Нагадаем, што ў мінулую суботу мы пачалі новую рубрыку “Суботняя планёрка”. Тыдзень назад мы гаварылі з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта В.І.Матусевічам. Сёння наша суботняя планёрка праходзіць разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама. Любоў Сцяпанаўна КЛЕПЧУКОВА падзялілася адукацыйнымі і выхаваўчымі здабыткамі свайго рэгіёна, а таксама акрэсліла некаторыя іміджавыя праблемы настаўнікаў.
— Любоў Сцяпанаўна, ведаю, што цяпер вы проста жывяце рэалізацыяй новага маніторынгавага праекта. Раскажыце, калі ласка, што гэта за праект?
— Сёння вельмі важнымі з’яўляюцца праекты па энергазберажэнні, куды ўваходзіць і харчаванне, і занятасць дзяцей, і заняткі фізкультурай і спортам. У сувязі з гэтым мы запланавалі такую цікавую форму работы, як тэлерадыёмарафон. Што гэта такое? Мы хочам арганізаваць рух нашых тэле- і радыёжурналістаў па школах. Напрыклад, заязджаем у школу і глядзім, якім чынам там ажыццяўляецца энергазберажэнне, або заходзім у сталовую, каб паглядзець, чым дзеці харчуюцца, як сябе паводзяць. У такой сітуацыі будзе бачна ўсё: ці наведзены парадак у школе, ці праветрываюцца памяшканні, можна спытаць у дзяцей, ці падабаюцца ім школьныя абеды і што яны хацелі б змяніць. У выніку атрымаецца аператыўны зрэз, аб’ектыўны маніторынг з боку людзей, якія не працуюць у сістэме адукацыі. А затым па выніках такога наведвання будзе выходзіць тэле- або радыёперадача, якую з задавальненнем паглядзяць ці паслухаюць і дзеці, і бацькі, і настаўнікі, і проста гараджане.
— А ці не здарыцца так, што і да прыходу журналістаў з цягам часу будуць усё ж рыхтавацца? Звычайна сарафаннае радыё працуе добра.
— Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе без фармалізму, калі чакаюць праверку і загадзя да яе рыхтуюцца. Хочацца хаця б паспрабаваць гэта зрабіць. Разумею, што выхад на радыё ці тэлебачанне негатыўных момантаў ударыць і па мне як кіраўніку, але іншым разам на нейкія рэчы трэба паглядзець крытычна.
— Любоў Сцяпанаўна, а якія яшчэ новыя ініцыятывы займелі практычны характар апошнім часам?
— Яшчэ мы па-іншаму пачалі праводзіць Савет аддзела адукацыі. Раней гэта было пленарнае пасяджэнне, на якім зачытваюцца даклады. У гэтым годзе мы ўзялі на ўзбраенне ідэю выязнога савета аддзела. І ў такім рэжыме правялі ўжо тры саветы. Адметнасць такой формы правядзення заключаецца ў тым, што паказваецца цэласная сістэма развіцця адной навучальнай школы, на базе якой праводзіцца савет. Такі савет праводзіцца па пэўнай тэме, якая дырэктару школы аб’яўляецца загадзя.
Вось літаральна гэтымі днямі ў нас было выязное пасяджэнне па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій. Яно праходзіла на базе сярэдняй школы № 16 Мазыра. Там мы паглядзелі ўвесь спектр выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, пачынаючы з вестыбюля школы, дзе арганізавана відэаназіранне. У школе працуе тэлебачанне, радыё. Затым настаўнікі паказалі, якім чынам яны выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі на ўроках, выхаваўчых мерапрыемствах. Потым мы перайшлі ў бібліятэку, дзе адбылася міні-анлайн-канферэнцыя дырэктараў з псіхолагамі, якія працуюць у навучальных установах аднаго з мікрараёнаў горада. Дырэктары задавалі пытанні, а псіхолагі адказвалі. Такія канферэнцыі можна праводзіць і для бацькоў. Акрамя таго, удзельнікам савета прадэманстравалі, якім чынам можна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў школьнай кіраўніцкай дзейнасці. У выніку ў нас атрымалася комплексная і эфектыўная прапрацоўка гэтага пытання.
— І апошняе пытанне. Якія моманты ў адукацыі хвалююць вас больш за ўсё? За што, як кажуць, баліць душа?
— Мяне хвалюе прэстыж настаўніка. Гэта сур’ёзная праблема, бо сёння кожны можа дазволіць сабе папракнуць педагога, нават зняважыць яго. Прычым гэта назіраецца і з боку дзяцей, і бацькоў, якія даволі часта адказнасць за сваіх дзяцей перакладваюць на настаўнікаў. Сёння нам неабходна выхоўваць у насельніцтва павагу як да настаўніка, так і да школы ў цэлым. Сучасныя бацькі лічаць, што чым вышэй кінеш, тым хутчэй вырашыш, і пішуць скаргі адразу ў самыя высокія інстанцыі, мінаючы дырэктара школы і аддзел адукацыі. Але свае лакальныя праблемы неабходна вырашаць на месцы, і найперш з дырэктарам.
Акрамя таго, сёння псіхалагічны клімат у педагагічных калектывах змяніўся. Абстаноўку нагнятаюць рознага кшталту маніторынгі, справаздачы, за якія адказнасць нясуць педагогі. І настаўнік увесь час знаходзіцца ў псіхалагічным напружанні, баючыся падвесці калег і адміністрацыю школы. Сёння вялікая праблема знайсці кіраўніка школы, бо сучасная моладзь проста баіцца той адказнасці, якую нясуць кіраўнікі. Працаваць адказна таксама трэба вучыць са студэнцкай лаўкі, фарміруючы ў будучым педагогу цвёрды ўнутраны стрыжань. На сённяшні дзень мы вызвалілі настаўнікаў ад лішніх дакументаў. Гэта вялікі плюс. Але грамадства перастае глядзець на школу як на ідэальны інструмент выхавання дзяцей. Разам з тым настаўнікі — гэта апірышча грамадства. І калі да іх так ставіцца, то хутка не будзе на каго абаперціся.
— Любоў Сцяпанаўна, вялікі дзякуй за цікавую размову і поспехаў у вашых пачынаннях.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.