Настаўнік у салдацкім шынялі

- 9:00Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 27 Гомеля, якая мае статус школы міру, ушанавалі памяць першага дырэктара Ільі Лявонцьевіча Гайманава і ўдзельніка зняцця блакады Ленінграда Альбіна Іванавіча Мілеўскага.

Ілья Лявонцьевіч Гайманаў з пасады дырэктара школы ў 1941 годзе добраахвотна пайшоў абараняць Радзіму. Ваяваў на Калінінскім і Заходнім франтах. У 1943 годзе быў паранены, дэмабілізаваны і накіраваны працаваць у Гомель, які да таго часу быў вызвалены ад фашыстаў. Яму была пастаўлена задача ў якасці начальніка абладукацыі аднавіць сістэму работы галіны на Гомельшчыне. У лютым 1945 года Ілья Гайманаў вярнуўся на былую пасаду дырэктара ў родную школу і працаваў там да 1966 года.

Ганаровы грамадзянін Гомеля і заслужаны настаўнік СССР Альбін Мілеўскі пасля вайны выкладаў фізіку. А падчас яе, са жніўня 1941 па красавік 1942 года, камандаваў ротай 102-га
палявога будаўніцтва НКУС СССР, кіраваў узвядзеннем абарончых рубяжоў у Бранскай вобласці і на рацэ Суры ў Пензенскай вобласці. З 1943 па 1945 год ваяваў на Волхаўскім, Ленінградскім і 2-м Прыбалтыйскім франтах. Удзельнічаў у баях па вызваленні Ленінградскай вобласці і Прыбалтыкі, за што быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і
Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Аналагічныя таблічкі з інфармацыяй і фотаздымкамі цяпер ёсць і ў іншых установах адукацыі горада. Напрыклад, у сярэдняй школе № 3 імя Д.Н.Пенязькова — у гонар удзель­ніка партызанскага руху заслужанага міратворца Беларускага фонду міру Сямёна Фёдаравіча Шакарова. Намеснік старшыні абласнога праўлення Беларускага фонду міру Уладзімір Восараў адзначыў, што сутнасць патрыятычнага праекта — у сур’ёзнай пошукавай рабоце па вывучэнні франтавога жыцця і прафесійнай біяграфіі герояў-настаўнікаў. Гэтым зоймуцца навучэнцы разам з педагогамі:

— Шмат гадоў назад пасля Вялікай Перамогі многія франтавікі змянілі шынялі і баявое экіпіраванне на грамадзянскае адзе­нне і настаўніцкую ўказку. Яны давалі веды, на сваім прыкладзе выхоўвалі пакаленні хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх абаранілі родную зямлю. У мірны час зрабілі свой значны ўклад у развіццё нашай
краіны.

У сярэдняй школе № 2 імя Г.М.Склязнёва, дзе ў пасляваенныя гады рускую мову і літаратуру выкладала Соф’я Васільеўна Асіпкова, ганаровы грама­дзянін Гомеля, кожны вучань можа даведацца, што Соф’я Васільеўна са жніўня 1941 па люты 1942 года была сувязной партызанскага атрада “Бальшавік”. Затым уваходзіла ў склад Гомельскай падпольнай партыйна-камсамольскай групы гэтага ж атрада. Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені і шматлікімі медалямі, сярод якіх — “За баявыя заслугі”.

Цікавы факт з біяграфіі Соф’і Асіпковай: праз пункты пропуску нацыстаў яна неаднаразова пераносіла боепрыпасы і лістоўкі — у кошыку з двайным дном. Пра гэта і многае іншае старшакласнікі ваенна-патрыятычнага класа даведаліся падчас сустрэчы, прысвечанай акцыі “Настаўнік у салдацкім шынялі”, якая ініцыіравана ўпраўленнем адукацыі Гомельскага гарвыканкама пры падтрымцы абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.

Акцыя рэалізуецца ў рамках героіка-патрыятычнага праекта “Гомель памятае подзвіг!” да Дня Перамогі. Міратворцы ўпэўнены, што школы і гімназіі, а таксама ліцэі і каледжы працягнуць ініцыятыву — праект доўгатэрміновы і далучыцца да яго могуць і іншыя ўстановы адукацыі рэгіёна.

Да таго ж кожны ветэран вайны на Гомельшчыне ў найбліжэйшыя дні атрымае віншаванне ад Беларускага фонду міру. “Ліст ветэрану” ўжо напісалі юныя міратворцы гомельскай школы № 27. Больш як 300 ветэранаў, якія пражываюць у рэгіёне, атрымаюць па звычайнай пошце ліст са словамі падзякі. 

— Такім чынам выказваюцца словы глыбокай удзячнасці, — адзначыў старшыня абласнога праўлення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў. — Пра гэта напісана ў паштоўках ад Фонду міру, якія разам з дзіцячымі лістамі будуць адпраўлены ветэранам. Наша мэта — сказаць кожнаму ветэрану “Дзякуй за Перамогу!”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.