Настаўніца біялогіі Іна Хаўстовіч: мнематэхнічныя прыёмы дазваляюць наглядна і сцісла прадставіць матэрыял

- 13:00Учитель года

Для фарміравання ў вучняў устойлівай матывацыі да вывучэння біялогіі настаўніца гімназіі № 1 Слуцка Іна Хаўстовіч выкарыстоўвае розныя спосабы арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Усе яны спрыяюць эфектыўнаму авалоданню ведамі, павышаюць цікавасць да прадмета. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Сваю галоўную памылку ў жыцці Іна Хаўстовіч магла здзейсніць, калі вучылася ў школе. Бездакорны атэстат дазваляў ёй атрымаць любую прафесію. Але ў самы апошні момант эканоміку, якую яна выбрала, замяніла педагогіка.

У жніўні 30 гадоў назад Іна Хаўстовіч па размеркаванні прыйшла працаваць у гімназію № 1 Слуцка, дзе пачала выкладаць біялогію. Калі вучылася ў школе, любіла гэты прадмет не менш, чым матэматыку.

“У тым, што я павінна стаць настаўніцай біялогіі, мяне пераканаў мой настаўнік фізікі сярэдняй школы № 6 Слуцка Анатоль Антонавіч Самойлаў, — расказвае пра сябе Іна Хаўстовіч. — Дзякуючы гэтаму педагогу, фізіку любілі ўсе і з задавальненнем вучылі прадмет. У старшых класах, калі трэба было вызначацца з будучай прафесіяй, Анатоль Антонавіч пацікавіўся, кім хачу стаць. Я адказала, што збіраюся паступаць у БДЭУ, бо вельмі люб­лю матэматыку. Пачуўшы гэта, ён сказаў, што бачыць мяне настаўніцай біялогіі. Пасля той размовы з Анатолем Антонавічам я літаральна за дзень выбрала для сябе іншую УВА і пачала рыхтавацца да паступлення. І вельмі рада, што не здзейсніла памылку і не звязала сваё жыццё з эканомікай”.

Пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ маладая настаўніца вярнулася ў родны горад і пачала працаваць у гімназіі № 1 Слуцка. У сваёй педагагічнай дзейнасці Іна Хаўстовіч у многім раўнялася на сваіх школьных настаўнікаў. Менавіта іх вопыт выкладання і ўзаемадзеяння з вучнямі быў для яе паказальным.

“Біялогія — адзін з самых цікавых прадметаў, — дзеліцца педагог. — Як паказала практыка, на пачатковых этапах матывацыя да яго вывучэння ў дзяцей высокая, бо ён для іх новы. Але вучэбная праграма па біялогіі адрозніваецца насычанасцю і складанасцю”.

Вучні, сутыкнуўшыся з вялікім аб’ёмам тэарэтычнага матэрыялу, страчваюць цікавасць да прадмета, ад якога яны чакалі толькі займальнай інфармацыі. Бачачы гэта, Іна Хаўстовіч пачала шукаць прыёмы, якія маглі б павысіць матывацыю да вывучэння біялогіі. Настаўніцы важна, каб дзеці любілі і ведалі яе прадмет, каб урокі былі для іх цікавымі і незабыўнымі. Вопыт сведчыць, што біялогія патрабуе запамінання складанай тэрміналогіі, завучвання пэўных паняццяў. Таму перад педагогам паўстае задача знайсці такія прыёмы, каб аб’ёмны і часта складаны фактычны матэ­рыял стаў больш даступным. У гэтым можа дапамагчы мнеманічнае запамінанне.

“Мнематэхніка — гэта сукуп­насць прыёмаў і спосабаў, якія палягчаюць запамінанне і павяліч­ваюць аб’ём памяці шляхам стварэння штучных асацыяцый, — тлумачыць Іна Хаўстовіч. — Выкарыстанне гэтых і падобных практыкаванняў павінна адбывацца бесперапынна, утвараючы адзіную сістэму. Калі прааналізавала вопыт сваёй работы, зразумела, што фарміраванню ўстойлівай матывацыі да вывучэння біялогіі якраз і спрыяе выкарыстанне мнематэхнічных прыёмаў. Іх прымяненне павышае эфектыўнасць засваення новай інфармацыі, развівае ў вучняў камунікатыўныя і пазнавальныя здольнасці, творчае, лагічнае і вобразнае мысленне, а таксама фарміруе навыкі саманавучання”.

Над укараненнем мнематэхнікі на ўроках біялогіі настаўніца працавала тры гады. Першапачаткова для развіцця матывацыі ў навучэнцаў Іна Хаўстовіч спрабавала выкарыстоўваць візуалізацыю. Але параўнанне прыёмаў паказала, што трэба рабіць акцэнт на прымяненні мнематэхнікі, бо менавіта яна можа дапамагчы ў дасягненні вызначанай мэты.

Для фарміравання ў вучняў устойлівай матывацыі да вывучэння біялогіі Іна Хаўстовіч выкарыс­тоўвае розныя спосабы арганізацыі вучэбнай дзейнасці, метады і прыёмы. Усе яны спрыяюць эфектыўнаму авалоданню ведамі, павышаюць цікавасць да прадмета.

“Мнематэхнічныя метады і прыёмы дазваляюць наглядна і сцісла прадставіць матэрыял, які вывучаецца, — адзначае настаўніца. — Дзякуючы пераўтварэнню вучэбнага матэрыялу ў форму нагляднага або супастаўляючы яго з ужо вядомай інфармацыяй па прынцыпе асацыяцый, мнематэхніка забяспечвае сістэмнасць, дапамагае ў засваенні новых ведаў, выклікае цікавасць да ўрока. Правіла, якое прапушчана не толькі праз логіку, але і праз уяўленне, эмоцыі, утрымліваецца ў памяці больш трывала і доўга”.

У аснове мнематэхнічнага запамінання ляжыць візуалізацыя — вобразнае канспектаванне, падчас якога абстрактныя паняцці атрымліваюць візуальныя, аўдыяльныя або кінестэтычныя ўвасабленні ў памяці. Мнематэхніка дапамагае развіваць асацыятыўнае мысленне, наглядную і слыхавую памяць, увагу і ўяўленне.

“На ўроках прымяняю розныя мнемавыразы, вершы, словы-асацыяцыі, кароткія яркія сказы, якія можна знайсці ў спе­цыяльнай літаратуры і ў інтэрнэце, — дзеліцца напрацоўкамі педагог. — Некаторыя прыёмы былі пераняты з вопыту калег. Самы эфектыўны спосаб запамінання — стварэнне мнематэхнічных прыёмаў навучэнцамі. Падчас работы над укараненнем мнематэхнікі былі адабраны і сістэматызаваны яе найбольш эфектыўныя прыёмы. Сёння паспяхова карыстаюся імі на занятках і такім чынам фармірую вучэбную матывацыю дзяцей”.

Распрацаваныя прыёмы Іна Хаўстовіч сістэматызавала па ступені складанасці і па выкарыстанні іх рознымі вучнямі. У 7—8 класах педагог часцей звяртаецца да асацыяцый, рыфмізацыі, складання сэнсавых выразаў. З навучэнцамі 9—11 класаў актыўна выкарыстоўвае інтэлект-карты, флэш-карткі, метадычную праграму.

“Флэш-карткі часта прымяняю на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, — працягвае тлумачыць свой падыход І. Хаўстовіч. — Картка — гэта звычайная папера або карцінка ў электронным выглядзе. На адным баку — слова, азначэнне, тэрмін або нейкая з’ява. На другім — пераклад або кароткае тлумачэнне. Флэш-карткі вельмі зручныя для запамінання інфармацыі”.

Для таго каб навучэнцам было прасцей запомніць інфармацыю, настаўніца прапаноўвае ім скласці сэнсавыя выразы. Гэты спосаб дазваляе запомніць сувязі паміж прадметамі або самі прадметы, нават калі іх парадак няважны.

“Часта нагадваю сваім вучням правіла: калі шукаеце спосаб доб­ра запомніць паслядоў­насць слоў, паспрабуйце скласці выраз-запаміналку, — раскрывае сакрэт І. Хаўстовіч. — Няважна, атрымаўся ён смешным ці абсурдным. Задача запаміналкі — выклікаць блізкія вобразы”.

Для вучняў, якія рыхтуюцца да экзаменаў і алімпіяд, настаўніца таксама прыдумала дзейсны спосаб запамінання. Іна Хаўстовіч гаворыць, што лепшы памочнік у такой форме работы — метад рымскага пакоя. Ён заключаецца ў тым, што інфармацыю, якую трэба вывучыць, неабходна ў думках расставіць па добра знаёмым пакоі ў строга вызначаным парадку.

“Каб прайграць неабходную інфармацыю, дастаткова ўспом­ніць, як абстаўлены пакой, — запэўнівае настаўніца біялогіі. — Такі спосаб добра падыходзіць для запамінання вялікай колькасці прадстаўнікоў розных атрадаў, класаў, тыпаў, аддзелаў. Дадаткова можна выкарыстоўваць стыкеры рознага колеру. Напрыклад, прадстаўнікоў тыпу Кольчатыя чарвякі запісваем на стыкеры жоўтага колеру і прыклейваем на паліцу, прадстаўнікоў тыпу Круглыя чарвякі запісваем на стыкеры зялёнага колеру і размяшчаем на каляндар. Памяць абавязкова зафіксуе колер стыкера, месца, дзе ён знаходзіцца, і нагадае змест”.

Для развіцця ў творчых дзяцей памяці, вуснага і пісьмовага маўлення настаўніца карыстаецца асобным прыёмам. Педагог адзначае, што такім навучэнцам падабаецца рыфмізацыя.

“Разам з навучэнцамі мы стварылі многа навучальных вершыкаў, але найлепшыя вынікі даюць рыфмы, складзеныя імі самастойна, — звяртае ўвагу І. Хаўстовіч. — Дзецям можна да­ваць творчае заданне на дом, напрыклад, прыдумаць простыя, карот­кія вершы па канкрэтнай тэме. Такое практыкаванне развівае творчыя здольнасці, нестандар­тнае мысленне і замацоўвае ма­тэрыял урока”.

Асаблівае значэнне настаўніца надае рыфмізацыі матэрыялу ў пазаўрочны час пры падрыхтоўцы высокаматываваных навучэнцаў да алімпіяд. Іна Хаўстовіч не раз заўважала, што такая літаратурная тэхніка спрыяе больш лёгкаму і свабоднаму засваенню складанага, аб’ёмнага матэрыялу.

“Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Бялкі” прапаноўваецца запомніць 10 незаменных амінакіслот, а пры вывучэнні нервовай сістэмы — 12 пар чэрапна-мазгавых нерваў, — прыво­дзіць прыклад настаўніца. — Нават цыкл Крэбса можна запомніць у форме верша пра шчупака. Такім чынам, мнематэхніка — гэта яшчэ і творчы падыход да вывучэння прадмета, а ўменне выкарыстоўваць і скла­даць мнемапрыёмы спатрэбіцца навучэнцам у любой прафесіі. Таму не трэба баяцца новых фарматаў для запамінання вучнямі тэксту”.

На пытанне, ці даводзілася настаўніцы біялогіі, як калісьці і яе педагогу, прадбачыць у вучнях схільнасць да пэўнай прафесіі і паўплываць на яе выбар, Іна Хаўстовіч адказвае:

“Дзве вучаніцы пайшлі па маіх слядах і сёння выклада­юць у школах Слуцка біялогію. Таксама сярод маіх былых выпускнікоў многа ўрачоў. Я вельмі ганаруся сваімі вучнямі і іх дасягненнямі. І вельмі рада, што магу дапамагчы рас­крыць іх таленты і ўбачыць прафесійнае прызванне”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА