, дзеці, радаваліся магчымасці гаварыць на роднай мове: раней за гэта строга карала настаўніца.

Віктар Крэскіян і са мной размаўляе па-беларуску чыста і вольна, як дыхае. Баць­коўскую мару ён спраўдзіў, больш за тое — стаў настаўнікам, а затым дырэктарам школы. Аднак гэта ўдалося зрабіць значна пазней, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Вогненнае ліхалецце

— У Казічах на той час стаяла нямногім больш за дваццаць дамоў, — працягвае суразмоўнік. — У партызанах была ўся мо­ладзь. З сямейных, у каго малыя дзеці, толькі адзін з аднавяскоўцаў у атрад пайшоў, астатнія не рызыкавалі. Хаця ўсё адносна, таму што дапамагалі партызанам, былі сувязнымі. Мой бацька таксама дапамагаў. Помню, стука­юць у акно: “Грышка, запрагай каня” — збіраецца і едзе. Куды ездзіў і навошта — пра гэта нікому не расказваў. Баяўся за маці і мяне з малодшым братам, той яшчэ ў люльцы быў. Карныя атрады некалькі разоў прыязджалі ў вёску, як мы хаваліся — асобная гісторыя. Раскажу пра іншы выпадак. У суседніх Юньках з’явілася нямецкая ўправа. Сярод мужчын па найбліжэйшых вёсках размеркавалі павіннасць вартаваць тую, пустую па начах, будыніну. Надышла бацькава з суседам чарга. І ноччу якраз налятае партызанскі атрад, чалавек з дзесяць. “Вядзіце ў ток, дзе салома ёсць”, — загадваюць нявольным дзяжурным.  Пайшлі разам, збілі замок, вынеслі салому, завезлі пад драўляны мост, падпалілі. Пасля партызаны з’ехалі. Нашы дадому вярнуліся разгубленыя: што далей рабіць? Першая ідэя мужчын была — далучыцца да партызан. Мая маці спыніла: “Вы ў лес, а карнікі вёску спаляць, людзей пераб’юць!” Што з людзьмі хаты палілі, мы тады не ведалі. Вырашылі дарослыя застацца дома: няхай бу­дзе, як наканавана. Пазней пачулі, што ў Юнькі прыехалі немцы, пастроілі ўсіх жыхароў і дапытваліся, хто ўчыніў дыверсію. Выратаваў людзей адзін стары: выйшаў ды зманіў, нібыта ён гэта зрабіў. Яго пакаралі смерцю. Праз гады ў кніжках пра тую падзею я чытаў адным сказам: “Партызаны спалілі мост, немцы павесілі мясцовага жыхара”. А тады нашы вёскі цудам і самаахвярным подзвігам земляка бяда мінула. Пра ўдзел бацькі з суседам карнікі не даведаліся.

Пасля вайны Віктар Крэскіян скончыў мясцовую сямігодку (успамінае, што ў школу недалёка было хадзіць — не больш як 7 кіламетраў) і паступіў у Пастаўскае педвучылішча. Зноў жа не без прыгод, бо з’явіўся на парог установы 2 верасня.

Настаўніцкімі сцежкамі

— Зараз выпускнікі падрабязна ведаюць пра розныя навучальныя ўстановы ад настаўнікаў, з інтэрнэту, тэлебачання, сустрэчы з будучымі абітурыентамі самі ўніверсітэты і каледжы наладжваюць, — адзначае Віктар Рыгоравіч. — У мой час нават радыё яшчэ ў вёску не правялі, пра тэлевізары і не чулі. Хацеў адразу ў студэнты, аднак за якія грошы жыць, калі па­ехаць амаль у невядомасць, што есці і апра­наць? Бацькі не маглі мне дапамагчы, вельмі бедна мы жылі. Пакуль наважыўся пасту­паць у наша педвучылішча, там ужо заняткі ішлі поўным ходам, экзамены ўсе здалі. Мяне прынялі ў парадку выключэння, паспрыялі настойлівасць і пахвальны ліст са школы. І стаў я вучыцца. Спачатку не надта, а потым лепш і скончыў добра. Магчыма, на медаль выруліў бы, каб не два найцяжэйшыя прадметы: спевы ды чыстапісанне. Не ўдалося пасябраваць са скрыпкай, і навучыцца выводзіць пяром роўныя радкі аказалася складаней, чым авалодаць маёй любімай матэматыкай. Да арміі паспеў нядоўга па накіраванні панастаўні­чаць. Пасля дэмабілізацыі папрасіўся ў наш раён — бліжэй да бацькоў, каб ім дапамагаць. Вёў у вясковых школах матэматыку, фізкультуру і нават працу: я ж вясковы хлопец, мне ўсё, што праграма прадпісвала, з дзяцінства было знаёма. І завочна паступіў у педінстытут. У 1965 годзе мяне нечакана выклікаў другі сакратар райкама партыі, які курыраваў школы, і прапанаваў пайсці завучам у школу № 2 Паставаў. Установа новая, са сваёй кухняй і спартзалай, многа кабінетаў — прывабна. Аднак і боязна, бо я да таго выкладаў у школах, дзе калектыў з 7—8 настаўнікаў, тут жа больш за 60. Яшчэ праблема: тут працавала мая школьная настаўніца, некалькі маіх выкладчыкаў з педвучылішча (яго якраз нядаўна закрылі, і педагогі ўладкаваліся па школах), у тым ліку дзве заслужаныя настаўніцы. Педагагічны вопыт магутны, з маім непараўнальны! А я павінен буду наведваць урокі, аналізаваць іх і раіць настаўнікам, як лепш праводзіць. З іншага боку, спакусліва было пераехаць у Паставы на жыхарства з сям’ёй, адразу атрымаць кватэру, месцы ў дзіцячым садзе. Да таго часу мы з жонкай ужо дваіх дзетак гадавалі. Прапанову я ўсё ж такі прыняў. Настаўнікаў папрасіў: “Выбачайце і дапамажыце, калі ласка. Я да вас іду не павучаць, а вучыцца, як право­дзіць урокі і іх разбіраць”. Бязмерна ўдзячны калектыву, усе мяне моцна падтрымалі. Пакрыху навучыўся ў жыцця і людзей…

Жонка Віктара Рыгоравіча Ганна Адамаўна — настаўніца фізікі. Дачка Галіна таксама пайшла настаўніцкім шляхам.

Завучам Віктар Рыгоравіч адпрацаваў 20 гадоў і потым на працягу яшчэ 10 узначальваў педагагічны калектыў. Наталля Кісялёва, цяперашняя дырэктар сярэдняй школы № 2 Паставаў імя Н.М.Асяненка, — пераемніца і вучаніца ветэрана педагагічнай працы, выдатніка асветы СССР. 

— Мы цёпла сябруем, часта сустракаемся, — падкрэслівае Наталля Сяргееўна. — Гэтага чалавека толькі добрымі словамі ўспамінаюць усе, каму пашчасціла побач працаваць і вучыцца ў яго. Мой шаноўны настаўнік і калега жыве побач з нашай установай адукацыі — і, дзякуй яму велізарны, жыве школьнымі клопатамі. Шчодра дзеліцца вопытам з педагогамі, натхняе нас сваім прыкладам, дапамагае навучэнцам у даследчай дзейнасці, актыўна ўключаны ў работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Здароўя і даўгалецця яму жадае ўся школа і ўвесь наш раён!

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара