Прыйшоў, зрабіў, перамог. Настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава Дзмітрый Доўнар падзяліўся з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сакрэтамі паспяховай падрыхтоўкі да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Трэнер хоць куды!
За час сваёй прафесійнай дзейнасці настаўнік працоўнага навучання абласны трэнер Дзмітрый Доўнар падрыхтаваў 26 пераможцаў алімпіяднага руху. Педагог з веданнем справы разважае пра тое, як лепш трэніравацца перад спаборніцтвам, якія метады і прыёмы спрыяюць дасягненню жаданага выніку. Ён падкрэслівае значнасць удзелу і перамог кожнага школьніка і з гумарам гаворыць: “Хлопцам, пераможцам Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па тэхнічнай працы, у будучыні не сорамна будзе глядзець цешчы ў вочы”.
— Падрыхтоўка да ўдзелу ідзе сістэмна, таму што без сістэмы выгадаваць чэмпіёна немагчыма. Тут не бывае выпадковасцей, — падкрэслівае Дзмітрый Барысавіч. — У сакавіку скончыўся мінулы алімпіядны сезон, мы зрабілі невялікую перадышку, і праз дзень работа ў гэтым кірунку працягнулася зноў. Любая паўза можа выліцца ў дадатковы аб’ём работы з падручнікам, нарыхтоўкамі, інструментамі.
Сёлета прайшоў другі этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, падчас якога ў раёнах вызначаны пераможцы. Жлобінская 13-я школа выстаўляла чатырох навучэнцаў, і ўсе яны з дыпломамі.
— Мацвей Лапцеў і Стас Мірановіч, члены зборнай каманды Гомельскай вобласці, маглі не ўдзельнічаць у другім этапе, — расказвае настаўнік. — Аднак для таго каб трымаць сябе ў форме і лішні раз праверыць веды, хлопцы нароўні з усімі прыняліся выконваць заданні. Па выніках раённага этапу школьнікі пацвердзілі сваё званне членаў абласной каманды, стаўшы ўладальнікамі дыпломаў І і ІІ ступені.
Асаблівасць алімпіяды па тэхнічнай працы ў тым, што яна праходзіць у два этапы: тэарэтычны і практычны. Школьнікам неабходна валодаць ведамі ў галіне прадмета, які вывучаецца, таксама выдатна спраўляцца з рознымі інструментамі, ведаць толк у апрацоўцы драўніны, металу, умець выконваць рамонтныя работы ў побыце. Выпускнікі школы, якія выдатна сябе зарэкамендавалі на этапах алімпіяды, паспяхова паступаюць у БНТУ, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Стаўшы студэнтамі УВА, яны прызнаюцца, што з такой базай ведаў, якую ім заклалі ў школьныя гады, вучоба даецца намнога лягчэй.
— Вядома, за гады работы з адоранымі і матываванымі дзецьмі ў мяне выпрацавалася ўласная методыка падрыхтоўкі, ёсць некалькі сакрэтаў, — падкрэслівае Дзмітрый Доўнар. — Скажам, калі вучань рашае тэсты — гэта ўсяго толькі 30% поспеху. Прапрацуе падручнік з настаўнікам — на шляху да дасягнення запаветнай мэты дабавіцца яшчэ 10%. І толькі тады, калі вучань пачынае самастойна складаць тэставыя заданні, пры гэтым засвойваючы інфармацыю параграфа, раздзела і прадумваючы варыянты адказаў, можна сказаць, што ён максімальна набліжаецца да прызавога месца. Зараз рыхтую двух сямікласнікаў, дзесяцікласніка і трох адзінаццацікласнікаў. Разам з навучэнцамі аддаём перавагу каманднай падрыхтоўцы. Пры сумеснай рабоце аб’ём засвоенай інфармацыі павялічваецца, ды і дзецям так прасцей, бо яны не толькі вучацца адно ў аднаго, але і адначасова спаборнічаюць паміж сабой. Яны вывучаюць і паўтараюць пройдзены матэрыял, самі складаюць тэсты, а затым рашаюць заданні, распрацаваныя аднакласнікам-канкурэнтам. Па выніках вызначаем пераможцу.
Па словах педагога, калі гаварыць аб падрыхтоўцы да абласнога і рэспубліканскага этапаў, то большую дынаміку ў паляпшэнні вынікаў надаюць зборы.
— Так, на зімовых канікулах на базе нашай школы сустракаемся з дзецьмі штодзень, працуем па 3—4 гадзіны, рашаем тэсты, выконваем практычныя заданні, праганяем заданні мінулых гадоў, — падрабязна апісвае сістэму работы суразмоўнік. — Ідзе вялікая і карпатлівая работа, якая, натуральна, накіравана на вынік. З практычнага пункту гледжання вылучыў бы тры напрамкі, над якімі працуем не складаючы рук: апрацоўка драўніны, металу і творчы кампанент. Адзначу, што часам у навучэнцаў выклікае цяжкасці творчая частка, калі па чарцяжы трэба вырабіць дэталь дакладна ў памер з драўніны і металу. Да таго ж па ўмове практычнага задання рэкамендуецца ўнесці дэкаратыўныя змяненні ў выраб або дапоўніць яго такімі элементамі, якія палепшылі б эстэтычнае і функцыянальнае прызначэнне прадмета. Многім дзецям гэта даецца дастаткова цяжка, таму іх трэба гэтаму вучыць і трэніраваць. Калі рыхтую навучэнцаў менавіта да практычнай часткі выпрабавання, вучу іх вырабляць прадметы ў сапраўдны памер. На словах гучыць проста, а на справе гэта вельмі цяжка, бо дапускаецца разыходжанне толькі ў дзве сотыя міліметра. Толькі шляхам шматразовага паўтарэння на вырабах адпрацоўваецца майстэрства, якое ў маіх школьнікаў на кончыках пальцаў.
Абмяркоўваючы спецыфіку заданняў алімпіяды мінулых гадоў, Дзмітрый Барысавіч адзначае, што прадбачыць, якім будзе творчае заданне, цяжка. Аднак, несумненна, нейкія базавыя напрацоўкі, фішкі ў дзяцей павінны быць “у кішэні”.
Прыгадваючы адно з яркіх і нечаканых рашэнняў, педагог расказвае выпадак, калі яго выпускнік — цяперашні студэнт 4 курса БНТУ Арцём Чорны — задэкарыраваў выраб драўлянай стружкай. У выніку работа зайграла яркімі фарбамі, выраб вылучаўся арыгінальнасцю.
Можна зрабіць выснову, што базавым элементам дзяцей навучыць можна, а далей усё ў руках саміх удзельнікаў спаборніцтваў. Вырашальныя тут творчасць і палёт фантазіі.
У практычнай плоскасці
У прасторным кабінеце працоўнага навучання разглядаем нарыхтоўкі, якія зроблены падчас трэніровак.
— На раённым этапе дзеці выраблялі драўляную падстаўку з металічным элементам у выглядзе зубра. Атрымаліся арыгінальныя сувеніры-падстаўкі для тэлефона, — дэманструе настаўнік. — У мінулым годзе на рэспубліканскім этапе алімпіяды юныя майстры зрабілі стылізаваную падстаўку ў выглядзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Члены журы ацэньвалі дакладнасць, арыгінальнасць і якасць выканання.
Калі гаварыць пра вынікі мінулага года, то з трох хлопчыкаў два справіліся з усімі заданнямі на ўра і прынеслі ў скарбонку Гомельшчыны 2 дыпломы — I і II ступені. Пра сваіх вучняў педагог гаворыць з асаблівай цеплынёй, па-бацькоўску:
— Здольнасці і талент Мацвея Лапцева заўважыў яшчэ ў 5 класе, зараз ён вучыцца ў 10-м. Па-першае, яму заўсёды падабалася майстраваць. Па-другое, у яго інжынерны склад мыслення. У 7 класе ён праверыў свае веды на алімпіядзе па фізіцы, заняў 3-е месца на раённым этапе, але зазначыў, што працоўнае навучанне яму бліжэй. І ўжо ў 8 класе ён ганарова насіў званне пераможцы заключнага этапу алімпіяды. Трэці год яго старанне і матывацыя прыносяць стабільны вынік, ён трымае лідарства.
Калісьці адзін калега сказаў мне: “Лёгка падрыхтаваць пераможцу па працоўным навучанні, вось вы падрыхтуйце па фізіцы”. І ў гэтым вялікая памылка. Каб дасягнуць поспеху, такі вучань павінен быць практычна ўніверсальным, у тым ліку і ведаць фізіку, без якой цяжка адолець высокі ўзровень задач. Прадметная алімпіяда дае матываваным і адораным дзецям магчымасць заявіць пра сябе.
За гады работы заўважыў, што дасягненні мяняюць дзяцей у лепшы бок. Калі вучань перамог, ён ужо зусім па-іншаму па школе ходзіць, адчувае сябе больш упэўнена.
Важны бонус — можна скарыстацца льготамі пры паступленні. У мінулым годзе пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапаў маглі выбраць ільготную траекторыю паступлення па 69 спецыяльнасцях — без здачы ўступных экзаменаў. Мае выхаванцы, вядома, не ўпусцілі такую выдатную магчымасць.
— Як падтрымліваеце дзяцей перад алімпіядай, што яны часцей ад вас чуюць? — пытаюся ў настаўніка.
— Заўсёды кажу: “Ты ўсё зрабіў для таго, каб перамагчы, не перашкодзь сабе. Ты лепшы! Пакажы ўсё, што ты можаш!” Важна сабрацца, супакоіцца і паказаць лепшы вынік.
Па традыцыі адразу пасля абласнога этапу педагог і школьнікі пачнуць рыхтавацца да заключнага. Ім трэба прайсці двухтыднёвыя і трохтыднёвыя зборы, у час якіх будуць вызначаны лепшы тэарэтык і лепшы практык. Па выніках такіх унутраных спаборніцтваў вундэркінды атрымліваюць салодкі прыз, і ўсіх настаўнік запрашае на чаяванне.
— А вось яшчэ адзін мой сакрэт паспяховай падрыхтоўкі, — раптам заяўляе педагог. — Пры трэніроўцы выкарыстоўваю метад біятлона. Прызнацца, трэніравацца і адпрацоўваць аднатыпныя дзеянні, ствараць вырабы цяжка і часам не вельмі цікава дзецям. А калі дабавіць гульню і ўнесці спаборніцкі момант, то працэс становіцца больш займальным. Наш біятлон складаецца з тэарэтычнай і практычнай частак. У тэарэтычнай лічым стрэлы — дакладныя адказы на тэставыя заданні. Працэс вырабу дэталі разбіваем на шэсць этапаў: на першым крузе трэба размеціць нарыхтоўку, на апошнім — атрымаць дэталь. Правяраю адказы асабіста: калі яны правільныя, то біятлон працягваецца, калі не — школьнік ідзе на штрафны круг, бярэ ў рукі падручнік і там знаходзіць адказы на складаная пытанні. Па назіраннях гэта вельмі матывуе дзяцей, ім хочацца і адказаць хутчэй, і выраб стварыць больш якасна. Такі варыянт біятлона праводжу для навучэнцаў 5—11 класаў. І малодшыя школьнікі нават імкнуцца абысці адзінаццацікласнікаў. А мне гэта і патрэбна, каб дзеці ўсё рабілі хутка і дакладна.
Настрой на перамогу
Як паспяхова падрыхтавацца да алімпіяды, расказалі і самі вучні. Якраз з Мацвеем Лапцевым удалося пазнаёміцца падчас перапынку. Дзесяцікласнік, будучы чатырохразовы чэмпіён (так ён сам заяўляе), сур’ёзна нацэлены на перамогу ў гэтым і наступным годзе.
— Спуску мне не дае, — з гумарам гаворыць Дзмітрый Доўнар. — У 5 класе вывучыў такарна-вінтарэзны станок. У мінулым годзе зрабіў універсальны шліфавальны станок, які выкарыстоўваюць для шырокага спектра работ па халоднай апрацоўцы металу. Да яго нават звяртаюцца нашы рабочыя па абслугоўванні будынка, калі ім трэба нешта зрабіць або адрамантаваць. Вось нядаўна дапамог падтачыць муфту. Ён дакладна ведае, чаго хоча і як гэтага дасягнуць. Я толькі дапамагаю, накіроўваю і падказваю. У будучыні бачу яго выдатным інжынерам.
— Мне падабаецца нешта майстраваць сваімі рукамі, больш па метале, — далучаецца да размовы Мацвей. — Настрой, як звычайна, на перамогу ў алімпіядзе! Пачынаю больш узмоцнена рыхтавацца: прапрацоўваю падручнікі — пачынаючы з 5 класа, каб нічога не ўпусціць. Магу сказаць ад усіх удзельнікаў алімпіяды нашай школы: прыкладзём максімум старанняў.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара