Настаўніка можа падрыхтаваць толькі настаўнік

- 11:20Адукацыйная прастора

Педагагічны форум “ПедСтарт”: “Удасканаленне педагагічнага майстэрства ў сістэме профільнага педагагічнага навучання” прайшоў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў анлайн-фармаце.

Традыцыйнае мерапрыемства збірае ў ГрАІРА настаўнікаў, якія выкладаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” ў профільных класах Гродзенскай вобласці. Анлайн-фармат не стаў перашкодай для змястоўнага дыялогу, абмену вопытам і думкамі, зносін паміж педагогамі, якія рыхтуюць будучых калег.

З прывітальным словам да ўдзель­нікаў форуму звярнулася рэктар ГрАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка:

— Ужо чацвёрты раз наш інстытут аб’яднаў крэатыўных, амбіцыйных, таленавітых педагогаў, якія рыхтуюць будучых настаўнікаў і такім чынам вызначаюць якасць адукацыі ў нашым рэгіёне. Я ўпэўнена, што ў кожнага ўдзельніка форуму ёсць свае сакрэты, іскрынкі, знаходкі, пэўны вопыт, і яны гатовы па­дзяліцца вынікамі сваёй дзейнасці. Фармат круглага стала і майстар-класы прадугледжваюць адкрыты дыялог і максімальнае ўцягванне ўсіх удзельнікаў у абмеркаванне праблем фарміравання будучых педагагічных кадраў Прынёман­скага краю.

Мадэратарам форуму выступіла дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрАІРА кандыдат педагагічных навук Галіна Бархерыт. Яна прадставіла аналіз педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці.

— Яшчэ некалькі гадоў назад былі нізкі конкурс і недаборы на педагагічныя спецыяльнасці, не хапала кадраў. У цяперашні час, як адзначае прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Макоўчык, можна гаварыць пра эфектыўнае вырашэнне гэтай праблемы. А Гродзенскі рэгіён па колькасці выпускнікоў педкласаў, якія паступілі ў БДПУ, займае 2-е месца ў краіне пасля Мінскай вобласці. Гэта сведчыць пра якасць нашай работы.

У бягучым навучальным годзе ў вобласці дзейнічаюць 103 педагагічныя класы, у якіх навучаюцца 797 чалавек. Павялічылася колькасць профільных класаў педагагічнай накіраванасці ў Мастоўскім, Навагрудскім, Свіслацкім, Гродзенскім, Карэліцкім і Слонімскім раёнах.

У 2021 годзе на педагагічныя спецыяльнасці ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі паступілі 139 выпускнікоў педкласаў вобласці (32,3%), гэта больш, чым у папярэдні год (29%). У бягучым навучальным годзе ў вобласці дзейнічаюць 103 педагагічныя класы, у якіх навучаюцца 797 чалавек. Павялічылася колькасць профільных класаў педагагічнай накіраванасці ў Мастоўскім, Навагруд­скім, Свіслацкім, Гродзенскім, Карэліцкім і Слонімскім раёнах.

— Нам трэба думаць, хто будзе вучыць нашых дзяцей і ўнукаў. Гэта павінны быць высокаматываваныя людзі. Работа па педагагічнай прафілізацыі павінна пачынацца не з 10 класа, а значна раней. Практыка паказвае, што ва ўстановах адукацыі, дзе працуюць нераўнадушныя педагогі, дзе зацікаўленая адміністрацыя, у педагагічных класах вядзецца велізарная, цікавая работа. Іншыя школьнікі бачаць, як вучні педкласаў захоплены, і на іх прыкладзе імкнуцца ў такія класы, — расказала Галіна Бархерыт.

Кафедра псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрАІРА выступіла з прапановай унесці ў план работы навукова-метадычнага савета на 2022 год разгляд дзейнасці раённых упраўленняў і аддзелаў адукацыі па педагагічнай прафілізацыі.

Удзельнікі форуму мелі магчымасць пазнаёміцца з вопытам работы ўстаноў адукацыі Шчучынскага раёна, дзе існуюць цікавыя падыходы да правядзення педагагічных проб, да навукова-даследчай работы навучэнцаў. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Міцько расказала пра інавацыйныя педагагічныя практыкі ў адукацыйным асяроддзі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці. А навучэнцы педкласаў Шчучыншчыны расказалі пра свае даследаванні ў галіне педагогікі.

Педагагічны форум стаў унікальнай пляцоўкай для пошуку новых форм і метадаў павышэння эфектыўнасці работы з вучнямі профільных класаў, выяўлення і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту, эфектыўных і інавацыйных тэхналогій работы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.