Настаўніца Чамярыскай школы Ганна Дзямяненка: «Вялікая адказнасць — працаваць у вёсцы, дзе ўсе цябе ведаюць»

- 9:20Образование

Вялікая адказнасць — працаваць у вёсцы, дзе ўсе цябе ведаюць, сцвярджае настаўніца беларускай мовы Чамярыскай сярэдняй школы Ганна Дзямяненка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вёска Чамярысы знаходзіцца недалёка ад зоны адчужэння ў Брагінскім раёне. Сама Ганна Дзямяненка родам з суседняй вёскі Хракавічы. Быў толькі адзін момант, калі лёс прымусіў шукаць іншае месца для жыцця. Звязана тая сітуацыя была з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, якая 26 красавіка, 37 гадоў назад, прынесла бяду на гэтую шчодрую зямлю на поўдні Беларусі.

Ганна Леанідаўна расказвае, што скончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт: паступала на дзённае, але па сямейных прычынах адразу перавялася на завочнае аддзяленне. Менавіта ў Чамярысах пазнаёмілася са сваім будучым мужам Юрыем Аляксандравічам Дзямяненкам:

— У школе і заўважылі мы адно аднаго. З таго часу 42 гады разам. Так склалася наша сямейная дынастыя. Муж сёння працуе майстрам вытворчага навучання ў суседняй школе — вучыць хлопцаў трактарнай справе.

Пасля таго як здарылася чарнобыльская аварыя, муж з жонкай выязджалі з Брагінскага раёна. На той момант Ганна была цяжарная дачкой Ма­рыяй, а старэйшай Аксане было толькі шэсць.

— Было страшна, — узгадвае выпрабаванні тых гадоў педагог. — У першую чаргу за дзяцей. У мяне была толькі адна сукенка і дакументы, калі падагналі аўтобусы на эвакуацыю. Малодшая дзяўчынка нарадзілася 20 мая ў Гомелі. Калі пайшла ў раддом, старэйшую дачку пакінула з выселенымі аднавяс­коўцамі. Пакуль не прыехаў муж, людзі яе глядзелі. Ведаеце, калі адбылася трагедыя ў Чарнобылі, такое адзінства ў людзей было. Дапамагалі адно аднаму. Так і перажылі бяду, якая нас згуртавала. Я адчувала падтрымку людзей, як сёння — іх павагу. Наогул у нас шчырыя добрыя людзі.

Ганна Дзямяненка расказвае, што лета 1986 года пражыла ў санаторыі-прафілакторыі Мінскага трактарнага завода. Затым яе з сям’ёй забрала сястра ў Чаркасы на Украіну.

— Крыху там пабылі і зразумелі, што нам там няўтульна. Калі вярнуліся дадому ў Чамярысы — дазіметр быў заўсёды з сабой. Правяралі ўсё. Але з цягам часу звыкліся. У нас каля школы быў высокі ўзровень радыяцыі, там грунт знімалі, каб яе паменшыць. Складана было. Але дзяржава дапамагала. Прадукты прывозілі і аздараўленне для дзяцей арганізавалі. Дарэчы, у лес мы і цяпер не выходзім. Прадукты з агарода правяраем. Галоўнае, людзі ў нас цудоўныя — ужо трэцяе пакаленне вучу. Ні ад каго дрэннага слова не чула. А цяпер да нас прыяз­джаюць і абжываюцца яшчэ і з Украіны, і з Казахстана.

Дарэчы, менавіта з Украіны прыехала разам з бацькамі і сённяшняя зорачка настаўніцы — дзесяцікласніца Дарына Катлабай. Дзяўчынка стала ўдзель­ніцай рэспубліканскага этапу прадметнай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Яна ж і на абласным конкурсе “Гавары са мной па-беларус­ку” была сярод лепшых — заняла 3-е месца.

Між тым Ганна Леанідаўна ўпэўнена, што менавіта настаўнік аказвае на жыццё вучня моцны ўплыў. Сама яна цёпла ўзгадвае тых, хто ёй некалі прывіў любоў да беларускай мовы:

Настаўнікі ў мяне былі выдатныя. Напрыклад, Любоў Барысаўна Маісеенка, якая працавала ў нас дырэктарам. Яна цяпер у Гомелі, але добра ведае гісторыю нашай вёскі Хракавічы і дагэтуль звязана са многімі выпускнікамі.

Сёння ў Чамярыскай сярэдняй школе вучыцца крыху больш за 50 чалавек. Сёлета шэсць выпускнікоў, налета іх будзе восем. Ганна Леа­нідаўна гаворыць, што, па сутнасці, навучанне ідзе індывідуальнае:

— Заўсёды застаёмся пасля ўрокаў, на перапынках адказваю на пытанні. На дадатковыя заняткі з задавальненнем дзеці ходзяць. Бачыш кожнага, усе яго недахопы і адразу ж дапамагаеш. Настаўнікі ўсе ў нас адказна працуюць.

Калі гаворка заходзіць пра любімыя творы і іх аўтараў, Ганну Леанідаўну не спыніць. І ўсё ж, гаворыць, важна ведаць менавіта класікаў: Янку Купалу, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча — бо яны душой з народам звязаны. Пытаюся, якія любімыя ў настаўніцы Ганны Дзямяненка ёсць прыёмы — педагагічныя і жыццёвыя.

— У мяне вельмі шмат напрацовак. Канечне, заўсёды лічу важным, каб вучань выказваў асабістую думку. Погляды ў нас могуць быць розныя, але часта прыходзім да адной высновы. Калі чытаем творы пісьменнікаў, абмяркоўваем самае важнае: чалавечнасць, дабрыню, спагаду.

Сучасныя тэхналогіі ў Чамярыскай сярэдняй школе, як і ўсюды, прымяняюцца вельмі актыўна. Ганна Дзямяненка гаворыць, што асвоіць работу з мультыбордам, які цяпер ёсць у яе кабінеце, было няцяжка:

— Зараз я пастаянна яго выкарыстоўваю на ўроках. У інтэрнэце знаходжу многа таго, што трэба для заняткаў. Увогуле, у нашай маленькай школе два мультыборды і камп’ютарны клас — мы зусім не пакрыўджаны. Вясковыя школы не горш, чым гімназіі, могуць даць дасканалыя веды вучням. Канечне, цяпер лягчэй працаваць, чым у савецкія часы.

Ганна Леанідаўна называе сябе багатай. У яе дзве паспяховыя дачкі Аксана і Марыя. Адна жыве і працуе ў Брагіне, другая — у Мінску. Раду­юць і шэсць унукаў: двайняты Раман і Даніла, Бажэна, Ягор, Гардзей і Ганна — у гонар бабулі названая.

— Усе мае дзеці і ўнукі працавітыя, добрыя і нам заўсёды дапамагаюць. Ніколі я не чырванела за іх. Унучка Бажэнка зараз у 4 класе. Гаворыць, што ёй падабаецца прафесія настаўніка. Можа, і працягне нашу дынастыю. Зараз у мяне ў класе ёсць дзяўчынка, якая збіраецца паступаць на выкладчыка беларускай мовы. Многія вучні нашай Чамярыскай школы скончылі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны і працуюць настаўнікамі. Ёсць тыя, хто выбраў менавіта філалогію.

Мы разважаем з Ганнай Леанідаўнай пра вучняў, якія разляцеліся па ўсёй Беларусі, пра тое, які ўплыў на выбар жыццёвага шляху аказала беларуская мова і сама настаўніца. Аднак, лічыць педагог, галоўнае зусім іншае — выхаваць у дзіцяці чалавечыя якасці:

— Вясковыя дзеці добрыя. Яны не могуць пакрыўдзіць і абразіць. Да кожнага вучня можна знайс­ці падыход. Усе мае вучні, якія, напрыклад, працуюць у мясцовых гаспадарках, руплівыя працаўнікі, хлебаробы. Гэта самае важнае. Можа, яны і не былі выдатнікамі, але з маленства ўмелі працаваць на зямлі. У іх сёння добрыя сем’і, іх дзеткі хо­дзяць у нашу Чамярыскую школу. Гэта вялікая адказ­насць — працаваць у вёсцы, дзе ўсе цябе ведаюць. Лю­дзі з павагай адносяцца — гэта самае галоўнае. Дзе ні сустрэнуць, пытаюць: як ваша здароўе? Патэ­лефануюць заўсёды. Здаецца, гэта вельмі важна — удзячнасць людзей, якія жывуць побач. Што больш трэба настаўніку?

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ