На базе сярэдняй школы № 4 Шклова ў цяперашні час рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнай падрыхтоўкі педагогаў да рэалізацыі тэхналогіі асобасна арыентаванага навучання навучэнцаў ва ўстанове адукацыі”. Выбар на карысць такога навучання не выпадковы. Асобасна арыентаваны падыход — гэта складаны працэс пераходу настаўніка ад традыцыйных метадаў і сродкаў навучання да новых.
Убачыць у вучні асобу
У самым пачатку вядомай нам казкі пра Бураціна гэты смелы, кемлівы, таленавіты драўляны чалавечак быў паленам! Цясляр Карла, да якога трапіла гэтае палена, мог зрабіць з яго ўсё што заўгодна. Аднак ён разгледзеў у ім нешта незвычайнае, змайстраваў цікаўнага хлапчука. А потым была Азбука, пакутлівы выбар паміж школай і краінай Дурняў, мноства прыгод і знаходжанне мары — залатога ключыка. Выдатная казка, у якой з палена атрымліваецца Бураціна, а з цесляра Карла — не толькі тата, але і настаўнік. Так, менавіта настаўнік, які, гледзячы на драўлянага хлопчыка, не згабляваў доўгі нос са словамі: “Я зраблю з цябе чалавека”, а хутчэй спытаў: “Якім ты можаш быць, чалавек?” Як часта ў сучасным свеце сярод дакументаў, планаў, уласных праблем настаўніку ўдаецца задаць гэтае пытанне вучню? Як зразумець і прыняць вучня? Як усвядоміць яго патрэбы, убачыць яго асаблівасці? Зразумець, якім бачыць вучань настаўніка і што ён ад яго чакае? На гэта часта няма ні часу, ні жадання.
У цяперашні час у адукацыі існуе шэраг праблем: настаўнік перастаў быць асноўным носьбітам інфармацыі (медыя, інтэрнэт, вялікая колькасць кніг, у тым ліку і электронных, і г.д.); вучоба перастала быць прыярытэтам для вучняў (працуюць не для спасціжэння новага, а таму што патрэбна адзнака, лаюць бацькі, трэба паступаць і інш.); праблема суб’ект-суб’ектных адносін, міжасобасных зносін паміж настаўнікам і вучнем; праблема прафесійнага выгарання педагога, калі ён перастае быць цікавым не толькі вучням, але і самому сабе.
Для нашай школы гэтыя праблемы не з’яўляюцца выключэннем.
У 2012 годзе правёўшы дыягностыку педагогаў і вучняў і вызначыўшы праблемнае поле, творчая група настаўнікаў школы № 4 Шклова пад кіраўніцтвам кансультанта, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта кафедры педагогікі і псіхалогіі МДАІРА Валянціны Васільеўны Аўраменка і метадыста аддзела педагагічных інавацый і перадавога педагагічнага вопыту МДАІ РА Ларысы Пятроўны Доўгай распрацавала інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнай падрыхтоўкі педагогаў да рэалізацыі тэхналогіі асобасна арыентаванага навучання навучэнцаў ва ўстанове адукацыі”. Зараз праект знаходзіцца на этапе ўкаранення. У ім задзейнічаны 15 настаўнікаў школы № 4 Шклова, а таксама педагогі сярэдняй школы № 40 Магілёва і сярэдняй школы № 2 Горак. Дзве пляцоўкі функцыянуюць у Гомельскай вобласці.
Кожны педагог школы павінен вызначыць, у рамках якой тэхналогіі распрацоўваюцца і праводзяцца яго ўрокі, якія методыкі і прыёмы падыходзяць яго прынцыпам выкладання і якой павінна быць канцэпцыя развіцця яго асобы як настаўніка і яго прафесійных якасцей. Часцей за ўсё настаўнікі ідуць не па шляху сляпога запазычання тэхналогій, а перабудоўваюць тэхналогію пад сябе. Хаця многія настаўнікі адмаўляюцца ад прымянення педагагічных тэхналогій, бо сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі. Неабходна разумець, што тая ці іншая тэхналогія можа быць эфектыўна для адной групы навучэнцаў і неэфектыўна для другой. Пры падборы тэхналогіі навучання значэнне мае спецыфіка таго ці іншага прадмета, яго змест, канцэпцыя, тэма ўрока, яго мэты і асноўныя задачы. Варта таксама суаднесці псіхалагічную структуру (тое, як і якія пазнавальныя працэсы развіваюцца, якія якасці асобы выхоўваюцца, з якім напружаннем ідуць заняткі) гэтай тэхналогіі з эмацыянальна-асобаснымі якасцямі настаўніка і навучэнцаў.
Пераход настаўніка ад традыцыйнай педагогікі да інавацыйнай павінен быць паступовым і суправаджацца тэарэтычнай падрыхтоўкай педагога, курсавой перападрыхтоўкай, удзелам у семінарскіх занятках, вывучэннем педагагічнага вопыту настаўнікаў, якія працуюць па гэтай тэхналогіі.
У майстэрні ў педагога
Асобасна арыентаванае навучанне рэалізуецца з дапамогай мноства тэхналогій. Адна з іх — тэхналогія педагагічных майстэрань. Майстэрня ў педагогіцы — гэта незвычайная форма правядзення вучэбных заняткаў, якія складаюцца з узаемазвязаных этапаў. На кожным з этапаў вызначальным з’яўляецца вучэбнае заданне, рашаючы якое вучні маюць магчымасць выбару шляху даследавання, сродкаў дасягнення пастаўленых мэт, тэмпу работы. Выкананыя навучэнцамі заданні настаўнік не правярае. У класе арганізоўваецца самаправерка, самаацэнка, рэфлексія вынікаў работы. Навучэнцы суадносяць, параўноўваюць іх з тым, што зрабілі іх аднакласнікі ў пары і групе, а таксама з дасягненнямі іншых людзей (зафіксаванымі ў розных крыніцах інфармацыі). У выніку такога суаднясення выпрацоўваецца ўласнае разуменне фактаў, працэсаў і з’яў, удасканальваюцца веды, уменні, здольнасці, пачуцці.
Тэхналогія педагагічных майстэрань — адна з тых, якія цяжка апiсаць. Майстэрню трэба адчуць, акунуцца ў яе атмасферу, паглыбіцца ў працэс. На занятках майстэрні важна не паведаміць і асвоіць інфармацыю, а перадаць спосабы работы, дапамагчы кожнаму ўдзельніку самасцвердзіцца.
Настаўніку, які працуе ў рэжыме майстэрні, варта выконваць наступныя прынцыпы: роўнасць усіх (усе здольны да творчасці, ненасільнае далучэнне ўсіх да працэсу дзейнасці); адсутнасць ацэнкі (як станоўчай, так і адмоўнай), спаборніцтва, саперніцтва; замена гэтых стымулаў самаацэнкай, самакарэкцыяй, самавыхаваннем; чаргаванне індывідуальнай і калектыўнай работы, узаемаразуменне, павышэнне ўзроўню камунікатыўнасці; важнасць не столькі выніку творчага пошуку, колькі самога працэсу; мова выступае не як сродак зносін, а як “радзіма, умяшчальня прыгажосці і сэнсу” (Б.Пастэрнак); свабода выбару віду дзейнасці і спосабу прад’яўлення выніку; маральная адказнасць кожнага за свой выбар; у цэнтры любой майстэрні — праблемная сітуацыя; навучыцца ў адзіночку нельга: веды аднаго заўсёды ўзбагачаюцца ведамі іншага.
Майстэрня — гібкая форма правядзення ўрока, выхаваўчага мерапрыемства, педагагічнага савета, метадычнага семінара. У залежнасці ад тэмы заняткаў, яго віду этапы майстэрні могуць вар’іравацца, але алгарытм пабудовы застаецца нязменным. Ён складаецца з сямі этапаў. У працэсе работы адзін і той жа этап можа паўтарацца некалькі разоў, аднак наяўнасць кожнага з іх абавязковая пры правядзенні любой майстэрні.
Алгарытм пабудовы майстэрні:
1. Індукцыя — стварэнне эмацыянальнага настрою, уключэнне падсвядомасці, пачуццяў. Вызначэнне тэмы заняткаў, мэтапаляганне. Стварэнне праблемнай сітуацыі. У якасці індуктара могуць выступаць вобраз, слова, фраза, прадмет, гук, мелодыя, малюнак — усё, што абуджае пачуцці чалавека. З часам да вынаходніцтва індуктара прыцягваюцца і ўдзельнікі майстэрні.
2. Самаканструкцыя — стварэнне індывідуальнай гіпотэзы, малюнка, праекта. Самастойнае вырашэнне кожным удзельнікам майстэрні праблемы, якая вылучаецца ў пачатку заняткаў.
3. Сацыяканструкцыя — работа ў групе, абмеркаванне прапанаваных гіпотэз і выбар найбольш верагоднай. Такі від работы выклікае адказнасць кожнага за калектыўную работу.
4. Сацыялізацыя — прад’яўленне вынікаў работы груп, абмен пытаннямі па прадстаўленых праектах. Тут магчымы этап афішыравання, калі групы прадставілі малюнкі, чарцяжы, лепку. Кожны ўдзельнік майстэрні мае права падысці да “афішы”, задаць пытанні, прапанаваць свой варыянт.
5. Разрыў — кульмінацыя творчага працэсу, азарэнне, новае бачанне праблемы. Шэраг заданняў, пытанняў прымушае ўдзельнікаў майстэрні па-новаму паглядзець на праблему, якая вывучаецца.
6. Творчасць — стварэнне прадукту, які з’яўляецца вынікам работы.
7. Рэфлексія — працэс усведамлення сваёй дзейнасці.
У пошуках ідэала
Кожнае дзіця чакае асаблівага настаўніка, каб ста ць ідэальным вучнем. Таксама як і кожны настаўнік чакае свайго ідэальнага вучня. У лютым 2013 года ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта на базе сярэдняй школы № 40 Магілёва праводзіўся абласны метадычны семінар “Метадычная падрыхтоўка педагогаў да ажыццяўлення асобасна арыентаванага навучання навучэнцаў”, дзе была адпрацавана майстэрня “Пошук ідэальнага вучня”. Якіх толькі ідэальных вучняў ні называлі настаўнікі: “І добрых хочам, і адказных, разумных, адораных, шчырых”. Было цікава слухаць педагогаў, але ўзнікла пытанне: а які настаўнік ідэальны для нашых вучняў? Захацелася паглядзець на нашых настаўнікаў вачыма дзяцей. Так з’явілася ідэя правесці майстэрню сярод вучняў “Пошук ідэальнага настаўніка” і вынікі работы дзяцей абмеркаваць з настаўнікамі школы.
Якім жа бачаць дзеці ідэальнага настаўніка? Такім, які ведае свой прадмет, валодае пачуццём гумару, цікавіцца іх праблемамі, добрым, карэктным, артыстычным, разумным, сардэчным. Якім не хочуць бачыць? Грубым, злым, жорсткім. Так, забылася згадаць якасць, якая для ідэальнага настаўніка, на думку дзяцей, з’яўляецца асноўнай, — любоў да дзяцей! Веды, гумар, артыстызм, розум адных і злосць, грубасць іншых — усё гэта можа даць дзецям магчымасць знайсці залаты ключык. Але адкрыць ім чароўныя дзверцы ў свет дапаможа толькі наша любоў, як і зрабіць з цесляра тату Карла, а з дзеравякі — вясёлага Бураціна.
Наталля МАСКАЛЕНКА,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета, настаўніца
біялогіі сярэдняй школы № 4 Шклова Магілёўскай вобласці.