Настаўнік у маім жыцці

- 11:54Навіны рэгіёнаў

У школе нам даюць веды, гавораць, што гэта спатрэбіцца ў жыцці, але кожны настаўнік сціпла замоўчвае пра сваю вельмі важную ролю ў лёсе кожнага свайго выхаванца. Мы ж, навучэнцы, часам з радасцю, часам з пачуццём абавязку прымаем веды і не задумваемся, колькі сіл, часу, здароўя аддае настаўнік, каб так даходліва, зразумела, цікава данесці да нас матэрыял.

У гэтым годзе я заканчваю школу. Мінула адзінаццаць першых званкоў, наперадзе — усё жыццё. Прыемных і дарагіх сэрцу ўспамінаў пра школу вельмі шмат. Але ж галоўнае, што застаецца ў памяці вучня — гэта настаўнік, які пакінуў у тваёй душы асаблівы след. Для мяне гэта заўсёды будзе настаўніца фізікі Наталля Аркадзьеўна Шарай.

Менавіта знаёмства з ёй у 6 класе на першым уроку фізікі перавярнула ўсё маё школьнае жыццё. Інтэлігентная, упэўненая, спакойная, з добрымі вачыма, з прыемным ціхім голасам. Напэўна, у той момант яна была больш падобна на настаўніка пачатковых класаў, мару кожнага дзіцяці і бацькоў. Але фізіка — найскладанейшы прадмет, аснова ўсіх тэхнічных спецыяльнасцей. Дагэтуль дзіўлюся, як Наталля Аркадзьеўна спалучае ў сабе такія супярэчлівыя якасці. Сакрэт яе поспеху — у моцным характары, ведах, вопыце, добрым веданні дзіцячай псіхалогіі.

Ёсць меркаванне, што вынік працы настаўніка відаць праз гады. Наталля Аркадзьеўна заўсёды нацэлена на перамогу і працуе на перспектыву, умее перадаць веды нам, вучням. І сёння сярод яе выхаванцаў — прызёры і пераможцы прадметнай алімпіяды па фізіцы, выдатнікі вучобы, зацікаўленыя ў поспеху, творчыя і таленавітыя навучэнцы.

Я таксама з’яўляюся пастаянным удзельнікам і прызёрам прадметнай алімпіяды па фізіцы. Менавіта Наталля Аркадзьеўна Шарай змагла пераканаць мяне ў значнасці гэтага прадмета, неабходнасці яго вывучэння на павышаным узроўні, навучыла працаваць з інфармацыяй, ставіць мэты і дасягаць іх. Удзел у алімпіядным руху загартаваў мой характар. Гэты вопыт, упэўнены, спатрэбіцца мне ў будучыні. Мы ўсе бачым, што для Наталлі Аркадзьеўны важна, каб кожны з нас дасягнуў поспеху ў жыцці.

Наперадзе апошні званок. Але я не скажу школе “Бывай!”, бо ведаю, што яшчэ неаднойчы пераступлю яе парог, каб сустрэцца з любімай настаўніцай, каб з гордасцю расказаць ёй пра свае новыя дасягненні, зноў і зноў падзякваць за тое, што яна была са мной у самыя важныя моманты школьнага жыцця.

Кірыл ДЭТНЕР,
навучэнец 11 “А” класа сярэдняй школы № 14 Мазыра.