Настаўнік Сяргей Крывенка падрыхтаваў 27 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і 11 «міжнароднікаў»

- 12:22Образование

Вучоба ў рэгіянальных універсітэтах адкрывае перад моладдзю значныя перспектывы, лічыць заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Сяргей Крывенка. Сваё меркаванне ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» педагог аргументаваў у тым ліку ўласным жыццёвым вопытам, бо некалі ён як пераможац Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі без экзаменаў паступіў у ВДУ імя П.М.Машэрава.

З чацвёртага курса я вярнуўся працаваць у родную школу. Першы ўрок правёў у 9-м класе, дзе вучыўся мой малодшы брат. Дарэчы, ён таксама выпускнік названага ўніверсітэта па той жа, што і ў мяне, спецыяльнасці. Праўда, пасля арміі выбраў звязаную з геаграфіяй, але іншую сферу прыкладання — чыгунку. Мне прыемна бачыць рост патэнцыялу і магчымасцей нашага ўніверсітэта. ВДУ дазваляе студэнтам атрымліваць якасную сучасную прафесійную адукацыю. Напрыклад, сярод яго выпускнікоў ёсць мае вучні, якія паспяхова працуюць ў вядомых ІТ-кампаніях, прычым засталіся жыць у Віцебску. Я ўдзячны альма-матар найперш за тое, што тут мяне навучылі вучыцца, ніколі не стаяць на месцы, атрымліваць новыя веды і пастаянна іх шукаць, — адзначыў С. Крывенка.

Ён верны настаўніцкай прафесіі амаль чвэрць стагоддзя з перапынкам на год армейскай службы. З часам школа, дзе ён выкладае геаграфію, была пераўтворана ў гімназію № 2 — сёння гэта вядучая ў рэспубліцы ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі. У тым ёсць і немалая заслуга С.Крывенкі — педагога, які падрыхтаваў 27 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і 11 «міжнароднікаў», самага выніковага ў рэгіёне кіраўніка навучэнскага клуба інтэлектуальных гульняў, лаўрэата звання «Чалавек года Віцебшчыны». Між іншым менавіта ў родную школу настаўнік прывёў за руку ў першы клас, як калісьці самога яго бацькі, свае тры дачкі — і дзяўчаты штораз радуюць тату з мамай поспехамі ў вучобе, спорце і творчасці.

Указам кіраўніка дзяржавы ад 10 лютага ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» прысвоена настаўніку геаграфіі гімназіі № 2 Віцебска Сяргею Крывенку за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, выдатныя дасягненні ў адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота БЕЛТА