Даць вучням не толькі музычную адукацыю, але і навучыць разважаць, закрануць унутраны свет — задачы, якія ставіць перад сабой настаўніца музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко Святлана Адамчук, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Рэчы, якія матывуюць дзяцей
- Асоба настаўніка. Калі педагог заходзіць у клас, дзеці звяртаюць увагу на яго знешні выгляд, паводзіны, голас, жэсты, інтанацыю. Таму важна зацікавіць і здзівіць вучняў. Мяне як настаўніка музыкі школьнікі ацэньваюць у тым ліку па тым, як я валодаю музычнымі інструментамі — іграю на баяне, фартэпіяна, дудачцы, укулеле. Ім падабаецца, што я дапамагаю ім убачыць незвычайнае ў звычайных прадметах. Напрыклад, разам з дзецьмі мы ствараем сапраўдныя аркестры, у якіх гучаць фанцікі, аркушы паперы, аднаразовыя шкляначкі.
- Прыгожы музычны твор. Цікавасць да яго можа стаць штуршком да таго, каб дзіця і далей займалася музыкай. Я сама вельмі люблю класічныя кампазіцыі, у прыватнасці Рахманінава, Шапэна, Грыга. На ўроках увесь час гучаць творы вялікіх кампазітараў. Пераконваю дзяцей, што заняткі музыкай робяць нас універсаламі, якія не баяцца шматзадачнасці. Каб іграць на інструменце, неабходна ўмець чытаць ноты, прыслухоўвацца да мелодыі, якая атрымліваецца, думаць, што будзе далей. Калі спяваеш, вучышся правільна дыхаць. Усе гэтыя навыкі патрэбны не толькі спевакам, але і дыктарам, яны дазваляюць удасканальваць маўленне. Музыка ўзбагачае ў эмацыянальным плане, развівае здольнасць больш тонка адчуваць суразмоўнікаў. Таму лічу, што музычная адукацыя патрэбна кожнаму чалавеку.
- Гісторыі з жыцця знакамітых людзей. На ўроках музыкі дзеці не толькі маюць магчымасць спяваць. Гэта не самае галоўнае. Ёсць на нашых занятках вельмі важны аспект — выхаваўчы. І ствараецца ён дзякуючы гісторыям з жыцця кампазітараў, выканаўцаў, якія расказваю вучням. Напрыклад, у 2 класе мы спяваем з навучэнцамі песню “Перапёлачка”, і я расказваю ім дзіўную гісторыю пра нашу оперную спявачку Ларысу Александроўскую, якая аднойчы выконвала гэтую кампазіцію на сцэне, а потым да яе падышоў лётчык і падзякаваў, бо менавіта “Перапёлачка” выратавала яму жыццё падчас вайны. Яго самалёт падбілі, але ён успомніў словы песні і, спяваючы іх, змог даляцець да аэрадрома. Такія гісторыі вельмі эмацыянальна ўздзейнічаюць на школьнікаў і западаюць ім у сэрца і памяць.
- Новыя методыкі. Я заўсёды знаходжуся ў пошуку методык, якія б дапамагалі зрабіць урокі цікавымі, карыснымі. Доўгі час выкарыстоўвала праблемныя і эўрыстычныя падыходы. Зараз перайшла да актыўнай ацэнкі. Гэта цудоўная стратэгія, якая дазваляе падштурхнуць дзяцей самім ставіць мэты чарговага ўрока, прааналізаваць сваю работу і ацаніць яе. Я заўважыла: вучні пачалі працаваць па-іншаму, яны не баяцца падымаць руку, выказваць свае меркаванні, ніхто не застаецца ўбаку. Яны вучацца думаць і самастойна спасцігаць веды. Гэта вельмі важна.
Мы іграем з вучнямі на фанціках, шкляначках, разам сачыняем мелодыі, вучымся адрозніваць музыку па настроі, характары, знаёмімся з такімі важнымі паняццямі, як дынаміка, тэмп, рытм, інтанацыя, песеннасць, танцавальнасць, адпраўляемся ў падарожжа па краінах, каб паслухаць музыку розных народаў свету.
Навыкі, набытыя падчас работы
- Не баяцца непасрэднасці. Дзеткі ў пачатковай школе асаблівыя — шчырыя, у чымсьці наіўныя і вельмі непасрэдныя. І міжволі побач з імі становішся сам больш адкрытым. Заўважыла, калі на педсавеце збіраецца калектыў гімназіі, настаўнікаў малодшых класаў і музыкі відаць адразу па іх вачах, у якіх свеціцца тая самая непасрэднасць.
- Аналізаваць эмоцыі. Я вельмі эмацыянальны чалавек. Але вопыт паказвае, што эмацыянальнасць падчас урока можа саслужыць не лепшую службу. Таму вучуся стрыманасці і цярплівасці. Спадзяюся, у мяне атрымліваецца. (Усміхаецца.)
- Скрупулёзна да ўсяго адносіцца. Вучні пачатковай школы валодаюць вялікай цікаўнасцю, і калі на ўроку выкарыстоўваю тэрмін ці новае незразумелае слова, дзеці абавязкова звернуць увагу на яго. Таму імкнуся прадугледзець такія моманты, каб быць гатовай адказаць на ўсе ўдакладняючыя пытанні.
- Планаваць свой час. Пад рукой заўсёды штодзённік. Ён захавальнік маіх урокаў і майго жыцця. І калі забываю свайго памочніка дома, мне яго вельмі не хапае. Нібыта ён мой падмурак. У ім канспекты ўрокаў, цікавыя ідэі і цытаты. На яго старонках адзначаю, што павінна зрабіць сёння, што ўжо выканала, а што не паспела і неабходна перанесці. Гэта дапамагае мне помніць усё і будаваць сваё жыццё так, каб хапала часу не толькі на вучняў, але і на ўласнае жыццё.
Святлана Міхайлаўна Адамчук — настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі. У 2020 годзе стала чалавекам года Гродзеншчыны і суперфіналісткай конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.
Рэчы, якія дапамагаюць рэалізавацца
- Любоў да таго, чым займаешся. Я люблю вучыць дзяцей і імкнуся рабіць гэта цікава. Я з дзяцінства займалася музыкай, таму прафесію адпаведную выбрала. Гэта справа ўсяго майго жыцця. Атрымала адукацыю ў педагагічным вучылішчы. Маім куратарам была Наталля Аляксандраўна Ваўковіч, цяпер дырэктар Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Выкладалі педагогі з вялікай літары Вера Іванаўна Ярошына, Таццяна Васільеўна Перасадзька, Тамара Іосіфаўна Агароднікава, Адам Сідаравіч Чопчыц, Надзея Іванаўна Бракала. Удзячна ім бязмерна.
- Падтрымка маёй сям’і. Дзякуй ёй за разуменне, калі выхадныя дні і вольны час я прысвячаю прафесіі. І, канечне, усе мае пачынанні, імкненні і жаданні правесці адкрыты ўрок, выехаць на майстар-класы здзяйсняюцца дзякуючы падтрымцы адміністрацыі і класных кіраўнікоў нашай установы адукацыі.
- Метадычная дзейнасць. Даю ўрокі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, часта сустракаюся з педагогамі, якія вядуць факультатывы музычнай накіраванасці, праводзім разам выязныя семінары. Гэтым летам прачытала словы, якія належаць аднаму брытанскаму педагогу: “Для настаўнікаў, якія не дзеляцца з калегамі сваімі ведамі, у пекле будзе асаблівае месца!”. Успрыняла гэты выраз як кіраўніцтва да дзеяння. (Усміхаецца.)
Музыка вучыць задзейнічаць у працы не толькі галаву, але і душу.
Самыя яркія моманты ў педагагічнай дзейнасці
- Першага верасня. Кожны год чакаю гэты дзень з трапятаннем у сэрцы, хочацца хутчэй убачыць, як падраслі і змяніліся мае вучні.
- Мой першы працоўны дзень. Я вельмі хвалявалася, як пройдзе ўрок, і чамусьці замкнулася ў кабінеце на ключ. А калі празвінеў званок на ўрок, не змагла адчыніць кабінет, каб запусціць дзяцей, — замок закапрызіў. Прыйшлося праз акно кідаць ключ, каб мяне вызвалілі.
- Нестандартныя заняткі. У 4 класе некалькі гадоў назад мы праводзілі чайную цырымонію, падчас якой вывучалі традыцыі і культуру Японіі. А калі знаёміліся з мастацтвам Старажытнага Егіпта і разглядалі тэму муміфікавання, прыйшлося ў хуткім часе папаўняць запасы туалетнай паперы. (Смяецца.)
- Адкрытыя ўрокі. Вельмі іх люблю. Па-першае, вучні на такіх занятках нечакана раскрываюцца. І звычайна гэта тычыцца тых, хто ціхенька сядзіць на звычайных уроках. Па-другое, мне падабаецца выступаць. У свой час пела ў складзе хору, выступала з аркестрам на сцэне. Таму з задавальненнем бяру ў рукі свой любімы інструмент — баян, каб акампаніраваць дзецям і самой спяваць на адкрытых уроках.
- Конкурсы. Я заўсёды ўдзельнічала ў розных творчых і прафесійных спаборніцтвах, пераканана, яны даюць выдатны штуршок для росту, пашыраюць кругагляд, дазваляюць убачыць сябе збоку і папоўніць сваю скарбонку ідэй. Такі вопыт добра ўплывае на далейшую работу. Калі вучылася на 4 курсе вучылішча, прыняла ўдзел у конкурсе “Лепшы па прафесіі”, заняла 2-е месца сярод навучэнцаў педагагічных вучылішчаў краіны і затым без экзаменаў паступіла ў БДПУ на завочнае аддзяленне. У конкурсе “Настаўнік года” ўпершыню паспрабавала свае сілы ў 2005 годзе, другі раз дайшла да абласнога этапу. А тры гады назад стала суперфіналісткай. Гэтая перамога мяне акрыляе і натхняе і сёння. Прафесійны поспех паўплываў на маю самаацэнку, а самае галоўнае, я зразумела, што ў мянё ёсць дастатковы патэнцыял, які я імкнуся раскрыць. Ганаруся тым, што з’яўляюся ўдзельніцай клуба “Крыштальны журавель”. Педагогі, якіх ён аб’ядноўвае, — настаўнікі з вялікай літары, на якіх хочацца раўняцца.
Марына ЖДАНАВА