Настаўнік — у душы

Імя Алега Уладзіміравіча Галаўкова, настаўніка рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 г.п. Круглае, што на Магілёўшчыне, ужо ўнесена ў залаты летапіс беларускай педагогікі. Гэта педагог-легенда, дзейнасць якога дастойна хрэстаматыйнага вывучэння ў педагагічных універсітэтах. Разам з тым Алег Уладзіміравіч па-ранейшаму ўлюбёны ў сваю прафесію, і, што немалаважна, цікавы сваім вучням. Таму тэмай нашай з ім гутаркі стала не чарговае званне (па выніках 2012 года Алег Уладзіміравіч прызнаны лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года” ў намінацыі “Невытворчая сфера”), а асноўныя пастулаты педагогікі, нязменныя і запатрабаваныя ва ўсе часы.

Новыя тэхналогіі

“Быў час, калі я на ўрок нёс усё, што аб’яўлялася апошнім словам у педагогіцы, калі настаўнікі-наватары былі маімі кумірамі. Але задавальнення ад чужога на ўроках, ад новых тэхналогій не атрымліваў. І самае галоўнае — не было і вынікаў. З часам прыйшло ўсведамленне, што не новыя тэхналогіі вырашаюць праблемы школы, а настаўнік, які не павінен бяздумна капіраваць сучасныя тэхналогіі, а павінен шукаць сваё, звяртаючыся да вопыту калег, дасягненняў педагагічннай навукі, асноў новых педагагічных тэхналогій.

А.У. Галаўкоў разам з вучняміЯ цвёрда перакананы, што ўсіх у адну і тую вопратку, якая б яна модная ні была, апранаць нельга. Вучню запамінаецца не колькасць тэхнічных сродкаў і прыёмаў, да якіх звярнуўся педагог, а настаўнік як асоба. Дзяцей выхоўвае менавіта педагог, а не новыя тэхналогіі.
Тое, што не тэхналогіі вызначаюць імідж школы, а настаўнік, пацвярджаюць і навукоўцы, якія прыйшлі да высновы: каб дзеці дасягнулі поспеху ў жыцці, у школе павінен быць толькі настаўнік і больш ніякіх тэхналогій адукацыі не трэба”.

Дысцыпліна

“Думаю, што дысцыпліна ў класе, на ўроку важней, чым у арміі. Калі няма дысцыпліны — не будзе і ведаў, і павагі да настаўніка. Усёдазволенасць на ўроку становіцца нормай паводзін для навучэнцаў у дарослым жыцці. Я згодны са словамі Канчалоўскага: “Чалавек настолькі чалавек, наколькі ён можа ўтаймаваць сябе”.
Але дысцыпліна на ўроку павінна быць дысцыплінай творчасці, заснаванай на ўзаемапавазе навучэнца і настаўніка. А калі дысцыпліна народжана страхам перад настаўнікам, то лепш ужо без яе”.

Чытанне

“Сёння шмат гавораць, што дзеці чытаюць мала. І сапраўды, раней дзеці чыталі запоем, а цяпер іх і сілай не прымусіш, бо жывуць яны ў камп’ютарным свеце. Але на тое і настаўнік, каб знайсці выйсце з любой сітуацыі, тым больш, калі ён філолаг.
Я цвёрда перакананы, што мастацкае слова Чэхава, Пушкіна, Гогаля не заменіць ні адзін настаўнік (нават самы таленавіты), што чытанне мастацкіх твораў у духоўным плане дасць значна больш, чым самы прыгожы па форме ўрок. І я лічу, што толькі той настаўнік можа лічыць сябе сапраўдным педагогам, чые вучні не могуць жыць без кнігі.
Як гэта зрабіць? Напэўна, у кожнага настаўніка павінен быць свой адказ на гэтае пытанне. У нас гэта робіцца так: для кожнага класа складаецца спіс дадатковай літаратуры (згодна з праграмай). У кожнай чвэрці робіцца план чытання з гэтага спіса, а ў канцы чвэрці на спецыяльных уроках адбываецца залік па прачытаным (дзеці вядуць чытацкія дзённікі). Адзнакі за залік істотным чынам уплываюць на адзнаку за чвэрць.
Напрыклад, у 6 класе неабходна прачытаць 1200 старонак, і за кожныя 200 старонак вучань атрымлівае 10 балаў. Калі адзнакі за прачытанае маюць вагу пры ацэньванні за чвэрць, то прымушаць чытаць не давядзецца. А прыахвоціўшыся да чытання ў малодшых класах, навучэнец будзе атрымліваць асалоду ад чытання ўсё жыццё”.

Самаадукацыя

“Без самаадукацыі ў рабоце настаўніка няма чаго рабіць. Тут патрэбна штодзённая карпатлівая работа над сабой. Без самаадукацыі настаўнік ніколі не адбудзецца. Пытанне толькі ў тым, дзе на гэта знайсці час?
Адпрацаваўшы некалькі гадоў у школе, я зразумеў, што калі буду бяздумна выконваць усе метадычныя рэкамендацыі, то проста патану ў папяровай рабоце. І першае, што зрабіў, адмовіўся ад напісання планаў урокаў. Яны проста забіваюць творчы працэс. Замест іх я пабудаваў каркас урока з дакладна прадуманымі этапамі, якія дазваляюць вырашаць усе пастаўленыя праграмай задачы. І мае вучні ведаюць, чым будуць займацца на наступным уроку, прычым паэтапна. Тут ужо не настаўнік рыхтуецца да ўрока, а навучэнцы.
У выніку настаўнік свабодны ад руціннай падрыхтоўчай работы, але гэта зусім не азначае, што ён не ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да заняткаў. У такой сітуацыі на педагога кладзецца яшчэ большая адказнасць за непаўторнасць урока, яго эфектыўнасць. Неабходна, каб усе элементы ўрока арганічна спалучаліся і каб кожная хвіліна ўрока працавала на якасць ведаў. А ўсё гэта адбудзецца толькі тады, калі настаўнік будзе працаваць над сабой і будзе знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку.
Насамрэч на ўроку не такія важныя прыёмы і структура. Тут цэнтральнае месца адводзіцца настаўніку, яго асобе. Калі ў педагога багаты творчы багаж, калі яго душа адкрыта для дзяцей, калі тое, што ён робіць, прыносіць яму задавальненне, усё гэта пяройдзе і да яго вучняў. Выхоўваюць не пустыя павучальныя размовы на класнай гадзіне, а асоба настаўніка.
У кожнага з нас былі настаўнікі. Я ўдзячны ўсім сваім школьным настаўнікам, бо кожны з іх паўплываў на мой выбар стаць педагогам. Але настаўніцкім узорам, арыенцірам на працягу ўсяго жыцця, маяком, які дапамагаў не збіцца з творчага шляху ў эпоху папяровых тэхналогій, былі, ёсць і будуць настаўнікі матэматыкі Антаніна Сямёнаўна Шаройка і Сяргей Трыфанавіч Асіпёнак. Яны не імкнуліся да знешніх эфектаў, прыгожых прыёмаў. Яны бралі іншым — любоўю да прадмета. Менавіта гэтыя настаўнікі навучылі мяне галоўнаму: не важна, чым ты займаешся, важна, як ты да гэтага ставішся.
Вельмі важны душэўны свет настаўніка, бо толькі ён застанецца ў памяці ўдзячных вучняў. Таму трэба не бяздумна капіраваць новыя тэхналогіі, а браць ад іх толькі сваё, апранаць толькі сваё “метадычнае адзенне”. У адваротным выпадку можна згубіць сябе як педагога і як чалавека. Толькі той, хто глыбока ведае свой прадмет, можа даць такія ж глыбокія веды”.

Набалелае

“Перш за ўсё непакояць адносіны да настаўніка ў грамадстве. Я аддаў школе 35 гадоў жыцця, і мне пашчасціла застаць часы савецкай школы, калі прафесія настаўніка была ў пашане, калі аўтарытэт настаўніка сярод вучняў, бацькоў быў вельмі высокі, калі да слова педагога прыслухоўваліся, калі лепшыя вучні марылі пайсці настаўніцкім шляхам, калі конкурсы ў педагагічных універсітэтах былі высокія, калі настаўнік быў маральнай меркай грамадства. Як тут не ўспомніць фільм “Дажывём да панядзелка”.
А што цяпер? Ва ўсіх праблемах выхавання падрастаючага пакалення вінавацяць школу, а значыць, і настаўніка. Нават бацькі за нявыхаванасць сваіх дзяцей вінавацяць настаўнікаў. Але выхоўваць павінны найперш бацькі! Неяк непрыкметна настаўнік аказаўся на задворках грамадства.
Але тое, што школа спраўляецца са сваімі абавязкамі, заслуга менавіта настаўнікаў, прычым “старой загартоўкі”, якія на педагагічныя спецыяльнасці паступалі па клічы сэрца. Цяпер жа ў педагагічныя ўніверсітэты паступаюць па рэшткавым прынцыпе, ці так званыя троечнікі. Пройдзе 5—10 гадоў і такіх троечнікаў сярод педагогаў будзе большасць. А каго зможа выхаваць той, хто ў школе не па прызванні?
І калі сітуацыя ў школе кардынальным чынам не зменіцца, то ў хуткім часе наша грамадства атрымае спецыялістаў-троечнікаў, ды і само ператворыцца ў грамадства троечнікаў. А школа — гэта грамадства ў мініяцюры, і каб яно ажыло і зноў стала для нашых дзяцей крыніцай радасці, мудрасці, другім домам, трэба прыкласці максімум намаганняў, каб у педагогіку ішлі лепшыя з лепшых выпускнікоў школы.
І яшчэ адзін праблемны аспект сённяшняй школы — адсутнасць педагогаў мужчын. Калі я пачынаў працаваць у школе, то мужчын было працэнтаў 50. Ды і па маім прадмеце былі такія ж працэнтныя суадносіны ў раёне. Зараз зусім іншая карціна, а праз гадоў 10 мужчын увогуле ў школе не будзе. А ў школе ключавой фігурай павінен быць менавіта педагог мужчына.
Няма мужчыны-педагога, не будзе такіх паняццяў, як мужнасць, стойкасць, мэтанакіраванасць, у рэшце рэшт немагчыма будзе выхоўваць паважлівыя адносіны да жанчыны. Думаю, нам патрэбна спецыяльная праграма па заахвочванні мужчын да прафесіі настаўніка. Такая практыка існуе ў многіх краінах свету”.

Натхненне

“Калі настаўнік замкнецца ў вузкім свеце сваёй прафесіі, то хутка згарыць. Трэба нечым “сілкавацца” па-за межамі сваёй прафесійнай дзейнасці. І чым больш разнастайнае будзе гэтае сілкаванне, тым далей настаўнік здолее захоўваць творчы патэнцыял. Што мне дапамагае заставацца ў творчым тонусе?
Па-першае, спорт. У школе любімым прадметам была фізкультура. Доўгія гады займаўся лёгкай атлетыкай. Футбол увогуле мая страсць. Быў час, я нават трэнерам па футболе працаваў. Па-другое, чытанне. Жыву па прынцыпе: ні дня без радка. Па-трэцяе, калекцыяніраванне (у апошні час у асноўным гэта прадметы народнага побыту). І па-чацвёртае, захапленне народным словам. Больш за 20 гадоў збіраў матэрыялы да дыялектнага слоўніка Кругляншчыны. Спадзяюся, удасца яго выдаць.
Ну і, безумоўна, вельмі натхняе работа з захопленымі вучнямі, радуюць іх поспехі і на абласным, і на рэспубліканскім, і на міжнародным узроўні.
Канечне, асаблівай крыніцай натхнення з’яўляецца сям’я, без якой творчасць проста немагчыма. Натхняюць і ўзнімаюць настрой родныя краявіды. Разам з тым не дае спакою творчы настрой. Вось падрыхтаваў да друку трэцюю кнігу па тэсціраванні”.

Дасягненні

У Алега Уладзіміравіча Галаўкова склалася свая сістэма навучання рускай мове, што дае станоўчыя вынікі. Вучні Алега Уладзіміравіча паспяхова выступаюць на міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах:
2007 год — дыплом ІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (Марыя Башарава, 8 клас);
2008 год — дыплом І ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (Марыя Башарава, 9 клас); спецыяльны прыз алімпіяды школьнікаў краін СНД і Балтыі па рускай мове і літаратуры, фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі (Марыя Башарава);
2009 год — дыплом ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (Кацярына Раманькова, 10 клас); дыплом І ступені абласнога і рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачамі дзяцей” у намінацыі “Сачыненне” (Ганна Лабацкая, 8 клас);
2010 год — дыплом ІІІ ступені алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (Ганна Лабацкая, 9 клас); дыплом ІІІ ступені рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (Кацярына Раманькова, 11 клас), два дыпломы ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды (Кацярына Раманькова, 11 клас, Ганна Лабацкая, 9 клас); 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні 2009 года па рускай мове (Марыя Башарава);
2011 год — дыплом І ступені на абласным этапе і дыплом ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (Ганна Лабацкая, 10 клас).
2012 — дыплом ІІ ступені на абласным этапе і дыплом І ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды (Ганна Лабацкая, 11 клас).
На працягу некалькіх гадоў Алег Уладзіміравіч працуе ў “Школе юнага абітурыента”, рыхтуючы старшакласнікаў да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. І як вынік, 100 працэнтаў яго выхаванцаў становяцца студэнтамі УВА, дэманструючы сярэдні паказчык па выніках цэнтралізаванага тэсціравання вышэй за 60 балаў.
Настаўнік актыўна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. Яго работа “Фальклорныя падборкі Кругляншчыны” апублікавана ў Зборніку выдавецтва Акадэміі навук Беларусі, 2006. У 2007, 2008 гадах выйшлі яго кнігі “Тэсціраванне на 100 балаў. Руская мова. Складаныя заданні, тыповыя памылкі”, а ў 2009 годзе — кніга “Руская мова. Практычныя заданні для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання і экзаменаў”.
У 2011 годзе падрыхтаваны да выдання метадычныя дапаможнікі па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. Вопыт работы настаўніка абагульнены абласным інстытутам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у 2000 годзе, прадстаўлены ў “Настаўніцкай газеце” (10 лістапада 2005 года). Акрамя таго, Алег Уладзіміравіч дзеліцца сваімі метадычнымі напрацоўкамі на пасяджэннях школьных, раённых метадычных аб’яднанняў, курсах павышэння кваліфікацыі.
Алег Уладзіміравіч Галаўкоў станавіўся пераможцам у намінацыі “Чалавек года” па выніках працоўнага раённага спаборніцтва ў 2007, 2009 гадах. Чатыры разы ўзнагароджваўся прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў; спецыяльнымі прэміямі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, у 2010 годзе атрымаў нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.
Яго імя ўнесена ў міжнародны праект “Лепшыя людзі” (выдавецтва “Спец-Адрас Еўропа” 2012 года). А па выніках 2012 года Алег Уладзіміравіч прызнаны лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года” ў намінацыі “Невытворчая сфера”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by