Настаўнікі-практыкі будуць прыцягвацца да дадатковай незалежнай ацэнкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў

- 15:55Актуально

На базе гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь па дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, сацыяльнай і выхаваўчай рабоце, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На пасяджэнні былі разгледжаны рукапісы вучэбных выданняў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з мэтай рэкамендацыі іх да выпуску да 2025/2026 навучальнага года. Сярод іх — рукапісы вучэбных дапаможнікаў па літаратурным чытанні, біялогіі, матэматыцы, дапрацаваныя па выніках доследнай праверкі, дыялогавых пляцовак, грамадскай экспертызы.

— Гэта першае выязное пасяджэнне прэзідыума навукова-метадычнага савета, якое арганізавана з мэтай прыцягнення педагагічнай грамадскасці для дадатковай незалежнай ацэнкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, якія рыхтуюцца да друку, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — Для правядзення такіх пасяджэнняў будуць выбірацца ўстановы адукацыі, якія дэманструюць высокі ўзровень ведаў навучэнцаў, дзе працуюць высокакваліфікаваныя педагогі, якія змогуць выказаць свой пункт гледжання пра змест вучэбнай літаратуры, адпаведнасць яе запытам сучаснай адукацыйнай практыкі.

Сёння якасць падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў знаходзіцца ў цэнтры ўвагі нашага грамадства. Пра гэта неаднаразова гаварыў і Кіраўнік дзяржавы. Вучэбнай літаратуры, створанай для галіны агульнай сярэдняй адукацыі, дадзена даволі высокая ацэнка і сёння неабходна ўдасканальваць і дашліфоўваць гэтыя вучэбныя выданні. Дарэчы, з 2015 па 2021 год было выдадзена 217 новых падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для 1—11 класаў.

На думку А.Кадлубая, практыка па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, якая склалася ў краіне, прадуманая і вывераная. Этапы падрыхтоўкі рэгламентуюцца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі. Работа па падрыхтоўцы вучэбных выданняў уключае некалькі этапаў: фарміраванне плана выпуску, першасную экспертызу рукапісу, якая праводзіцца Акадэміяй адукацыі (пры паўторным выпуску і перавыданні аналізуецца якасць дапрацоўкі аўтарам вучэбнага дапаможніка), далей праводзіцца рэцэнзаванне рукапісу вучэбных выданняў (рэцэнзентамі выступаюць як калектывы кафедр устаноў УВА альбо дадатковай адукацыі дарослых, так і індывідуальныя рэцэнзенты: вучоныя ці настаўнікі-практыкі). У выпадку станоўчай ацэнкі рукапіс вучэбнага дапаможніка (падручніка) разглядаецца на прадметных секцыях навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі. Усяго працуе 18 секцый (17 — па вучэбных прадметах і 1 — па сацыяльна-выхаваўчай рабоце). Секцыя прымае рашэнне аб накіраванні рукапісу на разгляд прэзідыума навукова-метадычнага савета, у складзе якога прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Акадэміі адукацыі, устаноў вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых і інш. Яны разглядаюць рукапісы і рэкамендуюць іх да выдання. Акрамя навукова-метадычнага савета, створана Дзяржаўная камісія па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы.

Якасць дапрацоўкі вучэбнай літаратуры, праведзенай спецыялістамі Акадэміі адукацыі сумесна з аўтарскімі калектывамі, ацанілі настаўнікі гімназіі № 1 Людміла Бушуева, Таццяна Шаўрук, Іна Альшэўская, Хрысціна Шалатоніна. Педагогі адзначылі станоўчыя тэндэнцыі пры перавыданні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, выказалі свае прапановы і пажаданні.

Настаўніца пачатковых класаў Людміла Бушуева лічыць, што рукапіс вучэбнага дапаможніка “Літаратурнае чытанне” В.С.Варапаевай, Т.С.Куцанавай, І.М.Страмок для 4 класа, які прайшоў доследную праверку ў 2020/2021 навучальным годзе і быў дапрацаваны, акажа педагогам сапраўдную дапамогу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

— Гэта гатовы канспект урокаў. Настолькі ўдала ў дапаможніку падабраны пытанні і заданні да тэкстаў, што і вопытнаму, і маладому настаўніку будзе лёгка з ім працаваць, — лічыць Людміла Міхайлаўна. — Распрацаваны і змешчаны на форзацах алгарытмы: як скласці характарыстыку героя, як скласці слоўны малюнак, як падзяліць тэкст на часткі і г.д. Раней гэтай інфармацыі не было. Зараз жа дзіця, якое адсутнічае ў школе па хваробе, знойдзе гэтую інфармацыю і падрыхтуецца да ўрока. Умоўныя абазначэнні відазмяніліся і скараціліся. З’явілася спасылка на інтэрактыўныя гульні на адзіным інфармацыйным адукацыйным рэсурсе. Для ўзмацнення грамадзянска-патрыятычнага патэнцыялу вучэбнага дапаможніка былі дабаўлены такія творы, як “З чаго пачынаецца Радзіма” М.Матусоўскага, “Самае запаветнае жаданне” Э.Агняцвет і інш. У маналогах Дабрадзея і Знаўцы — скразныя героі вучэбнага дапаможніка — дабаўлены выказванні на патрыятычную тэматыку. У рубрыцы “Пытанні і заданні пасля чытання” дабаўлены пытанні накшталт “Якія якасці характэрны для патрыёта і як іх выхаваць у сабе?”. Упершыню аўтары дапаможніка прапаноўваюць дзецям завучыць урывак у прозе на памяць. А гэта развівае маўленне школьнікаў, з’яўляецца падрыхтоўкай да навучання ў 5 класе.

Прэзідыумам рэкамендавана выданне вучэбнага дапаможніка па рускай літаратуры з грыфам “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Яго рукапіс, а таксама вучэбная праграма па рускай літаратуры для 4 класа накіроўваюцца на разгляд Дзяржкамісіі па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы.

Секцыя па біялогіі прадставіла на суд экспертаў 4 вучэбныя выданні: праект вучэбнай праграмы па біялогіі для 9 класа, якая была скарэкціравана (карэкціроўка тычылася тэрмінаў і паняццяў у плане іх адпаведнасці класіфікацыі, прынятай Міжнароднай анатамічнай грамадскасцю), “Сшытак для лабараторных і практычных работ па біялогіі для 8 класа” М.Д.Лісава, “Сшытак для лабараторных і практычных работ па біялогіі для 11 класа. Базавы ўзровень” Т.В.Хруцкай, а таксама вучэбны дапаможнік “Біялогія” для 9 класа пад рэдакцыяй А.Л.Барысава, які прайшоў доследную праверку і быў дапрацаваны. У апошнім заменены шэраг ілюстрацый, выпраўлены подпісы пад малюнкамі, біялагічныя недакладнасці. У дапрацаваны дапаможнік унесены матэрыял, які садзейнічае фарміраванню ў навучэнцаў жыццёвай траекторыі патрыёта і грамадзяніна. У першую частку ўключаны дасягненні нашай краіны ў галіне аховы здароўя, інфармацыя пра выбітных беларускіх вучоных, якія пакінулі значны след у гісторыі навукі, і інфармацыя, якая выхоўвае каштоўнасныя адносіны да свайго здароўя і здароўя тых, хто акружае. Рукапіс змяшчае шэраг рубрык, якія садзейнічаюць развіццю навыкаў саманазірання, самааналізу, падвядзенню вынікаў. У дапаможнік уключаны таксама алгарытм выканання 4 лабараторных і адной практычнай работы.

Настаўніца біялогіі Таццяна Шаўрук заўважыла, што рукапіс вучэбнага дапаможніка чытаецца на адным дыханні. Ён даступны і зразумелы, не перагружаны залішняй інфармацыяй, прывівае цікавасць вучняў да прадмета, а потым і да медыцынскай прафесіі.

— Вельмі здорава, што ў дапаможнік унесены матэрыялы для выканання практычных і лабараторных работ. Гэта, па-першае, знізіць у дзяцей трывогу перад гэтымі работамі, бо яны будуць бачыць, да чаго ім рыхтавацца на наступным уроку, некаторыя заданні могуць прапрацаваць дома. Захаваны ў дапаможніку і індывідуальныя дамашнія заданні. Яны крыху адкарэкціраваны. Дабаўлены абагульняльныя табліцы пасля вывучэння тэм і схемы — змяненне інфармацыі ад тэкставай да візуальнай дазволіць сучасным вучням лепш засвоіць вучэбны матэрыял. Імпануе і тое, як зменены парадак вывучэння тэм у некаторых раздзелах. Цікавы і нацыянальны кампанент, унесены ў дапаможнік. І дзеці, і настаўнікі адкрыюць для сябе імёны значных асоб у беларускай медыцыне і навуцы, зацікавяць іх і новыя метады даследавання. Прапанаваныя ў рукапісе вучэбнага выдання заданні будуць садзейнічаць разуменню і засваенню навучэнцамі матэрыялу, — адзначыла Т.Шаўрук.

Дарэчы, прэзідыумам было прынята рашэнне прысвоіць названаму вучэбнаму выданню статус падручніка. Сшыткі для лабараторных і практычных работ па біялогіі будуць выдадзены з грыфам “Рэкамендавана дзяржаўнай установай адукацыі “Акадэмія адукацыі”.

На разгляд прэзідыума быў прадстаўлены і рукапіс вучэбнага дапаможніка па матэматыцы для 5 класа В.Д.Герасімава, В.М.Пірутка, А.П.Лабанава. Ён быў дапрацаваны па прапановах экспертных пляцовак педагогаў: першыя два параграфы тычацца рашэння тэкставых задач, тэарэтычны матэрыял “Алгарытмы рашэння тэкставых задач” быў пакладзены ў табліцы для больш зручнай візуалізацыі інфармацыі. У дапаможніку былі дапрацаваны тэксты і задачы, накіраваныя на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі з улікам матэматычнага зместу і ўзроставых асаблівасцей навучэнцаў.

— Праграма па матэматыцы для 5 класа істотных змяненняў не адчула, а таму вучэбны дапаможнік застаецца знаёмым настаўнікам, у ім дакладна прасочваецца практычная накіраванасць, — гаворыць настаўніца матэматыкі Іна Альшэўская. — Дапаможнік пачынаецца з паўтарэння кампанентаў матэматычных дзеянняў і звязаны з рашэннем задач. Параграф “Як рашаць задачу” стаў лепшым з-за сваёй структураванасці (прадстаўлены не суцэльны тэкст, а табліца) і зрокава лепш успрымаецца дзецьмі. Дзякуй аўтарам за змяненне тэкставых задач. Тут ёсць магчымасць настаўніку ў поўную сілу выкарыстаць выхаваўчы патэнцыял урока. Станоўчым момантам з’яўляецца ўключэнне задач, якія фарміруюць фінансавую адукаванасць навучэнцаў. Акрамя таго, задачы для дапытлівых зараз пазначаны зорачкай і добра відаць, што гэта не абавязковы для выкарыстання матэрыял.

З грыфам “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь” вучэбны дапаможнік па матэматыцы рэкамендаваны да выдання.

Секцыя фізікі і астраноміі прадставіла на разгляд прэзідыума “Сшытак для лабараторных работ па фізіцы для 8 класа” Л.А.Ісачанкавай і інш. Перавага гэтага рукапісу — наяўнасць відэаролікаў лабараторных доследаў, якія даступны праз QR-код.

— Шмат гадоў я працую са сшыткамі на друкаванай аснове, — расказала настаўніца фізікі Хрысціна Шалатоніна. — Вопыт паказвае, што калі навучэнцы пішуць работу ў такім сшытку, то яны паспяваюць выканаць большы аб’ём. Таксама вельмі важна, што прапісана тэма, мэты работы, пададзены табліцы і навучэнцы адразу могуць уносіць даныя ў іх, а не губляць дарма час. Перавага сшытку на друкаванай аснове ў тым, што пасля кожнага задання пакінута месца і навучэнцы могуць выконваць заданні не па парадку. Па QR-кодзе навучэнцы могуць адкрыць відэаролік, дзе падрабязна тлумачыцца, як выконваць лабараторную работу, якія прыборы выкарыстоўваць. Атрымліваецца, што вучні, якія займаюцца дома альбо якія адсутнічаюць па хваробе, могуць паглядзець відэаролік, зняць паказанні з прыбораў і выканаць работу.

Пасля абмеркавання члены прэзідыума рэкамендавалі сшытак для лабараторных работ да перавыдання.

Па выніках пасяджэння, пабачаць свет дапрацаваныя вучэбныя дапаможнікі “Іспанская мова” для 7 класа А.К.Грыневіч, В.В.Янукенас, “Іспанская мова” для 5 класа Т.Э.Цыбулевай, В.А.Пушкінай, для спецыяльных устаноў адукацыі — “Русский язык” для 6 класа І.І.Караткевіч, А.А.Семянковай, “Літаратурнае чытанне” для 8 класа Г.У.Малчанавай пад рэдакцыяй Н.В.Заяц і інш. Рэкамендаваны да выпуску дапаможнік для настаўнікаў “Чалавек і свет. 1 клас. Кніга для чытання” Г.У.Трафімавай, С.А.Трафімава, “Факультатыўныя заняткі “У краіне знаёмых незнаёмцаў” у 3 класе” В.І.Свірыдзенка, Ю.В.Бяловай, А.С.Васілеўскай, “Падрыхтоўка да навучання грамаце” Н.С.Старжынскай, “Вучымся плаваць” (ад 5 да 7 гадоў) Г.У.Беражной і інш. 

       Наталля КАЛЯДЗІЧ
       Фота аўтара