Настаўнікі ў ролі алімпіяднікаў

Два дні настаўнікі Гомельскай вобласці змагаліся за званне лепшага настаўніка хіміі. У межах фестывалю прафесійнага майстэрства, арганізаванага Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, педагогі прадставілі вопыт работы і адчулі сябе ў ролі алімпіяднікаў.

За ходам гэтага настаўніцкага інтэлектуальна-прафесійнага марафону сачыла журы: прадстаўнікі біялагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, абласныя трэнеры алімпіяднай зборнай па хіміі і супрацоўнікі ГАІРА.

14 педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі дэманстравалі эфектыўныя метады работы ў выкладанні хіміі і метадычную адукаванасць пры рабоце з адоранымі навучэнцамі. Кожны ўдзельнік атрымаў сертыфікат, а лепшыя раённыя трэнеры ўзнагароджаны дыпломамі.

Пераможцам стала настаўніца хіміі гомельскай сярэдняй школы № 27 Вольга Галавешкіна. Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны Ірына Карабан з сярэдняй школы № 10 Жлобіна і Ірына Алісейка з гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра. Дыпломы III ступені атрымалі Тамара Полаз з сярэдняй школы № 2 Ельска і Святлана Галанчык з гімназіі Светлагорска.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.