Настаўніца фізікі і астраноміі Іда Сітнікава: калі дзякуючы табе вучань раскрывае свае здольнасці, гэта прыемна

- 14:29Школьный физмат

Пра галоўнае ў педагагічнай рабоце, складнікі прафесійнага поспеху і эфектыўнай праектнай дзейнасці карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з настаўніцай фізікі і астраноміі Кіраўскай сярэдняй школы імя У.Ц.Курыленкі Віцебскага раёна Ідай Сітнікавай.

Лірычна пра фізіку

Спрэчка паміж фізікамі і лірыкамі здаецца адвечнай. Іда Аляксандраўна, якія асацыяцыі вядомы верш Барыса Слуцкага выклікае асабіста ў вас?

— Ведаеце, абодва пачаткі важныя: ніколі не ўспрымала іх антаганістамі. Магчыма, у нашай сям’і гэта прадвызначана недзе на генетычным узроўні. Родны брат маёй маці Анатоль Вярцінскі ў савецкі час быў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Я з дзяцінства люблю паэзію, мастацтва і… матэматыку з фізікай! Захапленне дакладнымі навукамі перадалося мне ад маці, хаця яе асноўная “прафесія” — жонка ваеннага. Дарэчы, у мяне доўгі час было гэтак жа.

Я фізік, які ўмее бачыць прыгожае, з задавальненнем перадае свае думкі ў формулах і словах. Менавіта так вучу і выхоўваю дзяцей, бо ў станаўленні і развіцці асобы аднаму без другога ніяк.

Вельмі ўмоўна кажучы, лірыка найперш пра духоўнасць, маральна-этычныя каштоўнасці, а фізіка — пра наш навукова-тэхнічны прагрэс. Школа, адукацыя ў цэлым павінны гэта арганічна аб’ядноўваць. Правільна, што ў сучаснай дзяржаўнай палітыцы велізарная ўвага ўдзяляецца як грамадзянска-патрыятычнаму, духоўна-маральнаму выхаванню моладзі, так і фарміраванню ў навучэнцаў цікавасці да вучэбных прадметаў фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага цыклаў і адпаведных прафесій.

— А канкрэтна да інжынерных спецыяльнасцей?

— Прывяду яскравы прыклад у кантэксце папярэдняга пытання. Інжынеру недастаткова ўмець выконваць разлікі, пэўную механічную работу, кантраляваць вытворчы працэс — запатрабаваны яшчэ і творчы, вынаходніцкі падыход. Калі ў нашай школе абмяркоўвалася адкрыццё групы інжынернага профілю, я падтрымала гэта абедзвюма рукамі, бо вучэбная праграма нацэлена на развіццё творчых, інжынерных, канструктарскіх здольнасцей. Не выключна прафарыентацыя з’яўляецца тут галоўнай мэтай. Усё намнога глыбей і ўвогуле карысна для асобнага развіцця дзіцяці і адначасова для грамадства. Вельмі добра спалучаюцца фізіка і факультатыў інжынернай накіраванасці. Фізіка — прадмет практыка-арыентаваны, звязаны з тэхнікай і тэхналогіямі, а факультатыў дазваляе разглядаць вельмі шырокі спектр інжынерных прафесій. Адным з напрамкаў мы з калегамі выбралі праектную дзейнасць — мадэляванне, канструяванне, у цэлым стварэнне інжынерных праектаў. Яшчэ адна фішка ў тым, што для мяне цікавая тэматыка, якая аб’ядноўвае фізіку з жыццядзейнасцю чалавека. Хто мы ў прыродзе? Існаванне арганізма як біялагічнага аб’екта непарыўна з’яднана з механікай. У свой час я займалася распрацоўкай гэтай тэмы, быў нават факультатыў з грыфам Мінадукацыі “Чалавек і яго здароўе як аб’ект фізічнага пазнання”. З загадчыкам кафедры агульнай фізікі БДУ Анатолем Слабадзенюком у нас нядаўна была перавыдадзена кніга для навучэнцаў “Фізіка чалавека”.

— Гэты напрамак знайшоў адлюстраванне ў вашай праектнай дзейнасці ў школе?

— Першыя нашы праекты, якія мы пачалі ажыццяўляць з дзецьмі ў Кіраўскай школе, былі звязаны з фізікай чалавека. Напрыклад, гэта была распрацоўка мадэлі для вывучэння гемадынамікі. Трубы, водаправодныя трайнікі — што толькі не ішло ў ход! Мы вывучалі, якім чынам у нас цыркулюе кроў. У гэтым плане шырокая інтэрпрэтацыя фізікі, у тым ліку ў праекцыі на інжынерныя прафесіі, вылілася ў тое, што наша работа заваявала дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе пад эгідай НАН Беларусі, прысвечаным Году міру і стварэння, прычым у намінацыі “Медыцынская навука — лю­дзям”. Аднак жа пры стварэнні макета дзеці ярка праявілі інжынерную кемлівасць. Безумоўна, для іх гэта стала сур’ёзнай матывацыяй задумацца пра выбар інжынернай прафесіі. З вучнямі інжынернага класа мы канструюем розныя тэхнічныя прылады, хаця інжынерныя ідэі яны прапаноўваюць у распрацоўцы праектаў па розных прадметах. Скажам, па астраноміі спатрэбілася абсталяванне для правядзення эксперымента — вось і прыдумалі, што зрабіць, каб шарык з вышыні другога паверха падаў у патрэбнае месца. Усё гэта і ёсць інжынерныя навыкі. Да таго ж у вучняў фарміруюцца ўменні работы ў камандзе і прэзентацыі вынікаў даследавання, лідарскія якасці.

Універсальныя напрамкі

— Сёлета, наколькі мне вядома, вашы вучні замахну­ліся на праект гідраэлектра­станцыі.

— Так, распрацавалі праект “МікраГЭС сваімі рукамі, або Выкарыстанне малых гідрарэсурсаў для вытворчасці электраэнергіі ў крокавай даступнасці”. Мы з ім далучыліся да “Энергамарафону-2025” у намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў”. Дзеючы эксперыментальны макет дазваляе выкарыстоўваць для вырабу электрычнасці ваду з любых вадасцёкавых труб. Важны аспект: канструкцыя — з другас­най сыравіны, прасцей кажучы, з адходаў, утылізацыя якіх патрабуе фінансавых выдаткаў. Мадэль вырабляе энергію, што зараджае акумулятар. Плюс вучні з дэталей старога камп’ютара сабралі інвертар, каб пераўтвараць пастаянны ток у пераменны — можна падключыць тую ж электрычную лямпачку. Цікавы атрымаўся праект, з нестандартнымі інжынернымі рашэннямі. Праектнай дзейнасцю мы займаемся з вучнямі розных узростаў. Напрыклад, васьмікласнік Дзяніс Гірвель сёлета стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу НАН Беларусі, яго праект адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Хімія і прыродакарыстанне”.

— Дзе тут фізіка?

— Фізіка, інжынерыя — універсальныя напрамкі. Яны па­ўсюдна: у нас і вакол нас. І гэта неабходная частка функцыянальнай дасведчанасці. Дзяніс даследаваў уплыў сінтэтычных гелепадобных мыйных сродкаў на паверхневае нацяжэнне вады, вызначаў мінімальную іх колька­сць, каб не дапускаць перарасходу і разам з тым якасна памыць посуд. Таксама з групай вучняў мы нядаўна падрыхтавалі праект па фільтрацыі вадкасці, у аснове якога — гідрагеалогія. А вяртаючыся да праекта па гемадынаміцы, адзначу, што падчас паездкі на абарону ад кагосьці прагучала прапанова наведаць у сталіцы папулярную сетку фаст-фуду. Вы б бачылі, з якім абурэннем астатнія раскрытыкавалі ідэю: “З’есці бургер, каб набыць адкладанні халестэрыну? Сумніўнае задавальненне, мы супраць!” Для дзяцей праектная дзейнасць — практычная доказная база ў тым ліку навыкаў здаровага ладу жыцця. Яны не атрымалі гатовую інфармацыю, а самі разабраліся, што і па якой прычыне адбываецца ў арганізме. І зрабілі высновы.

У рэжыме “Энергамарафону”

— Чаму вы выбралі настаў­ніцкі шлях?

— Як раней сказала, я дачка і жонка ваеннага. Вырасла ў гарнізонах, дзе хлопцы з блізкага акружэння ў пераважнай большасці станавіліся афіцэрамі, а дзяўчаты — настаўніцамі. Не помню, каб вагалася ў выбары прафесіі, бо мэтанакіравана нацэ­лілася на педагогіку. Дастаткова праблемным быў выбар спецыяль­насці — паміж філалогіяй і дакладнымі навукамі. Перамагла матэматыка. Я скончыла педагагічны інстытут імя С.М.Кірава ў Віцебску (сёння ВДУ імя П.М.Машэрава), але працавала нядоўга. Мужа накіравалі ў замежную камандзіроўку, таму фактычна ў прафесію я прыйшла значна пазней. Затое магу параўнаць: адразу пасля інстытута я прыйшла ў школу з ведамі, а праз пяць гадоў нешта падзабылася, аднак набыла жыццёвы вопыт. Хачу сказаць, што гэты рэсурс адыграў немалую ролю ў маім прафесійным станаўленні. А яшчэ мяне заўсёды прываблівала метадычная дзейнасць. Займалася і займаюся ёй з задавальненнем на розных пасадах — настаўніцы, метадыс­та, намесніка дырэктара. Пры гэтым ніколі не перапыняла выкладанне прадмета.

— Колькі гадоў працуеце на Віцебшчыне?

— Больш за 21 год. Пасля пераезду з Амурскай вобласці, дзе дастаткова доўга была загадчыцай раённага метадычнага кабінета, адразу прыйшла ў ВАІРА на пасаду метадыста па фізіцы і паралельна ў сярэднюю школу № 12 (сёння носіць імя Л.М.Філіпенкі), дзе адпрацавала 12 гадоў — такое вось супадзенне. Сярод маіх вучняў былі пераможцы абласнога і заключнага этапаў Рэспуб­ліканскай алімпіяды па фізіцы. Для мяне як фізіка з лірыкай непадзельныя, так і вучэбна-выхаваўчы складнік з метадычным, тэорыя выкладання з практыкай. Цяпер я поўнасцю перайшла на настаўніцкую работу.

— Вы стаялі ля вытокаў рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”…

— Можна сказаць, што я жыву ў рэжыме “Энергамарафону”. Мы з невялікай творчай групай калег прыдумалі абласны праект, які потым вырас у рэспуб­ліканскі. Разам з партнёрамі з абласнога ўпраўлення Дэпартамента па энергаэфектыўнасці распрацавалі палажэнне, намінацыі. Я ўваходзіла ў склад абласнога і рэспубліканскага журы, мой вучань сёлета ўдзельнічае ў конкурсе. У перыяд работы ў ВАІРА абсалютна новым для мяне ўчасткам работы стала гаспадарча-разліковая дзейнасць інстытута, якую пачынаў якраз наш аддзел. У маю сферу адказнасці таксама ўваходзіла духоўна-маральнае выхаванне, супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Наша вобласць дагэтуль з’яўляецца лідарам у рэспубліцы па азначаным напрамку.

Камандная работа

— Што лічыце сваімі самымі значнымі прафесійнымі дасягненнямі?

— У маёй сістэме каардынат дасягненні педагога найперш вызначаюцца не ўзнагародамі ці асабістымі перамогамі ў конкурсах. Моманты прыемныя, але не гэта галоўнае. Для мяне намнога важней, калі поспеху дасягаюць нас­таўнікі, з якімі ты працуеш, якім дапамагаеш, і, канечне ж, вучні. Помню сваю настаўніцкую радасць, калі мой вучань Аляксей Мілінскі ў 39 гадоў стаў доктарам фізіка-матэматычных навук. Ён працуе ў Благавешчанскім пед­універсітэце на кафедры фізікі. У падобных выпадках педагог ра­зумее, што не ён адзін выхаваў прафесара — тут камандная работа. Аднак закладзенае нас­таўнікам у школе — яе аснова, і ўсведамленне гэтага грэе душу. Або прывяду прыклад з нашага “Энергамарафону”. Першым яго ўдзельнікам ад Віцебскай вобласці ў намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў” быў мой вучань Віталь Хоцькін. Ён прадставіў работу аб датчыках уключэння электрычнасці, якія рэагуюць на рух. Тады гэта было ў навінку, цяпер жа падобны метад энергазберажэння сустракаецца на кожным кроку. Наша даследчая і праектная дзейнасць дапамагла Віталю вызначыцца ў выбары прафесіі: пасля заканчэння ўніверсітэта ён працуе ў Дзяржкамітэце па стандартызацыі Рэс­публікі Беларусь, у структуру якога ўваходзіць Дэпартамент па энергаэфектыўнасці. Такіх прыкладаў многа. У школьным жыцці рознае здараецца. Часам вучні засмучаюць, аднак часцей радуюць. У памяці застаецца лепшае.

Калі дзякуючы табе вучань раскрывае свае здольнасці, гэта прыемна. Калі адчуваеш, што чалавек, за лёс якога ты адказны, расце і раз за разам свядома імкнецца прыўзняцца над сабой, — радасна і ганарова. Дзеля гэтагаі варта быць настаўнікам.

— У вас застаецца час на хобі?

— Усёй сям’ёй мы любім эксперыменты… кулінарныя. Гэта наша смачнае захапленне!

— А што за прафесійным даляглядам?

— У калектыве Кіраўскай сярэдняй школы я чацвёрты год. Мы з вучнямі і калегамі, па маім меркаванні, дастаткова эфектыўна працуем. Кіраўніцтва ўстановы адукацыі забяспечвае спрыяльныя ўмовы для росту, матэрыяльна-тэхнічная база дастойная. Мы дружна нацэлены на развіццё.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара