Настаўнікі вучаць настаўнікаў

“Педагагічныя надзеі” зноў пагрузілі крэатыўных настаўнікаў вобласці ў атмасферу творчага пошуку, арыгінальных знаходак і цікавых ідэй.

Фестываль “Педагагічныя надзеі” — гэта абласное мерапрыемства, якое было задумана з мэтай перадачы прафесійнага вопыту. Яго ўдзельнікі — члены абласнога клуба “Зорнае крыло”, настаўнікі, якія ў розныя гады прайшлі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, і іх творчыя калегі, якім, магчыма, у недалёкай будучыні давядзецца дэманстраваць сваё прафмайстэрства ў такім сур’ёзным спаборніцтве.

Педагогі клуба “Зорнае крыло” і настаўнікі-метадысты падчас майстар-класаў падзяліліся з калегамі прафесійным вопытам, прадставілі аўтарскія дыдактычныя сістэмы, якія ўжо даказалі сваю эфектыўнасць на практыцы. Педагагічныя напрацоўкі дэманстраваліся не толькі на майстар-класах, але і падчас правядзення міні-ўрокаў.

Удзельнікам фестывалю давялося паказваць і іншыя навыкі і ўменні. Аратарскае майстэрства, спартыўна-інтэлектуальны квест і інтэлект-батл — усё гэта патрабавала добрага валодання пытаннямі арганізацыі адукацыйнага працэсу, псіхалогіі і педагогікі. Усе настаўнікі паказалі выключныя веды. А на выніковым брыфінгу-туры “Аб прафесіі і прафесіяналізме” педагогі Гомельшчыны разважалі пра шляхі прафесійнага росту, фактары, якія ўплываюць на станаўленне настаўніка-майстра, асобасныя якасці, неабходныя педагогам.

Бясспрэчна, правядзенне ў вобласці мерапрыемства падобнага фармату, у аснове якога ляжыць трансляцыя перадавога вопыту і навучанне, — гэта выдатная ідэя. Самае ж каштоўнае ў “Педагагічных надзеях” — прафесійныя і асобасныя зносіны. Сёлета фестываль праходзіў другі раз, і самі настаўнікі адзначалі, што яго плён відавочны, а значыць, ёсць неабходнасць сустракацца і вучыць адно аднаго штогод.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *