Настаўнік-пчаляр з душой маэстра

- 15:16Людзі адукацыі

Настаўнік, музыкант, пчаляр, фатограф, садоўнік. І ўсё гэта ў адной асобе. Нездарма ў народзе кажуць, што калі чалавек таленавіты, то таленавіты ва ўсім. За што ні бярэцца — давядзе ад дробязі да вялікай справы. Каб дасягнуць гэтага, акрамя таленту, здольнасцей, сабранасці, упартасці, трэба вялікая патрабавальнасць да сябе. І яшчэ неабходна ўсё жыццё вучыцца, у любым узросце. Менавіта ўсё гэта пра цудоўнага чалавека, інтэлігента, цікавага суразмоўніка, былога намесніка дырэктара Чырвонаслабодскай сярэдняй школы Салігорскага раёна Мінскай вобласці Анатоля Іосіфавіча Бараноўскага.

Журавіны… на гармонік

Калі ва ўрочышчы Даманоўка, што паблізу Чырвонай Слабады, здаралася вяселле, вечарына або які іншы фэст, запрашалі і маці Анатоля Вольгу Мартынаўну, калгаснага палявода, актывістку, дэпутата сельсавета. У акрузе ведалі, што ў яе прыгожы пяшчотны голас, што яна любіць і ўмее спяваць.
— Без тваіх песень, прыпевак наша вяселле — не вяселле, — запрашалі суседзі. І яна ішла спяваць, весяліць людзей, бо ў самой пасляваеннае жыццё было несалодкім. Муж Іосіф Андрэевіч — калгаснік, а на фронце кулямётчык — загінуў у 1944 годзе пад Варшавай. Жанчыне трэба было падымаць траіх дзяцей.
Анатоля яна брала з сабой, і хлопчык пачаў падпяваць маці, душой прыкіпеў да спеваў, музыкі. На вяселлі ён упершыню пачуў гармонік. Выжываць дапамагала і тое, што ў гаспадарцы Вольгі Мартынаўны былі вуллі. Руплівая жанчына займалася пчалярствам. Мёд ужывалі самі і частавалі суседзяў.
Ужо ў сёмым класе Анатоль, які меў схільнасці да музыкі, гісторыі, паэзіі, друкаваў свае вершы ў школьнай насценгазеце. У той жа час на грошы, якія зарабіў ад продажу сабраных у лесе журавін, ён купіў сабе гармонік. Праўда, маці, бывала, заўважала сыну, “што ў музыкі хлеб невялікі”, і раіла яму набыць іншую спецыяльнасць.

Вальс маэстра Бараноўскага

— Без пачынання і лапця не спляцеш, — гаворыць Анатоль Іосіфавіч. — Я пачынаў вучыцца іграць самастойна, а ўжо ў старшых класах школы мог выступаць на ранішніку, тэматычным вечары.
Здавалася б, далейшы прафесійны шлях вызначаны — музычнае вучылішча, але ж юнак нездарма пісаў вершы, заметкі ў насценгазету. Таму невыпадкова Анатоль пасля заканчэння школы паступаў на журфак Белдзяржуніверсітэта. На жаль, на ўступных экзаменах аднаго бала недабраў. Доўга не сумаваў і паступіў у Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, дзе набыў спецыяльнасць харавога дырыжора. У гэтай установе Анатоль навучыўся іграць на баяне, акардэоне, фартэпіяна, стаў добра фатаграфаваць.
Такога спецыліста шырокага профілю атрымаў калектыў Чырвонаслабодскага дома культуры, куды Анатоль Бараноўскі трапіў па размеркаванні. Неўзабаве яго таксама запрасілі на работу па сумяшчальніцтве ў родную сярэднюю школу.
“Фігара тут, Фігара там…” — жартуе Анатоль Іосіфавіч, бо яму даводзілася круціцца і ва ўстанове культуры, і ў школе. Усюды паспяваў, бо быў малады і апантаны. Пачаў арганізоўваць канцэрты, вечарыны, іншыя мерапрыемствы ў Чырвонай Слабадзе, Рожане, Мазалях.
— Гадзіна-паўтары рэпетыцыі — і едзем выступаць, — з усмешкай успамінае мой суразмоўнік. — А заўтра зноў канцэрт.
Тут жа, у Доме культуры, Анатоль Іосіфавіч упершыню ў гарадскім пасёлку арганізаваў гурток юных баяністаў. Конкурс быў, як у прэстыжнай ВНУ, — восем чалавек на месца! Потым восем гурткоўцаў сталі прафесійнымі музыкантамі, а адзін з іх, Л.І.Прыма, замяніў свайго настаўніка, калі той пайшоў на пенсію. “Мае хлопцы!” — з гонарам гаворыць Бараноўскі.
…Мы сядзім ва ўтульнай кватэры Анатоля Іосіфавіча. Гаспадар бярэ ў рукі баян і пачынае іграць. Гучыць павольная мелодыя “Чырвонаслабодскага вальса”, аўтарам музыкі і слоў якога з’яўляецца сам таленавіты музыка. Гэты твор добра ведаюць у Чырвонай Слабадзе, яго можна пачуць у Доме культуры, у школе, за святочным сталом чырвонаслабодцаў. Слухаю вальс і з павагай гляджу на баяніста, здзіўляюся яго выканальніцкаму майстэрству.

Дэкан, дыпламат, намеснік губернатара…

Усё ўладкавалася ў жыцці маэстра Бараноўскага, але ён усё ж перайначыў свой прафесійны лёс і ў 24 гады паступіў на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Ужо на трэцім курсе пачаў выкладаць гісторыю ў роднай школе. Свой прадмет ён вельмі любіў, тым больш што Чырвонаслабодчына багатая гісторыяй. Тут у час вайны ўтварылася вялікая партызанская зона, чырвонаслабодцы вялі гераічную барацьбу з ворагам. Настаўнік Бараноўскі на сваіх уроках прапанаваў вучням багаты гістарычны і краязнаўчы матэрыял, праводзіў паходы па месцах баявой славы раёна, збіраў цікавыя матэрыялы. Свае заметкі, замалёўкі, фота адсылаў у раённую газету “Шахцёр”, дзе быў актыўным аўтарам на працягу 70—90-х гадоў. Яго ўрокі былі ўрокамі духоўнасці, патрыятызму, любові да роднага краю.
— Вучні любілі ўрокі гісторыі, самога Анатоля Іосіфавіча як настаўніка, чалавека, — зазначае калега Бараноўскага былы дырэктар Рожанскай сярэдняй школы І.С.Сачка. — Маладыя педагогі вучыліся ў яго.
Анатоль Іосіфавіч добра ведае вядомых людзей гарадскога пасёлка, ветэранаў вайны, падтрымлівае сувязі з імі. Сярод вучняў заслужанага педагога — дэкан гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта С.Ходзін; дыпламат, які скончыў Маскоўскі інстытут міжнародных адносін, А.Астроўскі; намеснік губернатара Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі (Расія) М.Раманаў; начальнік упраўлення Міністэрства адукацыі Беларусі М.Саротнік і многія іншыя.
Гады, нібы птушкі, ляцяць хутка і непрыкметна. У родным школьным калектыве ўрачыста праводзілі настаўніка-ветэрана на заслужаны адпачынак, а хутка ў яго кватэры прагучаў тэлефонны званок. Званіла яго былая вучаніца намеснік дырэктара Рожанскай сярэдняй школы Н.Я.Каляда і запрашала Анатоля Іосіфавіча працаваць настаўнікам музыкі. Запрасіла часова, а ён затрымаўся на пяць гадоў. Акрамя ўрокаў, А.І.Бараноўскі арганізаваў у школе хор, фотагурток, і праз некаторы час гурткоўцы занялі ў раённым конкурсе першае месца.
— Я і раней вёў фотагурток у школе, — гаворыць Анатоль Іосіфавіч. — Мае вучні таксама займалі прызавыя месцы ў раёне. І вось зноў поспех.
Аўтару гэтых радкоў у свой час пашанцавала бачыць фота ветэрана ў раённай газеце “Шахцёр”, і вось новае знаёмства з яго работамі ў яго кватэры. Яны зроблены з высокім прафесійным густам, паказваюць мясцовыя краявіды. Словам, майстар — ва ўсім майстар!

Рой на даху

Калі мой суразмоўнік толькі пачынаў працаваць у школе, на коміне яго дома ўладкавалася пчаліная сям’я. Пчолам на даху, відаць, спадабалася, бо яны тут надоўга затрымаліся. Што рабіць? Анатоль Іосіфавіч прапанаваў знаёмаму пчаляру забраць рой, але той адмовіўся. Тады Бараноўскі пасадзіў пчолак у бацькоўскі сад, бо ў яго маці было некалькі вулляў. З таго часу пчалярскі занятак стаў сямейнай традыцыяй. Праўда, вопыту асаблівага не было, ведаў таксама. Давялося вывучаць спецыяльную літаратуру, выпісаць рэспубліканскі часопіс “Гаспадар”. Завёў для пачатку некалькі пчаліных сем’яў. Ішлі гады — і пчаліная гаспадарка пачала разрастацца. Зараз гаспадар на правах заўзятага пчаляра можа падоўгу расказваць, як трэба рыхтаваць пчол да зімоўкі, як іх даглядаць і г.д. Анатоль Іосіфавіч, напрыклад, ніколі не дае пчолам антыбіётыкаў, каб папярэдзіць хваробы, а выкарыстоўвае народныя сродкі — часнок, палын, піжму, парасткі шыпулькі.
— Штогод вару гэтыя лекі, — заўважае пчаляр, — размяркоўваю іх парцыённа. Вельмі эфектыўны зялёны часнок, яго сок. У дымар падсыпаю сушаны хрэн.
Цікава, што выжывальнасць пчаліных сем’яў Бараноўскага складае 100 працэнтаў — рэдкі выпадак у раёне, гавораць спецыялісты. Пчаляр тлумачыць гэта багатай практыкай і дадае: “На сваіх памылках вучуся”.
Анатоль Іосіфавіч заняты доглядам пчол практычна кожны дзень. З часам яго пчальнік зменшыўся, але мёду менш не стала. З цікавасцю аглядаю разам з гаспадаром пчаліныя домікі. Яны трох’ярусныя, дагледжаныя.
— У мяне лепшыя вуллі тыя, — расказвае пчаляр, — якія калісьці зрабіў сваімі рукамі.
Некаторыя пчаляры свае пчальнікі вывозяць у лес, на балоты, а Бараноўскі меданосы высаджвае на пустуючыя суседнія сядзібы. Сярод іх баркун, фацэлія, скрыпень і г.д. Іх насенне ён збірае восенню ў лесе.
Мёду хапае і сабе, і дзецям. Жонка Галіна Іванаўна шчыруе ў агародзе, дапамагае мужу чысціць насенне меданосаў. Усё жыццё працавала стаматолагам у Чырвонай Слабадзе, абслугоўвала некалькі вёсак. Разам з мужам яны пражылі ў згодзе 47 гадоў. Жонка падтрымлівае мужа ў яго захапленні.
Анатоль Іосіфавіч запрашае ў свой сад. Што тут толькі ні расце — абрыкосы, алыча, вінаград, чарэшня. Малады сад, які ён пасадзіў, падрастае і на сядзібе побач — Бараноўскі падарыў яго суседу. Дарэчы, рабіць людзям дабро — адметная рыса характару ветэрана. Гаспадар звяртае ўвагу і на маленькія саджанцы груш са шматлікімі прышчэпкамі.
— Мяне ў дзяцінстве гэтай карпатлівай справе навучыў знаёмы ветурач. Я вельмі люблю яе і з задавальненнем раблю прышчэпы ў садах суседзяў.
Побач з пчальніком, за садам, Бараноўскі некалі выкапаў сажалку, зарыбіў яе. Цяпер у ёй набіраюць вагу карпы, карасі.
У Анатоля Іосіфавіча апошнім часам з’явілася многа аднадумцаў, з якімі ён любіць сустракацца, абменьвацца інфармацыяй, а пачынаючыя пчаляры едуць да яго за ведамі. Жыццё набыло новы цікавы імпульс. Пчаляр раіць усім, хто набліжаецца да пенсіённага рубяжа, загадзя абдумаць і падрыхтавацца да новага занятку, які прынясе карысць і задавальненне. Галоўная задача для пчаляра, лічыць ён, не мёд, а апыленне садоў, агародаў.

Анатоль ПАНАСЕНКА.
Фота аўтара.